Для таго каб ушанаваць эпоху, якая сышла разам з закрыццём гандлёвага рынку на «Дынама», мы пагутарылі з легендарным парфумерам Уладзімірам. У 90-я і на пачатку 2000-х увесь прасунуты Менск набываў духі ў яго – менавіта так адна журналістка 34mag аднойчы прыдбала лепшую парфуму ў сваім жыцці. У аповедзе Уладзімір здолеў перадаць вольны дух культавага месца, патлумачыць правілы гульні ў брудныя 90-я і распавесці, як правільная парфума ўплывае на жыццё. Напаўняйся жыццёвай мудрасцю і трымай нос па ветры.
Як кватэрнае пытанне ўплывае на лёс
У 20 гадоў я вярнуўся з войска, у 22 ажаніўся. Адукацыя ў мяне сярэднеспецыяльная. Якая была перспектыва ў той час? Пайсці працаваць на завод, абавязкова нарадзіць дзяцей як мага хутчэй, жыць усім разам у адной кватэры, а потым стаць на чаргу на жыллё. Першапачаткова ў трохпакаёвай кватэры з пяціметровай кухняй нас было пяцёра: бацькі, я, брат, сястра. Я ажаніўся першы і прывёў жонку ў гэтую ж кватэру. Праз год у нас нарадзілася дзіця, а на наступны год сястра выйшла замуж і таксама прывяла мужа да нас. Потым у іх двое дзяцей з’явілася. Дзесяць гадоў мы жылі ўдзесяцёх. Гэта было фантастычна цяжкае жыццё: калі пасварыўся з кімсьці, сысці няма куды. Немагчыма было ўявіць, што аднойчы ты зможаш купіць кватэру. Ратавалі толькі мары: яны выкідвалі з рэальнасці, стымулявалі мазгі, палягчалі жыццё.
І тады я марыў пра «вазочную» – гэта такое месца ў дамах старой забудовы, прадугледжанае для захоўвання вазкоў. Але так як усе заносілі іх у кватэры, то дзверы ў тое памяшканне забівалі дошкамі з адваротнага боку, і атрымлівалася мікракватэра. Я марыў, што ў мяне будзе хоць такая будачка, каб я мог туды залезці і застацца адзін. Але гэтая мара не рэалізавалася – праз некалькі гадоў працы на «Дынама» я змог купіць трохпакаёвую кватэру. Праўда, дзеля гэтага даводзілася ва ўсім сабе адмаўляць.
«Гэта была цікавая эпоха: калі ты варушыўся 12 гадзін у суткі, то ты і зарабляў прыстойна»
Спачатку я працаваў апаратчыкам у «Белмедпрэпаратах», займаўся сыравінай для таблетак. Гэта не культурная праца ў белых халаціках – гэта брудная цяжкая праца.
Потым была перабудова, заводы сталі прастойваць. Мне трэба было зарабляць грошы на жыллё, але не было ніякага вопыту ў сферы прадпрымальніцтва. Неяк адзін таварыш запрасіў мяне з братам папрацаваць на «Дынама». Атрымлівалася нешта зарабляць, але ўсё роўна першыя два гады працягваў хадзіць на завод. Неўзабаве ён стаў зусім развальвацца, надзеі атрымаць бясплатнае жыллё не было, і таму давялося выбіраць: альбо заставацца там, альбо рызыкаваць і ісці на «Дынама». І я пайшоў. Гэта быў ці то 93-ты, ці то 94-ты год.
Дэфіцыт 90-х
Тады быў такі час, што ўсё залежала ад цябе. Колькі часу ты выдаткоўваў на працу, наколькі актыўным ты быў, наколькі прадуктыўна працаваў, столькі аддачы і атрымліваў. Гэта была цікавая эпоха: калі ты варушыўся 12 гадзін у суткі, то ты і зарабляў прыстойна. Цяпер ты можаш столькі ж часу працаваць, але нічога не зарабляць.
Правілы гульні былі іншыя: усё толькі пачынала з’яўляцца, падатковая сістэма была вельмі простая. Ты прыходзіў афармляць ліцэнзію прыватнага прадпрымальніка, і ў цябе пыталіся: «А колькі вы плануеце зарабляць праз тры месяцы?» Зараз цэлыя штаты менеджараў у вялікіх кампаніях складаюць бізнэс-планы і ўсё роўна не могуць усё пралічыць на тры месяцы наперад. А тады проста трэба было заплаціць нейкую суму.
Часы іншыя – дэфіцыт на ўсё. Рынак быў настолькі не насычаны, што любая рэч мела свайго кліента. У тыя часы прадавец не гуляў ніякай галоўнай ролі: можна сказаць, што на рынку пакупнік працаваў нават больш, каб нешта займець. А калі сталі з’яўляцца крамы, людзі іх баяліся: ім здавалася, што на рынку заўсёды танней. Праз некалькі гадоў разбежка ў коштах стала зусім маленькая, і, вядома, людзі пачалі атаварвацца ў больш культурных месцах. І гэта раней маладыя хлопцы маглі на рынку пад дажджом стаяць, а цяперашняе пакаленне так не будзе рабіць: яно больш распешчанае, таму што вырасла ў дастатку і ў яго ўсё ўжо ёсць. Моладзь не тое што не хоча працаваць – яна хоча працаваць па-іншаму. Стаяць у палатку яны ўжо не пойдуць, а будуць камп'ютарамі займацца.
«У мяне з’явілася мара: каб усе пакупнікі Менска прыходзілі толькі да мяне»
Нараджэнне і смерць рынку на «Дынама»
Гісторыя замоўчвае, чаму рынак з’явіўся менавіта на Дынама, бо першапачаткова гэта быў спартовы стадыён. Напэўна, нейкія прыватныя фірмы проста звярнуліся «наверх» і сказалі, што хацелі б арандаваць тэрыторыю пад рэчавы рынак. Тады ўлада была значна больш адкрытая да ініцыятыў «знізу».
«Дынама» было ўнікальным. Акрамя яго і прыватных прадпрыемстваў у Беларусі больш не было месцаў, дзе б ты мог зарабіць нармальныя грошы, выяўляючы сваю ініцыятыву або талент. Жадаючых трапіць сюды было значна больш, чым самой плошчы рынку.
Я трапіў сюды не ў самыя прыбытковыя часы, манна нябесная ўжо не сыпалася. Мы працавалі з 9 раніцы да 8 вечара, таму ўсё асабістае жыццё праходзіла тут. Гэта быў самы аптымальны варыянт: у цэнтры, на свежым паветры, пад адкрытым небам. Дома мы адчувалі сябе паўнавартаснымі людзьмі, а на працы трэба было апранацца ў 15 швэдраў і стаяць увесь дзень, кланяцца ўсім запар. А сам ты такі аблавухі, бруднаваты трохі, хоць у душы і адчуваеш сябе героем, самаўпэўненым і самадастатковым. Гэтыя дзве натуры – спецыфіка прафесіі прадаўца на «Дынама».
Але ў нейкі момант «Дынама» перастала быць патрэбным для большасці людзей. Пад канец пакупнікі прыходзілі сюды не па тавары, а да канкрэтных прадаўцоў, таму што зносіны – вельмі важная рэч. Гэта пацвярджаецца тым, што аднойчы ў Японіі пабудавалі ўнівермаг, дзе замест прадаўцоў былі робаты. Праз месяц туды перасталі хадзіць, таму што не хапала жвавасці.
Апошнія дні на «Дынама» былі сумнымі. За ўсе гады там шмат усялякіх бураў адбылося, цякучка, ды і апошнія гадоў дзесяць пастаянна пагражалі прыкрыць рынак. Вось і здарылася так, што новыя людзі перасталі прыходзіць, засталіся толькі тыя, хто сваю кар’еру тут і пачынаў. З аднаго боку, усе былі адно аднаму канкурэнтамі, а з другога – жыццё ж плячом да пляча прайшло, усе пасябравалі паміж сабой. І калі стала вядома, што «Дынама» вось-вось закрыюць, усе спадзяваліся, што будзе нейкае ўрачыстае развітанне. Ды хаця б па радыё сказалі, маўляў, дзякуй за працу! Але не, проста ў нейкі момант стала вядомая дата закрыцця. Усё так перажывалі, што ім трэба зараз шукаць новую працу і перавозіць старыя рэчы, што нават не паспелі развітацца адно з адным. Яшчэ ўчора яны весяліліся разам, абмяркоўвалі нешта, будавалі планы. Увечары развіталіся – і больш ніколі ўжо не бачыліся. Мы нават тэлефонамі не абменьваліся: а навошта, калі мы ўвесь час былі навідавоку?
Я да апошняга дня працаваў на «Дынама» – да 6 ліпеня 2014 года.
Як робяцца парфумерамі
Я не выбіраў прафесію парфумера – я проста прыйшоў кудысьці працаваць. Калі малады чалавек прыходзіць на новае месца, чаго яму ў першую чаргу хочацца?
Проста вырашыць свае матэрыяльныя праблемы. Я атрымаў ліцэнзію прыватнага прадпрымальніка і спачатку прадаваў вопратку. У тыя гады не было вузкай спецыялізацыі: што змаглі прывезці, то і прадавалі. Потым, калі рынак стаў насычацца, усе пачалі ствараць тэматычныя палаткі, і тады роля прадаўца ўзрасла, да яго ставіліся як да спецыяліста. Яшчэ той час быў характэрны тым, што калi на тавары напісана «Зроблена ў Італіі» або «Зроблена ў Францыі», то гэта азначала, што яны сапраўды адтуль. Тады ўсю вытворчасць яшчэ не перанеслі ў Кітай.
У нейкі момант парфумерыя прыцягнула мяне, узяла ў палон – і вось я з ёй і застаўся. Кожная адзінка духоў кардынальна адрозніваецца ад іншай, водараў існуе бясконцае мноства. А я з дзяцінства не люблю аднастайнасць, таму ў мяне куча навыкаў, нават шыць умею. І калі я знайшоў сферу, у якой няма мяжы шматграннасці, тады і зразумеў, што гэта маё.
З вопытам я перастаў прадаваць проста флаконы з духмянай вадкасцю: я прапусціў іх праз сябе, вывучыў усе ноткі і разабраўся, як яны паводзяць сябе на працягу дня.
«Усё так перажывалі, што ім трэба зараз шукаць новую працу і перавозіць старыя рэчы, што нават не паспелі развітацца адно з адным»
Духі ўсе розныя, як і людзі. Калі б я прадаваў джынсы, то з часам мой удзел перастаў бы быць неабходным: любога паставіў – ён справіцца, да таго ж усе ведаюць свае памеры. А з духамі ўсё складаней і цікавей, трэба пранікнуцца чалавекам, зразумець яго сутнасць. Гэта цяжка, затое канкурэнцыі ніякай не было. Гэтак жа, як лекар, я даследаваў людзей. Але не ўсім гэта падабалася, таму многія хадзілі ў безаблічныя крамы, каб ніхто іх не вывучаў і не лез у душу. А ў мяне даволі развітая інтуіцыя, таму што я вырас у беднасці і многае даводзілася спасцігаць самому.
З часам я стаў разумець, што любы прадавец павінен заўсёды ведаць больш, чым усе пакупнікі разам узятыя. Але гэта не азначае, што ён будзе проста так дзяліцца ведамі з кожным сустрэчным: ён эканоміць сваю энергію, таму што зносіны з людзьмі – вельмі затратны працэс. І калі з кожным размаўляць занадта шчыра, але не атрымліваць нічога наўзамен, то можна хутка перагарэць і стаць агрэсіўным. Бывае, убачыш у чалавеку чалавека – і пачынаеш укладвацца. І атрымаецца, што чалавек прыйшоў пакупніком – сышоў сябрам. Бывае і наадварот: колькі не ўкладвай у чалавека – у ім нічога добрага не ўзыдзе, там пустыня. З маладосці трэба навучыцца пазбягаць людзей, якія жывуць па прынцыпе «Я ў балоце, ну і ты давай да мяне». Яны вечна цягнуць уніз.
Што такое паспяховасць? Я не ведаю. Кватэра, машына – гэта проста рашэнне жыццёвых праблем. А чалавек у сваім развіцці заўсёды павінен ісці ўверх, наперад. І я вельмі ганарыўся, калі дзякуючы парфумерыі мне ўдалося падняцца на прыступку вышэй. У мяне з’явілася мара: каб усе пакупнікі Менска прыходзілі толькі да мяне. Можа, гэта было б паказчыкам паспяховасці? У нейкі перыяд у мяне сапраўды было вельмі шмат пакупнікоў, але потым нарадзілася другое дзіця і заняло галоўнае месца ў жыцці. Калі б яго не было, то, магчыма, увесь Менск у выніку быў маім.
«Нікому не кажыце, якая ў вас парфума, на іншым чалавеку духі ніколі не будуць пахнуць гэтак жа, як на вас»
Як парфума дапамагае ў кар’еры і прыватным жыцці
Аднойчы да мяне прыйшла поўная, не вельмі прывабная жанчына і папрасіла параіць ёй парфуму. Для мяне гэта прагучала як «Дапамажыце!». Я парэкамендаваў ёй адны духі, распавёў пра іх якасці, характар і тое, як яны потым распускаюцца... У іх быў усходні водар, але лёгкі, прыемны для еўрапейскага нюху. Яна ніяк не адрэагавала, але духі купіла.
Праз нейкі час прыйшла і расказала, што з ёй здарылася пасля той знакавай пакупкі. Уладальнікамі кампаніі, дзе яна працавала, былі туркі. Яны адзін раз пачулі яе водар, другі... Праз гэты пах яны яе заўважылі, узялі ў партнёры, выдзелілі ёй кабінет, павялічылі зарплату разы ў два – увогуле кар’ера пайшла ўгару.
Там таксама была класічная маладзенькая сакратарка ў кароткай спадніцы, на якую туркі перасталі звяртаць увагу. Тая дзяўчына карысталася толькі моднымі духамі, але ў іх ёсць адна ўласцівасць: яны спачатку падабаюцца, а потым пачынаюць аднолькава пахнуць. Тады яна вырашыла спытаць у той жанчыны, якую парфуму яна носіць. А я ўсім кліентам кажу: «Нікому не кажыце, якая ў вас парфума. На іншым чалавеку яны ніколі не будуць пахнуць гэтак жа, як на вас. Духі аддаюць сваю сутнасць толькі тады, калі вы самі іх выбіраеце. Калі капіюеце ў кагосьці, яны на вас не працуюць». Жанчына не стала прызнавацца, і тады тая сакратарка залезла да яе ў сумку. Нічога не знайшла, пайшла ў краму, купіла самыя модныя духі і аблілася імі. А перадазіроўка моднымі духамі робіць іх проста агіднымі і таннымі. Туркі – тонкія людзі, у такіх рэчах разбіраюцца. Яны яе і звольнілі неўзабаве.
«Гэтак жа, як лекар, я даследаваў людзей»
А тая жанчына пабудавала сабе дом, завяла хатніх жывёл і стала падарожнічаць па ўсім свеце. Па ўсе наступныя духі яна заўсёды прыходзіла да мяне. Зразумела, што будзь яна бязглуздай, кар’ера б у яе не пайшла ўверх, духі толькі дапамаглі звярнуць на сябе ўвагу сярод сотняў супрацоўнікаў у велізарнай кампаніі. Зрэшты, мала хто верыць гэтай гісторыі.
Яшчэ быў выпадак, калі дзяўчына купіла духі, перайшла дарогу і стала на прыпынку. З іншага боку вуліцы ішоў хлопец, пачуў яе водар і пайшоў за ёй. Яны пазнаёміліся, і цяпер яны жанатыя. Потым удваіх да мяне прыходзілі.
Журналістка 34mag месяц гандлявала марыхуанай у Лос-Анджэлесе. Цалкам легальна. Чытай рэпорт з пагружэннем.
Што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся? Кантрыбутару 34mag разбілі твар на сустрэчы менскага «байцоўскага клубу».
У пагоні за бязлітасным часам мы вырашылі задакументаваць апошнія савецкія пано і мазаікі Менска для калекцыі артэфактаў 34mag.
Лідар СБПЧ Кірыл Іваноў — пра людзей у правінцыі, канцэрты для аднаго чалавека і афрыканскі груў.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (2)
Не помню даже у кого я покупал парфюм возле лестницы с правой стороны Динамо. Но мне продали Clinique Happy и это было 100% попадание. Приятно что есть такие профи
Я яшчэ некалькі год таму набываў на Дынама рэчы. Яны хоць і былі турэцкай вытворчасці, шырпатрэб, але штосці ў іх было. Яны былі такія як патрэбна. Напэўна прадаўцы ўмелі падбіраць іх.