Псіхалагічны бум: чаму попыт на паслугі псіхатэрапеўтаў расце і як адшукаць «свайго» спецыяліста?

  • 25.03.2025
  • Аўтар: 34mag
  • 600

Ёсць адчуванне, нібыта колькасць псіхолагаў расце з кожным днём – магчыма, нават хтосьці з тваіх сяброў перавучыўся, каб прапанаваць свае псіхалагічныя паслугі. Цудоўна, што ёсць з каго выбіраць, але як не памыліцца ў гэтым выбары? Ці праўда, што чым вышэйшы цэннік – тым лепшы адмысловец? Ці бывае карысць ад бясплатных сеансаў? Дзе шукаць «свайго» псіхолага? Што кажа пра кваліфікацыю інстаграм спецыяліста? А ёсць шанец дапамагчы сабе самастойна? Задалі гэтыя надзённыя пытанні псіхатэрапеўтцы і коўчыні Агніі Лойцы.

 

1 / Чаму цяпер так шмат псіхолагаў і дзе яны ўсе былі раней?


– Мяркую, што сышлася куча фактараў. Па-першае, вырасла новае пакаленне. Міленіялы на постсавецкай прасторы сталі першымі, хто дастаткова масава звяртаецца па псіхалагічную дапамогу і не лічыць гэта ганебным. А зумеры, якія ідуць следам, наогул лічаць псіхатэрапію ледзь не абавязковай часткай штодзённасці (з чым я не зусім згодная).

Міленіялы ў нашых краях даведаліся пра існаванне псіхатэрапіі праз фільмы і серыялы накшталт «Як я сустрэў вашу маму», «Сэкс у вялікім горадзе» ці «Клан Сапрана» (у апошнім галоўны герой трэць экраннага часу праводзіць у кабінеце псіхааналітыка). Дзякуючы масавай культуры сам канцэпт «звяртацца да псіхатэрапеўта» паступова перайшоў ад стыгмы – калі прадстаўнікі старэйшай генерацыі баяліся «запісу ў картачцы» ці «раптам на працы даведаюцца» – да нармальнай практыкі. Людзі нават сталі адрозніваць псіхолага, псіхіятра і псіхатэрапеўта.

Па-другое, псіхатэрапія стала дастаткова распаўсюджанай. У пачатку 90-х у Беларусі з’явіліся папулярныя псіхатэрапеўтычныя напрамкі (напрыклад, гештальт-тэрапія), а ў сярэдзіне 2000-х у краіне практыкавала ўжо нямала спецыялістаў, сфарміраваліся прафесійныя супольнасці, праграмы павышэння кваліфікацыі, кафедры ва ўніверсітэтах і гэтак далей. То-бок было каму псіхатэрапію праводзіць.

Па-трэцяе, тэрапія стала больш даступнай. IT-галіна сфармавала ў Беларусі своеасаблівы сярэдні клас, які пасля закрыцця асноўных патрэбаў накшталт кватэры-машыны-падарожжаў задумваецца пра свой псіхалагічны камфорт. Увогуле тыя, хто закрылі базавыя патрэбы, – «страшныя людзі»: яны пачынаюць азірацца па баках і задумвацца, дзе яны жывуць, што ім падабаецца, а што варта памяняць, які ўзровень паслуг і тавараў ім пасуе. Псіхатэрапія трапляе ў гэты спіс умоўнага сярэдняга класа, бо на ўзроўні выжывання патрэба ў псіхалагічным развіцці калі і ёсць, то дастаткова абмежаваная.

Яшчэ адзін фактар, пра які мала кажуць: часта на навучальных праграмах той жа гештальт-тэрапіі вучацца людзі 28–45 гадоў, якія маюць асноўную працу, не звязаную з псіхалогіяй (дарэчы, гэта часта ІТ). Пасля навучання яны могуць весці прыватную практыку паралельна з асноўнай працай, але досыць невялікі адсотак людзей – нават з тых, хто скончылі праграмы, спецыялізацыі і «вышку», – потым цалкам пераходзіць у псіхатэрапію. Чыннікаў можа быць шмат: і хуткае выгаранне праз працу з людзьмі, і  нестабільнасць прыватнага заробку, і сіндром самазванца, і тое, што выбудаваць практыку бывае няпроста. Дарэчы, уяўленне, быццам псіхатэрапеўты шмат зарабляюць, нярэдка перабольшанае. Ім часта даводзіцца мець яшчэ нейкую крыніцу даходу.

 

2 / Ёсць меркаванне, быццам у тэрапію трэба ўсім і кожнаму(-ай), нібыта гэта зарадка раніцай ці гігіенічныя працэдуры. Колькі ў гэтым праўды?


– Асабіста я думаю, што псіхатэрапія патрэбная не ўсім. І нават тым, каму псіхатэрапія патрэбна цяпер, яна, як правіла, не патрэбна ўсё жыццё – а толькі ў тыя моманты, калі самастойна даць рады складана. Ідэя псіхатэрапіі як штотыднёвай карыснай звычкі пазбаўляе працэс сэнсу, абясцэньвае яго і перакладае з чалавека адказнасць за яго ўласнае жыццё. Насамрэч у розных кірунках псіхатэрапіі з рэгулярным «злівам» усяго, што адбылося за тыдзень (ці адрэагаваннем; таксама выкарыстоўваюць тэрмін sinking, ад ангельскага sink – «чарупіна»), абыходзяцца па-рознаму. Часта гэта проста пачатковы этап тэрапіі – прыкладам, першыя паўгода. Але потым, калі назапашанае напружанне памяншаецца, кліент(-ка), як правіла, падыходзіць да сапраўднага запыту, што трэба вырашыць. Вось тут і пачынаецца працэс, які называецца «псіхатэрапія», – гэта там, дзе магчыма апусканне ў глыбіню.

Гештальт-тэрапія, якую я выкарыстоўваю як аснову для сваёй практыкі, працуе з запытамі кліентаў. У пачатку працы абмяркоўваюцца тэмы, якія кліент(-ка) хоча прапрацаваць у тэрапіі, – напрыклад, адносіны з бацькамі або пытанні самарэалізацыі – і зыходзячы з гэтага будуецца праца. Запыт накшталт «я проста буду хадзіць да вас раз на тыдзень і распавядаць рознае» – не залічваецца. Не буду казаць за ўсіх адмыслоўцаў, але звычайна дзейнічае правіла «няма запыту – няма тэрапіі».

Ну і важна, каб падчас тэрапіі чалавек навучыўся самастойна апрацоўваць свае праблемы – ужо без дапамогі спецыяліста.

 

 

3 / Ці праўда, што бясплатная дапамога няякасная, а дарагая – найлепшая? Ці ёсць карысць ад тэставых сеансаў і папулярных платформ з таннымі паслугамі?


– Карысць можа быць нават ад бясплатных матэрыялаў у інтэрнэце. І калі чалавек здольны вырашыць свой запыт самастойна праз кнігі, анлайн-курсы або ўласны рэсёрч, гэта выдатна і наогул прыкмета здаровай псіхікі. Але часам у гэтым працэсе патрэбная дапамога.

Бясплатная ці танная дапамога бывае вельмі розная. Калі выключыць інфапрадукты (кшталту бясплатных сесій, адзіная мэта якіх – прадаць даражэйшы анлайн-прадукт), то, як правіла, бясплатная псіхалагічная дапамога бывае або дзяржаўная, або ад дабрачынных фондаў. Часта ў такіх арганізацыях працуюць добрыя адмыслоўцы, якія атрымліваюць нармальны заробак і маюць файную кваліфікацыю, – напрыклад, крызісныя псіхолагі ў МНС ці псіхолагі, якія працуюць з ахвярамі хатняга гвалту ў розных фондах. Наконт школьных псіхолагаў ці псіхолагаў на крызісных лініях у мяне энтузіязму меней – трэба разумець, што такія пазіцыі часта займаюць маладыя спецыялісты ці нават студэнты, якія не заўжды атрымліваюць дастаткова грошай, каб развівацца ў прафесіі, падвышаць кваліфікацыю.

Зрэшты, і дарагі спецыяліст не роўна «дапаможа ўсім». Я запісала на YouTube ролік з тлумачэннем, як фармуецца кошт у псіхатэрапіі. Калі сцісла, то кошт гадзіны звычайна складаецца з:

  кваліфікацыі спецыяліста – яго адукацыі, спецыялізацыі, наяўнасці медыцынскай адукацыі і / або навуковых ступеняў, досведу і кваліфікацыі працы з вузкімі запытамі (напрыклад, у сэксалогіі, працы з дзецьмі або падлеткамі, парнай тэрапіі і да т. п.);

  вопыту (у тых, хто практыкуе больш за дзесяць гадоў, кошт звычайна вышэйшы за сярэдні);

  кошту кабінета (калі тэрапія вочная);

  адсотку падаткаў у краіне надавання паслуг;

  адсотку, які забірае платформа-агрэгатар, калі паслугі надаюцца праз яе.

Нават з улікам гэтых фактараў клінічны псіхолаг з дзесяцігадовым стажам працы ў Навінках і інстаграм-дзяўчына, якая не мае профільнай адукацыі, але добра даносіць сэнсы праз свой кантэнт, могуць назваць аднолькавы цэннік. І абое, цалкам верагодна, будуць мець кліентаў, якім могуць дапамагчы на розных узроўнях (хоць верагоднасць таго, што чалавек без адукацыі не дапаможа, а нашкодзіць, – вышэйшая).

 

4 / Як зразумець, што звяртаешся да спецыяліста(-кі), якая заслугоўвае даверу?


– Раю сарафаннае радыё, то-бок спытаць рэкамендацыі ў знаёмых і сяброў, хто ходзяць да псіхолага ці мелі пазітыўны досвед псіхатэрапіі. Сваіх псіхатэрапеўтаў я некалі шукала менавіта такім чынам.

Можна спытаць і ў мясцовай прафесійнай суполцы. Часам гэта групы ў фэйсбуку ці тэлеграме, якія так і называюцца: напрыклад, «Псіхолагі Брэста». Патэнцыйныя кліенты размяшчаюць там свае запыты, псіхолагі – адгукаюцца. Але самы добры варыянт – спытаць рэкамендацыі ў знаёмага псіхолага, які ўваходзіць у прафесійныя супольнасці, каго з калег ён або яна можа рэкамендаваць.

Агрэгатары з профілямі псіхолагаў таксама зручныя для кліентаў, і там можна пачытаць водгукі. Але мне цяжка пазбавіцца ад асацыяцыі з ацэнкамі ў дадатках таксі. Усё ж такі псіхатэрапія – не зусім звычайная паслуга, якую людзі могуць адразу ацаніць адэкватна. Да таго ж этычныя кодэксы шмат якіх кірункаў псіхатэрапіі не падтрымліваюць публікацыю водгукаў кліентаў анлайн, таму тэма далікатная.

Заўсёды можна загугліць імя патэнцыйнага тэрапеўта і праглядзець яго прафесійныя профілі. Калі ёсць прафесійны інстаграм, то ў ім, хутчэй за ўсё, будзе замацаваная інфармацыя пра кваліфікацыю, метады і тэмы запытаў, з якімі ён або яна працуе. І, канешне, ацаніце, ці імпануе вам чалавек на фота. Уявіце: змаглі б вы расказаць яму ці ёй пра вашы праблемы?

Яшчэ адзін важны момант: першая сесія – заўсёды пробная, яна дае і кліенту, і тэрапеўту магчымасць пазнаёміцца, прыгледзецца і вырашыць, ці падыходзяць яны адно аднаму. Першая сесія ні да чаго не абавязвае. Псіхатэрапеўт можа перанакіраваць кліента да сваіх калег ці рэкамендаваць спачатку наведаць псіхіятра. Кліент, са свайго боку, можа вырашыць, што хоча да іншага спецыяліста.

 

 

5 / З’яўляецца ўсё больш людзей, чыя папулярнасць расце менавіта ў інтэрнэце, – яны добрыя спецыялісты ці проста хайп-блогеры? З іншага боку, у шараговых псіхолагаў бываюць інстаграмы як пад капірку: гэта чырвоны сцяжок ці не?


– Думаю, папулярызацыя ўсяго, чаго заўгодна, патрабуе моцнага спрашчэння. Навучпоп не гаворыць мовай, якой напісаны навуковыя працы, а перакладае на зразумелую простаму чалавеку, неспецыялісту. Я люблю глядзець відэа пра квантавую фізіку і тэорыю струн, і дзякуючы фармату да мяне нават нешта даходзіць. Больш за тое, для папулярызацыі трэба яшчэ і прыцягнуць шырокую аўдыторыю, што ўключае прыёмы PR, маркетынгу, SMM. Ну і харызма самога апавядальніка, яго асоба, голас, манера гаварыць, вонкавы выгляд таксама маюць вялікае значэнне. Ці могуць відэа або кнігі папулярызатараў self-help псіхалогіі накшталт Лабкоўскага ці Сцяпанавай дапамагчы людзям лепш зразумець сябе і людзей вакол? Вядома, могуць. Але гэта не псіхатэрапія, а зусім іншы працэс.

Тэма сацсетак цяпер актыўна абмяркоўваецца ў прафсупольнасцях. Раней не было такога вялікага попыту на псіхатэрапію, але не было і такой канкурэнцыі – проста працавала сарафаннае радыё. Новыя ўмовы рынку падштурхоўваюць псіхатэрапеўтаў «праяўляцца» – весці сацсеткі, каб быць заўважнымі. А па энергіі і часе гэта яшчэ адна праца. Мяркую, многія пачалі дэлегаваць гэты абавязак на аўтсорс або выкарыстоўваць шаблоны для пастоў. Мусіць, гэта палягчае працу калег. Я вяду YouTube і Instagram самастойна і таму раблю гэта вельмі нерэгулярна.

Усё ж псіхатэрапеўты не кантэнт-спецыялісты, і наша праца заключаецца зусім у іншым. Аднак кліентам трэба нас, псіхолагаў, неяк знаходзіць. Таму, хочам мы гэтага ці не, «праяўленне» ў сацсетках і неабходнасць даносіць сэнс таго, што мы робім, становіцца часткай нашай працы.

 

Візуал: BoJack Horseman / Netflix