Усе дасягненні чалавецтва належаць канкрэтным людзям, якія – хтосьці подзвігам сваёй звычайнай працы, хтосьці звышчалавечым учынкам – штурхаюць статус-кво да лепшага. Мы сабралі гісторыі людзей, якія, нягледзячы на ціск страху і сілы, праяўляюць сябе «халоднай вясной 2017-га» як сапраўдныя героі. Мы ганарымся вамі!
Пётр Маркелаў
Пётр Маркелаў апынуўся ў нашумелым 37-м тралейбусе і застрыміў тое, што ў ім адбывалася 15 сакавіка пасля акцыі пратэсту. Гэты відос брутальнага затрымання анархістаў і іншых пасажыраў бачылі, напэўна, усе. Стрым набраў ужо амаль 100 тысяч праглядаў, але каштаваў Пятру 12 сутак. Сам ён паглядзеў відэа першы раз толькі пасля вызвалення.
Ніна Багінская
Напярэдадні Дня Волі 69-гадовая актывістка Ніна Багінская выйшла з адзіночным пікетам да будынка КДБ. Яна заклікала вызваліць раней затрыманых. Хутка пад’ехаў вядомы сіні мікрааўтобус і затрымаў яе саму. Блогер Антон Матолька зафіксаваў драматургію падзей.
Яўген Меркіс
Старшыня легендарнай гомельскай «Талакі», а таксама журналіст-фрылансер. Па ўласнай ініцыятыве асвятляў для «Белсату» акцыі «недармаедаў» у Віцебску, Гомелі і Рагачове, за што быў абвінавачаны ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» па арт. 22.9 КаАП РБ ч.2 – 30 базавых штрафу.
Мікалай Статкевіч
Палітык Мікалай Статкевіч заклікаў прыняць удзел у Дні Волі яшчэ на першым пратэсце 17 лютага, але знік напярэдадні акцыі. Як пасля высветлілася, тры дні яго трымалі ў СІЗА КДБ, а пасля адпусцілі. КДБ адмаўляецца пацвердзіць гэтую інфармацыю.
Кацярына Андрэева
Журналістка «Белсату». Вядзе прамыя трансляцыі з вулічных акцый і з зайздроснай вытрымкай размаўляе з беларускімі праваахоўнымі органамі. На Дні Волі вяла стрым наўпрост ля міліцэйскага ачаплення і бясстрашна адказвала суровым амапаўцам.
Аляксандр Баразенка
Таксама аператар «Белсату». Быў затрыманы яшчэ ў Оршы, калі зняў расійскі трыкалор у амапаўскім джыпе. Паўторна яго затрымалі на Дні Волі. На яго заўвагу: «Я журналіст» – амапавец запрасіў Баразенку ў аўтазак са словамі: «Ну здымайце». Яго затрымалі на 15 сутак, на ўвесь час ён аб’явіў галадоўку.
Ян Грыб
80-гадовы паэт, якога таксама затрымалі на Дні Волі. Напэўна, ты бачыў(-ла) гэтае фота. Дзядуля падышоў да супрацоўнікаў міліцыі і выказаў усё, што ён думае пра іх дзеянні. Яго зацягнулі ў аўтазак, але, калі далей перагружалі з аднаго ў другі, ён кульгаючы ўцёк.
Андрусь Асмалоўскі
Калі непадалёку ЦУМа адбывалася самая заварушка, амапаўцы хапалі ў першую чаргу тых, хто быў са сцягамі, і выкідвалі палотнішчы на зямлю. Хлопец з натоўпу абурыўся, што топчуць родны сімвал, і ўзняў яго са словамі: «Падымаем сцяг назад». Тут жа быў затрыманы.
Людміла
Падчас хапуну Людміла стала на калені перад заслонай амапаўцаў і пачала за іх маліцца. Яе не затрымалі, а ў нейкім момант кардон увогуле зняўся з таго месца і паехаў хапаць у іншым.
Дзмітрый Шылак
Дзмітрый Шылак не хадзіў на акцыю пратэсту на Дзень Волі, але, начытаўшыся навінаў пра жорсткія затрыманні, патэлефанаваў у 102 і распавёў усё, што ён думае пра прэзідэнта. Дыспетчар удакладніў у Дзмітрыя адрас і адправіў па мужчыну нарад. Вынік – «дробнае хуліганства» і 5 сутак арышту.
Валерый
Альпініст Валерый зараз сядзіць на Акрэсціна. Ён адмаўляецца назваць сваё прозвішча, пакуль яму не патлумачаць, за што яго затрымалі. Яго абяцаюць «згнаіць у турме», але праз няведанне прозвішча не могуць асудзіць.
Аўтар(-ы) стрыт-арту «Это я...»
Першыя выявы з’явіліся ў пачатку сакавіка ў Менску і Мазыры. На іх была член Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна і надпіс «Это я автор налога для безработных». Затым гучна ўсяму свету абвясціў Мясніковіч: «Это я повысил коммуналку, а зарплаты – нет». Выявы хутка счышчалі, але так жа хутка з’яўляліся новыя. Пасля разгону, напрыклад, яшчэ тры: міністр МУС Ігар Шуневіч і «Это я горжусь формой и методами НКВД», старшыня менскага АМАПа Дзмітрый Балабу і «Это я руковожу разгонами мирных собраний граждан. За ваши деньги», старшыня Упраўлення ўнутраных спраў Ігар Яўсееў і «Это мы с пацанами похищаем людей». Дарэчы, TUT.by пагутарыў з адным са стваральнікаў постараў.
Мікола Сівіцкі
Падчас акцыі 26 сакавіка ў падтрымку зняволеных 83-гадовы прафесар-эканаміст Мікола Сівіцкі з усмешкай на твары прапаноўваў амапаўцам ісці лепей сэксам займацца, чым марнаваць тут свой час.
Кот Леапольд
Знік падчас вобшуку ў кватэры Змітра Дашкевіча. Інтэрнэт-супольнасць не на жарт спалохалася і падтрымала сям’ю Дашкевічаў лозунгам: «Свабоду кату Леапольду!». Лідара «Маладога фронту» затрымалі раней на кватэры Уладзіміра Арлова, калі ён з сябрам падчас цяслярскіх спраў замовіў піцу. Замест дастаўкі прыехаў АМАП. Дарэчы, кот ужо вярнуўся, а вось Змітра дагэтуль трымаюць у СІЗА на Валадарцы.
«Вясна»
Праваабарончая арганізацыя, якая аказвае юрыдычную дапамогу ўсім затрыманым і ацэньвае законнасць дзеянняў улады. Збірала і збірае поўную інфармацыю па ўсіх выпадках. Калі кагосьці з тваіх блізкіх затрымалі, звяртайся адразу да іх. У Дзень Волі амапаўцы жорстка ўварваліся ў менскі офіс «Вясны» і ўсіх, у тым ліку міжнародных назіральнікаў, адвезлі ў пастарунак. Увечары адпусцілі.
Ініцыятыва By_help
Была запушчана для збору сродкаў арыштаваным. Частка грошай ідзе на аплату сутачнікаў (адзін дзень дыспансера каштуе BYN 11,5), частка – на дапамогу затрыманым па крымінальнай справе «Падрыхтоўка масавых беспарадкаў». Ініцыятыва сабрала ўжо больш за 15 тысяч даляраў. Поўную інфармацыю, як дапамагчы, шукай тут.
У новым выпуску тлумачальнай рубрыкі «Працэс» – амплітуда тваіх магчымых дзеянняў пры кантактах з праваахоўнікамі.
Аглядная інфаграфіка: як і дзе праходзілі мітынгі супраць Дэкрэта нумар 3.
Тлумачым, што рабіць, калі тваіх блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.
Разбіраемся, куды і як уладкавацца на працу, калі ў цябе ёсць судзімасць.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
> патэлефанаваў у 102 і распавёў усё, што ён думае пра прэзідэнта
> Людміла стала на калені перад заслонай амапаўцаў і пачала за іх маліцца
> Дзядуля падышоў да супрацоўнікаў міліцыі і выказаў усё, што ён думае пра іх дзеянні
> Яна заклікала вызваліць раней затрыманых.
Эти бесстрашные герои совсем скоро свергнут режим, он уже еле дышит из-за них. Инфа соточка. А сейчас позвоню в водоканал и скажу всё, что думаю о президенте. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ.