Як паводзіць сябе пры ператрусе?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 21.08.2018
- 12195
Гэта можа здарыцца з кожным(-ай). Аднойчы раніцай ты выяўляеш, што ў тваё жыллё хочуць увайсці ветлівыя людзі, каб пакапацца ў тваіх рэчах. Мы пагаварылі з праваабаронцамі і падрыхтавалі памятку на выпадак ператрусу. Прачытай і падзяліся з блізкімі!
Ператрус – гэта «прымусовы агляд аб'ектаў з мэтай выяўлення доказаў крымінальнай справы». Кажучы прасцей, твой дазвол на правядзенне ператрусу не патрабуецца. Падставы для ператрусу – крымінальная справа, па якой ты праходзіш абвінавачаным, падазраваным ці магчымым сведкам (напрыклад, калі жывеш разам з падазраваным), і здагадка, што ў цябе могуць знаходзіцца «рэчы, важныя для следства». Калі што, у артыкуле 210 КПК прыведзены парадак правядзення ператрусу і вымання.
Пастанова аб правядзенні ператрусу, санкцыянаваная пракурорам або яго намеснікам альбо старшынёй Следчага камітэта або старшынёй КДБ. Звярні ўвагу на наяўнасць гербавай пячаткі на бланку пастановы. Пастанову табе павінны прад'явіць да правядзення ператрусу, пажадана яшчэ да ўваходу ў памяшканне.
У выключных выпадках вобыск можа праводзіцца без санкцыі пракурора, але ў наступныя 24 гадзіны пракурор павінен быць апавешчаны аб праведзеным ператрусе. Пад выключнымі ўмовамі маецца на ўвазе асцярога, што падазраваны можа схавацца альбо «аб'екты, якія падлягаюць канфіскацыі, могуць быць згубленыя, пашкоджаныя або выкарыстаныя ў злачынных мэтах».
Падчас ператрусу павінен прысутнічаць паўналетні, які пражывае ў памяшканні. Калі гэта немагчыма – ператрус можна праводзіць у прысутнасці прадстаўнікоў ЖЭСа або мясцовага выканкама. Зрэшты, нават калі ўсіх гэтых рабят няма, ператрус усё адно можа праводзіцца (праўда, следчаму трэба будзе потым растлумачыць, што ён не знайшоў нікога з «вышэйпералічаных асоб»).
А што пра панятых? Колькі іх павінна быць і хто можа імі быць?
Як паказвае практыка, следчая брыгада пачынае працу адразу ва ўсіх пакоях кватэры і, адпаведна, усе задзейнічаныя ў ператрусе павінны быць падкантрольныя. Гэта значыць, што панятых павінна быць як мага больш, і абавязкова – не менш за два чалавекі, каб яны фіксавалі ўсё, што робяць супрацоўнікі органаў.
Праводзіць ператрус бескантрольна забаронена. Калі следчыя знаходзяць нешта не пры панятых, то гэта – доказ, здабыты з парушэннем закона, і, адпаведна, законнай сілы ў судзе не мае.
Панятыя маюць права дадаваць заўвагі па ходзе следчых дзеянняў і знаёміцца з пратаколам. Фота- і відэаздымка ператрусу магчымая толькі з дазволу следчага.
Праваабаронцы раяць пасябраваць з суседзямі – як бы гэта дзіка ні гучала, менавіта яны твае патэнцыйныя панятыя. І так, ты маеш права патрабаваць уключэння сваіх панятых падчас ператрусу. Калі табе адмаўляюць у прыцягненні сваіх знаёмых у якасці панятых – дадавай гэта ў пратакол.
Што павінен рабіць следчы?
Да пачатку ператрусу следчы павінен прапанаваць добраахвотна выдаць прадметы, якія маюць значэнне для крымінальнай справы. Калі раптам следчы забыўся гэта сказаць, то варта самому(-ой) зрабіць заяву пад пратакол, які павінен пачаць складацца яшчэ да пачатку ператрусу.
Калі следчы раптам забыўся і пачаў складаць пратакол, то трэба яму нагадаць аб гэтым абавязку і ўжо тады зрабіць першую заяву: «Заяўляю, што ў мяне ў кватэры няма ні наркотыкаў, ні боепрыпасаў, ні зброі». Калі раптам ёсць, то лепш адразу аддаць усё. У гэтай сітуацыі лепш перастарацца, чым наадварот. Заяві, што ў цябе на кухні маюцца нажы, і ты не ведаеш, ці падпадаюць яны пад катэгорыю халоднай зброі і ці падлягаюць канфіскацыі. Хай разбіраюцца, твая задача – зафіксаваць усё гэта ў пратаколе ператрусу.
Следчы або дазнаўца кіруюць ператрусам. Яны маюць права забараніць асобам, якія знаходзяцца ў памяшканні, мець зносіны адно з адным, тэлефанаваць ці пакідаць памяшканне. Патэлефанаваць можна да правядзення ператрусу, перш чым адчыніць дзверы.
Рэчы, якія падлягаюць канфіскацыі, павінны быць прадстаўлены для агляду ўсім удзельнікам працэсу. Потым яны пакуюцца, апячатваюцца і падпісваюцца ўсімі ўдзельнікамі ператрусу.
Што трэба ўносіць у пратакол?
Помні пра тое, што пратакол табе дадуць на подпіс. А гэта значыць, што ў цябе будзе ручка і дакумент у руках. Ты маеш поўнае права ўнесці ў яго свае заўвагі і дапаўненні альбо патрабаваць iх унясення следчым.
У пратакол павінны быць унесеныя iмёны ўсіх прысутных пры вобшуку.
Уважліва прачытай пратакол і не пакідай у ім пустых радкоў. Ва ўсіх пустых месцах пастаў прочыркі, каб не было магчымасці нешта дапісаць у пратакол пазней.
Калі ты адмаўляешся падпісваць пратакол, табе павінны даць магчымасць растлумачыць прычыну адмовы (з занясеннем яе ў пратакол).
Звярні ўвагу на адпаведнасць паказанага ў пратаколе часу ператрусу рэальнаму часу яго правядзення.
Калі ў цябе адбіраюць камп’ютар, жорсткі дыск, тэлефон ці іншую тэхніку – у тваіх жа інтарэсах як мага больш падрабязна апісаць іх у пратаколе выемкі. Серыйны нумар, колер, стан корпуса, камплектнасць – усё, што толькі можна. Інакш можа стацца, што потым табе вернуць замест новенькага апарата стары кнопкавы тэлефон таго ж брэнда.
Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу праваабаронцам Сяргею Усцінаву («Прававая ініцыятыва») і Андрэю Стрыжаку («Вясна»).
Iлюстрацыя by Sheeborshee