Як сачыць за сваім здароўем?

З якой рэгулярнасцю і якія даследаванні трэба рабіць, каб упэўніцца, што твой арганізм не падточвае цішком нейкая хвароба? Да якіх лекараў лепш заходзіць больш-менш рэгулярна, каб потым нечакана не завітаць на машынцы 103? Зрабілі мануал пра тое, як сачыць за сваёй тушкай.

 

Тэрапеўт

  Ідзеш найперш да яго з усімі сваімі скаргамі і падазрэннямі.

  З тэрапеўтам заведзена тусіць двойчы: першы раз завітваеш да яго, каб ён памераў ціск, палічыў індэкс масы цела і выдаў стос накіраванняў на аналізы; у другі – каб ён расшыфраваў усё тое, што там атрымалася.

  Па выніках аналізаў тэрапеўт скіруе цябе да вузкіх спецыялістаў, калі нешта будзе выбівацца са звычайнай і тваёй індывідуальнай нормы.

  У тэрапеўта можна атрымаць накіраванне на аналіз на гармоны, калі цябе турбуе, як пажывае твая шчытападобка, і атрымаць талончык да эндакрынолага. Да неўролага, кардыёлага, гастраэнтэролага, хірурга, практолага талончыкі таксама можна атрымаць тут пасля таго, як тэрапеўт суаднясе твае скаргі на дыскамфорт і боль у розных месцах з аналізамі.

 

Стаматолаг

  Рэкамендаваная рэгулярнасць – раз на паўгода. Прафесійную чыстку зубоў рэкамендуецца рабіць раз у год-два (залежыць ад стану твайго рота).

  Не прапускай візіты да стаматолага, каб даведацца, што ў цябе з зубамі ды дзяснамі, бо рэальнасць такая, што элементарны карыес развіваецца доўга і бязбольна, а лекаваць пульпіт – гэта пекла.

  Калі ты выспеў(-ла), каб выправіць прыкус і зрабіць зубы роўнымі, то накіроўвайся адразу да стаматолага-артадонта.

 

Гінеколаг

  Уладальніцам вагіны рэкамендуецца дабірацца да гэтага лекара пасля змены палавога(-ой) партнёра(-кі) або раз на год, калі яны не мяняюцца.

  Тут цябе чакае агляд і мазок на інфекцыі. Калі спатрэбіцца, доктар дадаткова накіруе цябе на ультрагукавое даследаванне.

  Жанчынам пасля 35 гадоў трэба таксама абследавацца на выяўленне злаякасных утварэнняў, правяраць органы малога таза пры дапамозе ультрагуку, рабіць даследаванне шыйкі маткі.

  І яшчэ: усім дарослым жанчынам трэба раз у месяц – на другім тыдні менструальнага цыклу – самаабследаваць грудзі. Калі намацаеш зацвярдзенне – звярніся да мамолага, каб выключыць верагоднасць узнікнення пухліны.

 

Уролаг

  Уролаг займаецца не толькі рэпрадуктыўным здароўем, але і хваробамі бруляплоцевай сістэмы.

  Каб прадухіліць развіццё рака прастаты, мужчынам за 40 трэба праходзіць ультрагукавое даследаванне падкарэннічнай залозы і здаваць кроў з вены мінімум адзін раз у год.

 

Афтальмолаг

Рэкамендаваная рэгулярнасць – раз у год.

Спец па вачах не толькі затэсціць вастрыню зроку, каб паставіць новае шкло ў акуляры або сказаць, якія лінзы лепш, але і паглядзіць, што ў цябе з вочным дном і ўзроўнем вочнага ціску. Калі там будзе нешта не тое, то атрымаеш талончык да неўролага ці яшчэ дадаткова пастасуешся з афтальмолагам.

Май на ўвазе, што ў некаторых праблем з вачыма сімптомаў можа і не быць.

 

Отарыналарынголаг

Рэкамендаваная рэгулярнасць – раз у год.

ЛОР не толькі дыягнастуе і лечыць захворванні вуха, гартані, глоткі, носа, даданых пазух носа, але і займаецца парушэннямі слыху і паталогіяй вестыбулярнага апарату, захворваннямі галасавых звязак і стратай голасу і лячэннем храпу.

Трывожныя званочкі: вечны насмарк, звон або шум у вушах, частыя болі ў горле, кашаль, што не праходзіць месяцамі, сіпата, змена тэмбру голасу.

 

Аналізы і абследаванні, якія варта рабіць кожны год

  Агульны аналіз крыві дапаможа вызначыць, ці няма недахопу жалеза (узровень гемаглабіну) і ці няма запалення (узровень СОЭ).

  Агульны аналіз мачы дазволіць ацаніць стан бруляплоцевай сістэмы.

  Аналізы крыві на гепатыты В і С, а таксама хуткі тэст на ВІЧ дазволяць быць спакойным за сябе і сваіх партнёраў.

  Аналіз крыві на гармоны трэба здаць, калі хочаш праверыць шчытападобку.

  Аналіз крыві на глюкозу пакажа, ці парадак з цукрам у тваёй крыві.

  Флюараграфія дазволіць выявіць рак лёгкіх, пухліну ці міжсценне.

  ЭКГ дапаможа зразумець, як працуе тваё сэрца.

 

P.S. Без рэкамендацыі лекара няма вострай патрэбы рабіць ультрагукавыя даследаванні, МРТ, а таксама аналізы на анкамаркеры.

Iлюстрацыя by Sheeborshee