«Ёсць месцы, дзе дыплом усё яшчэ мае значэнне. І гэтыя месцы трэба мыць і шмараваць». Альгерд Бахарэвіч рэжа праўду-матку пра вартасць вышэйшай адукацыі для рынку паслуг.
Хацеў падзяліцца з вамі якой-небудзь лянівай летняй радасцю, але куды там.
Настрой не той. Не дармаедскі. А вінаватая адна сціплая абвестка, вылаўленая зранку ў сацсетках.
На першы погляд яна зусім бяскрыўдная.
Нейкая фірма, якая займаецца кля… клі… ну, карацей кажучы, прыбіраннем кватэр, шукае работнікаў. Заробак 600-800 рублёў. Патрабаванняў да кандыдатаў некалькі, і адно з іх забіла мяне напавал.
Ім, бач ты, важна, каб у кандыдата была вышэйшая адукацыя.
Ці хаця б доказ таго, што ён, кандыдацік у клінеры, некалі спрабаваў яе атрымаць.
Спачатку я абурыўся.
Потым пакурыў, зноў забурыўся ў ложак і паспрабаваў уявіць сабе, як гэта: да цябе дахаты прыходзіць чалавек з вышэйшай адукацыяй, каб прыбраць за табой, як за малым дзіцём.
Вось ён уваходзіць у твой дом, тваю крэпасць. За спінай – набор мяцёлак, на баку – савок, у правай руцэ пыласос, у левай – вядро з анучай. Гузікі на ўніформе блішчаць, як у фельдмаршала на парадзе. На лбе клінера – пяць курсаў філасофскага факультэта БДУ. У чорных плямінах пад ягонымі вачыма – сотні бяссонных начэй, праведзеных над дысертацыяй, у горка складзеных вуснах – увесь экзістэнцыйны боль свету.
Побач з ім – напарніца, выпускніца факультэта міжнародных адносінаў, якая няўклюдна сціскае ў тонкіх пальцах бутэльку «Містара Мускула». Яна вучылася на дыпламатку, стажыравалася ў Бэрне і Страсбургу. Яе вейкі дрыжаць, як натаўскія генералы пры выглядзе беларускай ракетнай сістэмы «Паланэз».
«Ну што, зоймешся сёння ўнітазам, – кажаш ты дыпламатцы. – І не забудзь добра адшмараваць вечка, а то, ведаеш, часам мае госці прамахваюцца…»
Яна паслухмяна, пругкім дыпламатычным крокам рушыць у прыбіральню. Становіцца на калені. Адкідвае валасы. Клініць. Самы час пакінуць яе адну.
«Не стой тут, як Сізіф на перакуры, – звяртаешся ты да філосафа. – Учора майго прыяцеля званітавала на гэты дыван. Перабраў, бывае. Давай, наперад. І каб ніводная варсінка з дывана не ўпала! А то ведаю я вас, панакуплялі дыпломаў, а ваніты адшкрабаць так і не навучыліся!»
Філосаф няўмела апускаецца на карачкі. Гузікі на ўніформе блякнуць. Ціхі стогн вырываецца з ягоных кволых грудзей інтэлектуала, але ўсё заглушае мерны шоргат шчоткі, які чуецца з прыбіральні. Я спускаюся ў двор выпіць кавы і пазаймацца каворкінгам. Я сучасны чалавек. Клінеры дык клінеры. Не прыбіральнікі ж. Прыбіральнікі – гэта гучыць абразліва, а клінер – гэта годна і нават крыху эратычна. Урэшце, ім за гэта плацяць. 600 рублёў пад унітазам не валяюцца. І філасофіяй іх не заробіш.
Вядома, і дыпламатка, і філосаф маглі б паслаць мяне, хама-барына, на тры літары. Але не пашлюць. Іх таму і ўзялі, што яны з «в.о.». З вышэйшай, туды яе растуды, адукацыяй. Якая, на думку іхніх босаў, прадугледжвае культурнасць паводзін, а яна – высокі ўзровень сэрвісу.
Дык вось для чаго мы вучыліся ў гэтых сваіх вэ-нэ- у…
«Побач з ім – напарніца, выпускніца факультэта міжнародных адносінаў, якая няўклюдна сціскае ў тонкіх пальцах бутэльку «Містара Мускула». Яна вучылася на дыпламатку, стажыравалася ў Бэрне і Страсбургу»
З дзяцінства маё пакаленне выхоўвалі, што «слуг у нас нет і господа все в Паріже».
Дарэчы, пра Парыж. Калі мы жылі там, у прасторнай студыі каля Усходняга вакзалу, і пісалі свае кніжкі, да нас раз на тыдзень прыходзілі прыбіраць дзве сімпатычныя афрыканкі. Я добра памятаю тое пачуццё няёмкасці і сораму, калі яны ліха пачыналі даводзіць да ладу нашае памяшканне. Якога такога ражна я, здаровы саракагадовы мужык, не магу сам падмесці ў сваёй хаце, перасцяліць сабе ложак, памыць падлогу, працерці стол? Я што, бязрукі? Ды мая жонка сама сантэхніку мяняе! Ды я… Ды мы!..
Аднак адмовіцца ад паслуг афрыканак было немагчыма. Так загадваў мой кантракт. Гэтыя парыжскія клінеркі стваралі нам нямала клопату. Пакуль яны прыбіралі, трэба было звальваць з дому. Бо, па-першае, кожная муза, якая засталася б у студыі, трапіла б у іхні пражэрлівы пыласос. А па-другое, мне было проста сорамна. Мы намотвалі кіламетры па парыжскіх вуліцах, чакаючы, пакуль нашыя служанкі скончаць прыбіраць, бо клінінг – гэта святое: сэ ля ві. А творчасць можа і пачакаць.
Не, лепш у маёй кватэры будзе клініць мяне, а не безыменнага інтэлектуала, які так і не змог рэалізавацца ва ўмовах куцага эрбэшнага капіталізму. Дзе кар’ера і культура, этыка і эстэтыка – рэчы несумяшчальныя паміж сабой. Ні пры якіх умовах. Вось культура і клінінг – гэта калі ласка, а для ўсяго астатняга ёсць спецыяльныя людзішкі з гузікамі на ўніформе. Афіцыянты быцця.
Але гэта мы такія датклівыя. Мы – дзеці рабочых, нашчадкі аратых.
Цяперашняе пакаленне такімі пытаннямі не пераймаецца. Хоць дзецьмі рабочых і нашчадкамі аратых быць не перастае. Яму ўсё роўна, чые яны дзеці.
Дык якая розніца, хто прыбірае табе кватэру. У цябе на гэта проста няма ахвоты. Ты фрылансер. Каворкер. Кавалер ордэна Працы, ненавязлівай, аддаленай і любімай, як стрыечная сястра ў Аўстраліі.
Кажуць, людзі ў еўрапейскіх краінах выдаткоўваюць на працу ўсё менш часу. Маўляў, праз дзесяць гадоў дастаткова будзе папрацаваць пару-тройку гадзін на суткі, каб сябе забяспечваць. Кажуць, і ў нашых краях даўно ўжо важны не дыплом, а яго адсутнасць. А як жа вышэйшая адукацыя? Вэ-нэ- у? Як жа дыплом, пра неабходнасць атрымаць які нам у юнацтве прагудзелі ўсе вушы? Ёсць месцы, дзе ён усё яшчэ мае значэнне. І гэтыя месцы трэба мыць і шмараваць. З содай, парашком і верай у свой талент, які нікому тут так і не прыдаўся. Таму – наперад. Некалі савецкія інтэлектуалы ішлі ў дворнікі і качагары. Таму і ставіліся да іх, як да маргіналаў.
А клінер – гэта ўсё-ткі гучыць горда.
Альгерд Бахарэвіч у думках прымярае на сябе сукенку – лёгкую, летнюю, вышэй за калена, з голай спінай.
Альгерд Бахарэвіч наведвае D.I.Y.-бар на Зыбіцкай і трапляе на панк-вечарынку.
У новай калонцы праекту «Таемны госць» Альгерд Бахарэвіч расказвае, як беларускі горад грахоў адмывае сябе ад заганаў.
Альгерд Бахарэвіч першы раз у жыцці наведвае барбершоп – што толькі не зробіш летам 2016-га!
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.