Як штучны інтэлект удасканаліць тваю працу? Парады ШІ-энтузіяста
- 26.12.2024
- 116
Нейрасеткі развіваюцца сямімільнымі крокамі: навучыліся маляваць чалавечыя пальцы і нават досыць прыстойна балакаюць па-беларуску. Ігнорыць прагрэс немагчыма, і калі ты чакаеш знак, каб пачаць актыўна нейрасеткамі карыстацца, то, мажліва, вось ён. Публікуем канспект падкасту, у якім незалежны эксперт у сферы сацсетак, кансультант медыя і НДА, ШІ-энтузіяст Дзяніс Васількоў адказвае на актуальныя пытанні пра ШІ. Як падступіцца да нейрасетак? Колькі гэта каштуе? Як перастрахавацца ад уцечкі дадзеных? Каму належаць аўтарскія правы на кантэнт, згенераваны штучным інтэлектам? І што наконт этычнасці такіх тэхналогій?
З чым можа дапамагчы штучны інтэлект і колькі гэта каштуе?
Штучны інтэлект карысны ва ўсім, на што раней трэба было марнаваць шмат часу і грошай: заяўкі, справаздачы, аналітыка, брэйнштормы, запіс, агучка, распрацоўка адукацыйных модуляў і гэтак далей.
Купляць падпіску на нейкі сэрвіс дзеля адной файнай карцінкі, вядома, не варта. (Гэтаксама, як няма сэнсу падпісвацца на ўвесь пакет Adobe, калі ты карыстаешся дзвюма праграмамі, а ўсё астатняе прастойвае.) Тут трэба глядзець на працоўны флоў канкрэтнага адмыслоўца і на яго патрэбы. Пры гэтым варта трымаць у галаве, што дзе-нідзе ШІ-інструменты можа аплаціць працадаўца.
«Я аплачваю інструменты самастойна, бо мне практычна ўсё трэба. Нядаўна рабіў рэвізію і высветліў, што свае сэрвісы выкарыстоўваю працэнтаў на восемдзесят. Гэта вельмі добра, таму што кожны сэрвіс дае магчымасць мне як мінімум адбіць гэтую падпіску, а як максімум – зарабіць і мець з гэтага ўздым».
Спрабаваць можна ўсё, што кінулася ў вочы. Адзіная праблема – узгадаць, калі заканчваецца трыяльны перыяд, каб своечасова адключыць падпіску, калі сэрвіс табе не спадабаўся. Не ўсе ведаюць, але заходнія кампаніі ахвотна вяртаюць сродкі, калі нешта спісалася выпадкова, нават вялікія грошы. Калі прамаргаеш – пішы ў тэхпадтрымку. Але лепей падстрахавацца і, падпісваючыся на сэрвіс, паставіць недзе напамінку, каб за 2–3 дні да дэдлайну прыйшло паведамленне, што неўзабаве сродкі спішуцца.
Як падступіцца да нейрасетак?
Цяпер самы ідэальны час, каб асвойваць розныя інструменты, бо прынамсі тэкставыя нейрасеткі вельмі крута разжоўваюць самыя складаныя працэсы, нават калі яны датычацца не іх саміх. У таго ж чата GPT можна пытацца, як генераваць карцінкі, як займацца відэа, як наогул да гэтага працэсу правільна падысці, якія пісаць промпты (то-бок запыты).
Таксама нейрасеткі падрабязна падкажуць, як правільна карыстацца ўласна імі. На гэта спатрэбіцца выдаткаваць некалькі вечароў (ці раніц, каму як зручней).
«Мой улюбёны сэрвіс, за якім вельмі прыемна сачыць зараз, – гэта HeyGen. Ты плаціш 40 даляраў – і можаш даволі шмат чаго за гэтыя грошы зрабіць. HeyGen уражвае сваімі фотааватарамі, ён дазваляе генераваць фенаменальна падобных людзей, якія пра нешта апавядаюць. І гэта ўсё вельмі зразумела і вельмі даступна».
ШІ пераймае ад людзей толькі найлепшае?
На пачатку публічнай эпохі ChatGPT з ім можна было даразмаўляцца нават да ультраправых штук, але цяпер усё сур'ёзна зарэгулявана (асабліва калі ты пакідаеш добрыя інструкцыі для чата і сам(-а) навучыў(-ла) яго, як табе адказваць і як прадстаўляць дадзеныя).
Часта, наадварот, можна заўважыць, што нейрасеткі вельмі асцярожнічаюць, даюць дысклеймеры кшталту «тое, як вы кажаце, – няправільна і будзе лічыцца сэксізмам». Ёсць рэчы, якія людзей з грубейшай душэўнай арганізацыяй могуць нават раззлаваць. Але менавіта праз тое, што нейрасеткі навучыліся адфільтроўваць прадузятую каламуту, яны змогуць ствараць усё больш якасныя прадукты.
«Сёння штучны інтэлект можа выдаць сапраўды файны тэкст. Я нядаўна эксперыментаваў з нейтральным тэкстам. Прасіў, каб ён змяніўся або ў правы, або ў левы бок палітычнага спектра. Прасіў перапісаць яго для больш простых і для больш сур'ёзных людзей. Апошняя мадэль GPT выдатна дала гэтаму рады. Проста неверагодна, што яна можа рабіць па-англійску!
У апошніх версіях GPT стала лепей і з беларускай мовай. Я даў яму пачытаць пару старонак рамана “Возеры радасці” Віктара Марціновіча і папрасіў перапісаць частку тэксту ў такім стылі. Атрымалася вельмі-вельмі крута. Сакавітая добрая мова, якую хочацца намазваць на хлеб і запіваць гарбаткай. Раю паспрабаваць завесці асобны чат па-беларуску».
Як засцерагчы свае дадзеныя?
Калі ў цябе ёсць акаўнт у сацсетках ці паштовая скрыня, хоць бы нават на Proton, – ты ўжо ў вялікай рызыцы, бо так ці інакш можна атрымаць доступ да гэтай інфармацыі. Пра нейронныя сеткі важна разумець, што, перакладаючы сенсітыўны ліст у чаце GPT на нейкую экзатычную мову, ты ніколі не ведаеш, дзе гэтыя дадзеныя могуць з’явіцца. Таму аддаваць нейронкам можна толькі тое, што зусім бяспечна: без прозвішчаў, без лічбаў, без явак-пароляў і таму падобнага.
Нейрасеткі, вядома, навучаюцца на тым, што мы ствараем і што нам падабаецца ці не падабаецца. Ад гэтага не сысці. У апошнія гады ў ЗША і ў Еўрасаюзе сталі змагацца за большую персанальную прыватнасць, гэта было датычна рэкламнай сферы. Але Facebook і Google знайшлі рашэнні: цяпер іх нейрасеткі не маюць патрэбы ў тых дадзеных, што збіралі раней, – яны проста аналізуюць наша медыяспажыванне (нават тое, як мы трымаем палец на экране) і дужа крута адаптуюць тое, што нам паказваюць, абапіраючыся на гэтую інфармацыю.
Калі давяраць нейрасетцы аналіз абезаблічанага масіву дадзеных – тыпу прагляды, engagement старонак за паўгода, – у гэтым наўрад ці ёсць рызыка. Калі ж гаворка ідзе пра фінансавую справаздачу, разумней аддаць нейрасетцы бяспечную «рыбу», а потым ужо дапрацоўваць яе афлайн, у нейкай праграме, якая не падлучаная да ніякага воблака.
«Я не да канца давяраю гэтым чорным скрыням. Шмат заяўляюць, што дадзеныя абязлічаныя, але ніхто не дае адкрытага ўяўлення аб тым, як гэта працуе і як захоўваецца. Таму найлепшы спосаб змагацца за бяспеку сваіх дадзеных – не падаваць сенсітыўную інфармацыю.
Нядаўна ChatGPT атрымаў доступ у інтэрнэт, і, умоўна кажучы, які-небудзь хвацкі карыстальнік можа запытаць у яго “што шукаюць гэткія людзі вось там?” – і ChatGPT выдасць са сваіх загашнікаў увесь масіў дадзеных. Я ўтрырую, вядома, але інструмент сапраўды вельмі магутны, туды штодзень пампуюцца трыльёны тэрабайтаў дадзеных, а што з гэтымі дадзенымі далей адбываецца – увогуле незразумела.
Калі нешта дрэннае можа адбыцца, то яно можа адбыцца. Я ўвогуле зыходжу з таго, што яно, хутчэй за ўсё, адбудзецца».
Каму належаць аўтарскія правы?
У кожнай нейрасеткі – свае правілы карыстання. Перш чым друкаваць згенераваную карцінку на кнізе ці майцы, прадаваць нейкія рэчы, трэба азнаёміцца з Terms of Use. Тады непрыемных сюрпрызаў не будзе.
Можна зыходзіць з таго, што ў любым выпадку не варта карыстацца тым, што стварыла нейрасетка, у «неразбаўленым» выглядзе. Лепш узяць ШІ-карцінку і на яе аснове зрабіць калаж, перамаляваць яе, з нечым зміксаваць. Карацей, важна гэта прысвоіць перад тым, як пусціць у свет.
З іншага боку, цяпер, калі тэрмінова патрэбная карцінка-заглушка або нейкі просты тэкст, то гэта вырашаецца хутка. Здымаюцца ўсе пытанні з аплатамі, чаканнем, ліставаннем са спецыялістам(-кай). А заадно – і з аўтарскімі правамі.
Паведамляць пра тое, што пры стварэнні кантэнту быў скарыстаны штучны інтэлект, — трэба. Гэтае правіла добрага тону. Пазнака, што ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай альбо гэты тэкст быў створаны аўтаматычна, успрыманне не пагоршыць. Бо, па вялікім рахунку, людзям важна ўсяго толькі вырашыць сваю задачу. Калі гэтая інфармацыя з тым дапамагае – яе цалкам дастаткова.
На «чалавечнасць» кантэнту людзі глядзяць у апошнюю чаргу. Хіба што калі нехта зверне ўвагу: «Глядзі, у хлопца шэсць пальцаў на руцэ!» або «Неяк дзіўна загаловак чытаецца, што думаеш?» Але нават калі чалавек заўважыць недарэчнае – што з таго? Кантэнту з усіх бакоў ліецца вялізная колькасць. І па «чалавечнасць» людзі пойдуць у іншыя месцы: на рэтрыт, да псіхолага, у царкву, яшчэ куды.
Ці этычна замяняць жывога чалавека машынай?
Нейрасеткі ўпэўнена вымываюць пласт пачаткоўцаў, якія малююць карцінкі ці пішуць тэксты. Але ўпэўненыя мідлы і сеньёры застануцца, бо яны разбіраюцца ў тым, як зрабіць нешта класна ўручную і так, каб у гэтым быў заўважны чалавек.
«Няхай чалавек, які маляваў бы карцінку за 5 ці 10 еўра, лепей пагуляе па парку, натхніцца і зробіць нешта класнае за 150, чым будзе марнаваць час і псаваць зрок. Шмат якія задачы нібы штучна ўскладненыя. Але там, дзе можна зрабіць хутчэй і танней, – мусіць быць зроблена хутчэй і танней.
Я ўпэўнены, што ўсплёск генератыўнага ўсяго, што ёсць цяпер – музыкі, відэа, фота, тэкстаў, – прывядзе да таго, што сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш, бо гэта будзе як кава з аўтамата і кава, звараная барыста. Апошняя смачнейшая не таму, што на яе падыхала дзяўчынка з забітым рукавом, а таму, што была праведзеная сур’ёзная праца. Так і тут.
Калі на вашай працы вас можа замяніць робат – гэта добры сігнал да таго, каб не сядзець роўна, паглядзець па баках, нечаму падвучыцца. Сітуацыя абсалютна не новая: узгадаем, як рабатызаваныя станкі выціснулі працоўных з аўтазаводаў. Вось такі сёння няўтульны час, калі трэба, паўжыцця прабыўшы бухгалтарам, пачаць шукаць іншую працу: можа, рабіць пазногцікі, бо наўрад ці нейрасеткі хуткім часам здолеюць рабіць пазногцікі.
Застаецца вельмі шмат крутых спецыяльнасцей, якім нейросеткі не пагражаюць, а наадварот, спрыяюць таму, каб у гэтых сферах было яшчэ больш адмыслоўцаў. Прадбачу, што ўсе крэатыўныя спецыяльнасці, звязаныя з адпачынкам і забаўкамі, атрымаюць вялікі пуш, бо вялікай колькасці багатых людзей, якія будуць кіраваць гэтымі нейрасеткамі і працаваць з імі, трэба будзе адпачываць. І людзі, якія змогуць закрываць гэтыя патрэбы, будуць вельмі запатрабаваныя.
Мяркую, мы паступова прыйдзем да таго, што будзе істотны падзел на людзей, якім проста лянота і яны не хочуць даведвацца новае (жыццё будзе здавацца ім вельмі складаным і небяспечным, і потым яны абяруць Трампа нумар два), і на людзей, якія будуць увесь час кудысьці соваць нос, будуць ведаць, што дзе можна даведацца, пачуць, прачытаць, паглядзець і дзе адукавацца. І яны будуць зверху “харчовага ланцуга” знаходзіцца».
Нейрасеткі забіваюць планету?
Сёлета СМІ пісалі аб тым, што ChatGPT выдаткоўвае гіганцкія аб’ёмы энергіі: для апрацоўкі 200 мільёнаў запытаў у дзень яму неабходна больш за паўмільёна кВт⋅г энергіі. Для параўнання: сярэднестатыстычная дворагаспадарка ЗША расходуе ў дзень каля 29 кВт⋅ч, то-бок у 17 240 раз менш. Некаторыя актывісты(-кі) лічаць, што пры такім раскладзе карыстацца падобнымі тэхналогіямі неэтычна. Але ці можам мы ад іх цалкам адмовіцца?
«Мне вельмі сумна ад таго, як мы расходуем неаднаўляльныя крыніцы энергіі і як дрэнна ставімся да экалогіі. Але лічу, што пункт незвароту ўжо пройдзены, прычым нават не нашым пакаленнем, а раней. Здаецца, мы вельмі хутка коцімся да вельмі адчувальных кліматычных змен.
Вельмі дрэнна, што марнуецца так шмат энергіі і выкідваецца столькі парніковых газаў, але апроч іншага адбываецца шмат самых жудасных рэчаў, на якія чалавек можа непасрэдна ўплываць. Калі, напрыклад, тыя ж серверы можна засілкаваць ад сонечных батарэй, ад ветру, ад гідраэлектрастанцыі, то гэта акурат тое, што чалавек можа вырашыць.
Я б не сказаў, што мы робім горш, чым ёсць. І так ужо дрэнна».
Паслухаць аўдыяверсію размовы (з дадатковым матэрыялам!) можна на ўсіх папулярных пляцоўках:
YouTube / Apple Podcasts / Spotify
Soundcloud / Castbox / Yandex.Music