«Чым менш у чалавека каштоўнасцяў у жыцці, тым больш ён вольны»
Ты ўжо падлічыў, колькі дзён доўжылася твая кругасветка?
Калі верыць лічыльніку на маім сайце – 820 дзён. За гэты час я знасіў прыблізна 15 пар абутку, прайшоў, праехаў, праплыў каля 100 тысяч кіламетраў, калі сумаваць прамыя адрэзкі паміж гарадамі. Насамрэч, вядома, шлях быў значна даўжэйшы – тысяч 150, магчыма, нават 200.
Колькі краін наведаў?
Калі з Карабахам лічыць, атрымліваецца 25.
Колькі дахаў над галавой змяніў за гэты час?
Складана сказаць. Занадта шмат. За вельмі рэдкім выключэннем, я нідзе больш як на два-тры дні не затрымліваўся. Можам 820 дзён падзяліць на тры. З акругленнем атрымліваецца больш за 250 упісак.
І вось твая кругасветка скончылася. Ты ўжо некалькі дзён дома. Што адчуваеш? Чым займаешся?
Я доўга рваў драты і сувязі з нейкімі рэчамі і з’явамі, якія прынята лічыць важнымі: вучоба, дом, сям’я, радзіма. Парваў. Але цяпер гэтыя рэчы зноўку прэтэндуюць на тое, каб зрабіцца важнымі. Гэта непрыемнае і дурное адчуванне, насамрэч. Мне складана быць дома. Ох, мама плакаць будзе, калі прачытае гэта...
Вядома, прыемна ўбачыць сваіх людзей. На аднаго глядзіш і думаеш: «Ну ты, мужык, і пастарэў за два гады!» А з іншым нібы ўчора развітаўся – тыя ж перакананні ў галаве, тыя ж словы кажа. Некаторыя раёны горада проста не пазнаць, а на родным Аўтазе ўсё засталося на сваіх месцах.
Я нават дома лядоўню адкрыў, а там ляжыць мая чорна-белая стужка, якую я туды перад ад’ездам паклаў. Вы ўяўляеце, два з паловай гады стужка ляжыць на сваім месцы?!
Ты лічыш, што гэта дрэнна?
Ну а што ў гэтым можа быць добрага? Атрымліваецца, ёсць такія рэчы, у якія ты без кампрамісаў упісаны. Ваенкамат. Пашпарт. Беларуская мова. Бацькі. Сябры, што сышлі з жыцця. Яны адразу ж пачынаюць рабіць усё, каб ты тут застаўся. Яны, вядома ж, лічаць, што так правільна. Усе гэтыя сімвалы, вобразы, яны кажуць табе: «Дружа, ну куды ты? Чаго ты? Тваё месца тут. Пакойчык ёсць, перакантавацца ёсць дзе, працу знойдзеш».
Я абсалютна ўпэўнены, што чым менш у чалавека каштоўнасцяў у жыцці, чым менш якараў, якія зазямляюць яго, тым больш ён вольны.
Вось ёсць у цябе сям’я – і ты пускаеш у яе карані. Ёсць радзіма – і ў цябе раптам адбываецца «вострая вышыванка», ты пачынаеш за гэтую зямлю чапляцца. Верыш у Госпада Бога, хапаешся за яго, ходзіш у царкву. І ты расцягнуты паміж усім гэтым, як зорка марская, і не можаш рыпнуцца. У цябе няма права на манеўр.
Я хачу стаяць на малой колькасці ісцін. Цяпер яна ў мяне наогул адна. Адзін канкрэтны адказ усёй гэтай хуяце, што адбываецца навокал. Я на мезенчыку стаю. Вецер дзьме, і мяне пачынае зносіць убок, але я з усіх сілаў трымаюся мезенчыкам. Гэта заўсёды цяжка, балюча. А як інакш? Шлях у іншы бок – пакутніцкае распяцце марской зоркі.
Які ў цябе якар?
Я паспрабую распавесці, але гэта такая метафізічная штука, не ўпэўнены, што атрымаецца даходліва. Я трымаюся за сваё дыханне. Гэта апошняя ўцалелая для мяне канстанта. Непадзельная драбнюткая ісціна. Калі я пачынаю губляцца, калі адбываецца нейкая шалёная чэрнь, я проста пачынаю дыхаць і сачыць за тым, як дыхаю. У гэты момант я разумею, што ўсё яшчэ жывы, што гэта не гульня.
У мяне ні на што няма адказаў. Вось ідзе вайна ва Украіне. Як трэба паступаць? Я не ведаю. Трэба забіваць людзей ці не трэба? Ці вось смяротнае пакаранне варта адмяніць ці не варта? Я не ведаю. Я вельмі не перакананы ні ў чым чалавек.
Калі верыш у Госпада, напрыклад, гэта адразу дае табе велізарную колькасць адказаў. Адбываецца нейкая срань, а ты такі: «Ага, што ў нас тут па гэтай тэме сказана? Не забі. Не ўкрадзі». І робіш так, як прынята паступаць у гэтай сітуацыі. У мяне няма такіх адказаў. Калі адбываецца нешта сур’ёзнае, я перш за ўсё правяраю, ці жывы я наогул. Жывы. А далей раблю, як вецер падзьме.
І даўно ты такі? Камфортна ў гэтым стане?
Я сутаргава шукаю людзей у такім жа стане. Таму што перакананых навокал дахалеры. Паглядзіце ў акно: яны вам усё распавядуць пра тое, як трэба правільна. Куды з дзідай ісці, хто скаціна, каго слухаць можна, а каго на кол пасадзіць. На кухнях даўно ўжо вырашана, як гэты свет павінен быць уладкаваны. Кожны раз, калі я трапляю ў кампанію да людзей, якім усё вядома, мне хутка становіцца сумна, узнікае жаданне бегчы падалей.
Нядаўна я сустрэўся са сваім вельмі добрым сябрам, мы прагуляліся па горадзе, і я зразумеў, што пры ўсёй маёй любові да гэтага чалавека і нашага агульнага мінулага мы не зможам быць разам. Паміж намі працякло столькі рэк, пралягло столькі дарог, што нас проста нават не кантачыць ужо. Што б я ў яго ні запытаў, мне адказвае або Ісус, або Аляксандр Рыгоравіч.
«Мы заўсёды будзем хацець бухаць, трахацца, калоцца і біцца»
Ты пабачыў шмат розных людзей. Што пасля гэтага можаш сказаць пра беларусаў?
Беларусы адназначна прыгожыя людзі. Калі вы ныеце і хочаце з’ехаць у іншую краіну, бо тут усе хмурыя, а там людзі больш сімпатычныя, вам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца смактануць. Я кажу пра ўсіх беларусаў, у тым ліку пра пергідрольных бабулек. Я нядаўна зайшоў у магаз, і там за прылаўкам сядзяць дзве такія сакавітыя жанчыны ў гадах. Я праходжу побач з імі і думаю: «Маці Боская, як можа быць так выдатна?!»
Апошнія паўгода ў Паўднёвай Амерыцы даліся мне нялёгка, бо там мала прыгожых людзей, якіх хацелася б свідраваць поглядам, у якіх была б нейкая надзея.
Чагосьці ў нашых людзях больш, чым у астатніх. Больш сумлення, можа быць. Чорт яго ведае. А яшчэ, як ні дзіўна, мы паважаем адзін аднаго, цэнім чужую працу, мне здаецца. Вось з самапавагай, вядома, хранова. Магчыма, у гэтым наш сакрэцік.
А чым наш лад жыцця адрозніваецца ад заходняга?
У свеце руліць рэлігія. Ва ўсіх ёсць Госпад. Мы тут лічым, што ў нас, магчыма, мае месца некаторае насаджэнне царквы – рабяты, расслабцеся! Царквы ў нас няма нават блізка, нашы людзі не вераць у Бога. Саюз зрабіў сваю справу. Вось у Штатах – канкрэтны хрыстос галаўнога мозгу. Пра Паўднёвую Амерыку я наогул маўчу: калі ты там скажаш, што не верыш у Бога, цябе могуць на кол пасадзіць. У Азіі крыху іншы падыход, але тым не менш.
А праблема рэлігіі ў тым, што гэта адназначна мараль. Гэта правыя і левыя, чорнае і белае, «так» і «не», рай і пекла. Праз гэты дуалізм з людзьмі складана суіснаваць. Гэта, вядома, сядзіць і ў нас, але значна глыбей.
Па ўсім свеце людзі вядуцца на гэтыя элементарныя фішкі, разбіваюцца на групы, кланы. Адныя ходзяць у царкву, іншыя – працуюць.
У прынцыпе, жыццё ўсюды аднолькавае, проста ў некаторых месцах гэты працэс спрошчаны. На Захадзе, напрыклад, табе кажуць: «Чувак, хочаш зарабляць грошы – зарабляй, толькі моцна нам дарогу не пераходзь». Але паяльнік табе ў дупу піхаць ніхто не будзе, калі слова няправільна ў сваім часопісе напішаш. А тут вам даводзіцца сядзець і думаць: «Як бы нам так артыкул выпусціць, каб гэтых не пакрыўдзіць, а вось тыя не прыйшлі ў госці?» Трэба пра шмат якія дробязі паклапаціцца, каб нікому дарогу не перайсці. У тым свеце ўсё сапраўды прасцей. Гэта прынята называць дэмакратыяй.
Але там руліць бабло, і калі ты несумленны на руку, не аддаеш пазыкаў і не плаціш падаткаў, табе такога засадзяць, што мама не бядуй. У астатнім: рабі, што хочаш. Хочаш упарвацца наркатой? Упарвайся. Да таго часу, пакуль не пачнеш прадаваць какаін кілаграмамі, як у буфеце, ніхто цябе чапаць не будзе. Галоўнае, любі долар.
Калі чалавеку даць шмат свабоды, дзе гарантыя, што ён яе правільна выкарыстае?
Ад мяне адваліліся ўсе гэтыя радыкальныя думкі. Свет не ідэальны, гэта трэба разумець. Нам заўсёды давядзецца змагацца. Агрэсія – гэта нармальна. Смерць – гэта нармальна. Мы заўсёды будзем хацець бухаць, трахацца, калоцца і біцца. Таму я, шчыра кажучы, не разумею логікі, не бачу асаблівага сэнсу ў тым, каб забараняць нешта. Няхай людзі б’юцца. Дазвольце ім танцаваць на вуліцы пад вокнамі КДБ. Хай цыцкі паказваюць. Няхай ім, сука, будзе лягчэй. Ну праўда ж! Нахера іх шчаміць? У чым ідэя?
Можа быць, у тым, каб не было хаосу? У жаданні ўпарадкаваць?
Давайце паглядзім на прыкладзе тых жа Штатаў. Там усё гэта дазволена, і што, там сапраўднае пекла? Людзі больш няшчасныя, чым тут? Пацан пайшоў і купіў сабе тачку ў 16 гадоў. Нармальна? Нашым бы спадабалася.
Не разумею, навошта забараняць какаін, калі ў вольным продажы ёсць гарэлка? Гэта ж аднаго поля ягады. Тым больш, каму патрэбны какаін, той дастане, толькі не факт, што добрай якасці.
Навошта забараняць псіхадэлікі? Ідзі паспрабуй каго-небудзь абрабаваць пад кіслатой. Я ўяўляю сабе чалавека, які выпаўзае з дома на карачках, каб парушыць закон. Ды ён забіць сябе не зможа банальна. Гэта трэба быць вельмі таленавітым.
MDMA ўжо ва ўсім свеце выкарыстоўваюць у псіхіятрычных мэтах. Ён рэальна вырашае праблемы людзей. Усім тым, хто ажаніўся, а праз паўгода разводзіцца, трэба яго гвалтоўна ў рот піхаць. Гэта ж беларусы! Хай выгаварацца! Людзі ад гэтага стануць больш шчаслівым, толькі і ўсяго.
Але я і ў гэтым не ўпэўнены. Бо, з іншага боку, калі ў цябе ёсць усё, ты губляеш да гэтага цікавасць. Бо параўнаць няма з чым. Каб сапраўды палюбіць, трэба спачатку добра зненавідзець. Каб салодка жыць у кватэры, трэба паўгода паспаць у кустах. Калі на месяц прыбраць з крамаў увесь хлеб, ён потым будзе дзіка папулярны. Людзі будуць думаць: «Вось жа клёва! Хлебчык такі смачненькі». Гэта рэальна працуе.
Не паверыце, за час свайго трыпу я палюбіў ваду. Без жартаў. Цяпер, калі знаходжу ў краме ваду любімай маркі, адразу купляю. Раней я пра гэта нават падумаць не мог, каб вады купіць. Ну смешна. А цяпер, калі да дзеда прыеду, з калодзежа, напэўна, вядро залпам высмакчу.
Ці вось тыя, хто па людзях з гарматы пастраляў, дык ім у мірны час ведаеце як добра? Яны каля фантанаў сядзяць. Бо фантан – гэта вада, якая проста б’е з зямлі: прыгожа, спакойна, прахалодна. Бо ён зямлю жор у акопах і кожны дзень размаўляў з сумленнем. І так з усім адбываецца. Усё спазнаецца ў параўнанні. Таму ў забаронах таксама няма нічога дрэннага. Яны проста існуюць.
Проста часам хочацца пажыць камфортна.
Гледзячы, што ўкладаць у паняцце «камфорт». Я, напрыклад, хацеў бы мець уласную прастору любога памеру, адкуль я мог бы ў любы час усіх выгнаць і застацца там у адзіноце. Я пачаў вельмі цаніць асабістую прастору. У мяне і раней яе толкам не было, а ў апошнія два з паловай гады я пастаянна быў на чужой тэрыторыі. Мяне ў любы момант мог хто-небудзь пасунуць, пабудзіць а другой гадзіне ночы, каб пагаварыць пра што-небудзь. Любы мог бухаць на суседнім ложку, або, не дай Бог, ябсціся. А яшчэ вельмі часта я ў сне прыслухоўваўся, каб які-небудзь чорт мне ў галаву мачэтэ не ўторкнуў. У гэтым мала прыемнага. Я занадта стаміўся дрэнна спаць. Я і цяпер дрэнна сплю, але прычыны гэтага ўжо іншыя.
«Тэкстам можна рэзаць горла і змятаць усё нахер»
Ты вярнуўся менш здаровым, чым ад’язджаў?
Адназначна. У фізічным плане, ды, напэўна, і ў ментальным.
Раней я шчыльна стаяў на нагах: у мяне была радзіма, сям’я, каханне, нейкае бачанне прафесійнай будучыні – і ўсё гэта мяне моцна трымала. Я быў вельмі стабільным чуваком, паспрабуй мяне ссунуць з месца. Цяпер у гэтым плане я не здаровы.
У фізічнай частцы таксама ёсць страты: праблемы са спінай, бо два гады заплечніка не здымаў, пара зубоў у дарозе вылецела, са скурай ёсць непрыемнасці ад херовага харчавання.
Колькі часу зойме перыяд аднаўлення, каб ты зноў быў гатовы паўтарыць кругасветку?
Я ўжо гатовы, насамрэч. Не хацелася б зараз гэтага рабіць, але калі жыццё перапляцецца зусім ужо мудрагеліста, я ў любы момант магу знікнуць з радараў. Усё, што мне трэба, – гэта пашпарт. Зрэшты, і без яго абыдуся. Я магу голым сысці з хаты ў любым кірунку, і са мной усё будзе добра.
Цябе пазнаюць на вуліцы?
Пазнаюць. І мне гэта не падабаецца. Я адчуваю сябе няёмка. Не ведаю, чаму многія імкнуцца быць вядомымі і пазнавальнымі.
З іншага боку, людзі для мяне – самае каштоўнае, што ёсць у жыцці. Таму я не магу сказаць: «Рабяты, адваліце». Я баюся страціць каго-небудзь вельмі каштоўнага, бо менавіта так я знайшоў усіх, хто мне дарагі, у каго я веру. Яны ўсе зваліліся ніадкуль.
Твая кругасветка – унікальная гісторыя сталення, ператварэння хлопчыка ў мужчыну. Што для цябе значыць быць дарослым?
Абапіраючыся на свой вопыт з аяўаскай, хачу сказаць, што жыццё перастала быць для мяне канцэптам. Мне здаецца, я яго прачуў. Жыццё як агонь, заключаны ў кавалак мяса. Не проста як жытуха-братуха, а менавіта вось тое, што прымушае кроў па венах бегчы, а думкі – варушыцца ў галаве. Гэтая вось іскра, якая з паваротам ключа з’яўляецца.
Дык вось, я адназначна разумею, што я – жывы, але факт стварэння новага жыцця для мяне наогул нейкі космас! Нараджэнне дзіцяці – гэта сур’ёзны момант сталення. Калі я пра гэта думаю, спрабую дабрацца да сутнасці, я дранцвею. Што мы можам?! Што мы робім?! Мы ствараем новае жыццё! Для мяне гэта нешта вялікае.
Калі я думаю пра тое, што магу падарыць жыццё новаму чалавеку, я вельмі баюся. Баюся за гэтага чалавека. Мне страшна за яго ўсім сэрцам. Бо яму прыйдзецца тут, вядома, тугавата.
Чаго ты яшчэ баішся?
Я адназначна баюся вар’яцтва. Я хаджу па вельмі тонкай грані, я ўвесь час губляю рэальнасць. Без жартаў. Не хачу цяпер падацца такім модным шалёным пацаном, але мяне рэальна накрывае, калі я вяртаюся да тых месцаў, дзе бываў раней. Я проста камянею. Баюся страціць ход развіцця падзей, баюся перастаць пазнаваць людзей.
У адным з тэкстаў ты пісаў, як ушчыльную падышоў да абсалютнай свабоды. Што ты можаш пра яе сказаць?
Гэты момант у мяне заўсёды перад вачыма. Я стаю ў Кітаі на высокім насыпе, гляджу на горад унізе, і мне... я нават не ведаю, як тут правільна сказаць... добра ці дрэнна. Проста там, у свабодзе, такога дзялення ўжо няма. Абсалютная свабода – гэта калі ты страціў усё. Гэта, сука, вельмі страшна! Калі ты пойдзеш туды, цябе больш ніколі не сустрэнуць людзі, якіх ты ведаў. Я тады спалохаўся і зрабіў крок назад.
Акурат у той момант у маім жыцці з'явілася Воля. Калі б яе не было, не ведаю, у які бок я накіраваўся б, але адназначна не сядзеў бы цяпер тут. У нейкі момант Воля зрабілася для мяне апорай, яна доўгі час была маім якарам. Я ўчапіўся ў яе. Калі яна была побач, я проста быў у рэальнасці, яна дапамагала мне не зваліцца ў прорву. І без яе мне быў бы край. Воля сапраўды вельмі важны чалавек у маім жыцці, я ёй неверагодна ўдзячны за ўсё.
У сваіх тэкстах ты быў дастаткова шчыры. Ці засталося нешта за кадрам, чым ты не хочаш ні з кім дзяліцца?
Ёсць шмат момантаў, якія я не апісваў. Я разумеў, для каго пішу і якую порцыю «няправільных думак» можна выказаць. Цяпер мая кніга не чапляе мяне, нішто не варушыцца ўнутры, бо для мяне гэта не востра. Можна нашмат вастрэй. Можна тэкстам рэзаць горла і змятаць усё нахер. Але я баяўся ператварыцца ў прапаведніка. Гэта заўсёды выглядае недарэчна.
Якія моманты падарожжа бударажаць цябе дагэтуль?
Самыя яркія моманты – тыя, што спачатку ты ўсім сэрцам ненавідзіш. Вось я ў Манголіі ледзьве не памёр, а цяпер разумею, наколькі ж гэта было крута! Ці калі на матацыкле ў Кітаі амаль у сцяну заехаў, я шчыра ледзь не абасраўся. Цяпер я дакладна ведаю, што кожны з нас сапраўды здольны абасрацца ад страху, якімі б моцнымі сфінктарамі мы ні валодалі. Але цяпер я разумею, што той момант быў ачмуральна сапраўдным!
Атрымліваецца, чым горш, тым лепш?
Менавіта. Вось плыў ты па плыні і не адчуваў сябе жывым, а тут раз – і ты вельмі-вельмі моцна ацаніў, што жывы. У цябе страляюць, а ты паспяваеш ухіліцца ад куль. Ці нават параніла. Лепш, каб параніла, вядома. У гэты момант ты разумееш, што жывы.
Гэта, дарэчы, праблема сучаснага грамадства, мы вельмі хочам, каб было бяспечна, каб заробак быў добры. Але не ўсім зразумела, што жыццё будзе ярчэйшае, калі спусціцца ў пекла, чарпануць лыжкай лайна і засунуць у рот. Пасля гэтага ўжо не так важна, што адбудзецца далей, у цябе ўсё будзе добра.
Карацей, калі хочацца шмат бабла, паварочвай і бяжы ў абсалютна процілеглым кірунку, пакуль не ўпрэшся ў тупік. Тады ў іншы бок будзе нашмат прасцей.
Даўно было зразумела, што ў цябе ёсць жылка бізнесоўца.
Шчыра кажучы, не ведаю, як гэта працуе са звышбуйнымі сумамі, але калі нам трэба сёння выпіць, то я разрулю, пацаны.
Гутарылі Danila Berencef і Антон Кашлікаў
Фота by palasatka
Дата арыгінальнай публікацыі – 4 лiстапада 2014 года
«Усе памруць. Гэта падстава, каб беражліва і з любоўю ставіцца адно да аднаго», – і іншыя залатыя цытаты.
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (2)
заметил что он на Бибера похож)
а так напишу как и в 2013 году : Рома , от себя не убежишь!
В прошлом году проходя службу в ВСРБ прочитал "Рома едет", подумал вот круто было было бы и мне так прокатиться!! Но что-то меня в тот момент оттталкиволо от реальной мысли податься в бродяги. Прошел год - и вот я уже планирую закинуть рюкзак на плечи в мае этого года! Спасибо большое, Рома!! Ты меня очень вдохновил тогда!!