«Рома едзе. Кніга І»

Цяпер твае ўлюбёныя рэаліці-нататкі з кругасветнага падарожжа Ромы Свечнікава даступныя у выглядзе электроннай кнігі.

 

1 ліпеня 2012 года дваццацігадовы беларускі хлопец Рома Свечнікаў кінуў вучобу ва ўніверсітэце, развітаўся з сям’ёй, сябрамі і ўтульным пакоем у менскім чатырохпавярховіку ды выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа. З сабой ён узяў заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, люстраны фотаапарат, маленькі лэптоп і нешта каля двухсот даляраў наяўнымі. Так пачаўся мультымедыйны праект «Рома едзе » на 34mag. На працягу ўсяго свайго трыпу Рома літаральна ў дарозе на каленцы пісаў для нашага часопіса свае нататкі ў стылі рэаліці, мантаваў кароткія відосы-эксперыменты, рабіў атмасферныя фоткі, запісваў гукі мясцовых радыёстанцый.

З цягам часу папулярнасць матэрыялу і яго сэнсы перараслі рамкі праекту на сайце. Ромаў вірус свабоды выйшаў з-пад кантролю і ператварыўся нават у нейкі сімвал новага часу, у голас маладых. Мы зразумелі, што гэта трэба годна ўпакаваць, і пачалі працу над кнігай.

Гэтае электроннае выданне – першы том Ромавых нататак, першая палова планеты: ад Беларусі да ЗША праз Грузію , Арменію , Іран , Азербайджан , Расію , Манголію , Кітай , Лаос і Тайланд . Гэта кніга напісаная ў дарозе, а значыць, наша рэаліці сапраўднае, не змантаванае постфактум ва ўтульнай студыі. Ад главы да главы адчуваецца, як змяняецца герой, як сталеюць яго стыль і рытм, як узрастае складанасць пастаўленых задач, змяняецца светаадчуванне, грубее і гартуецца характар, разбураюцца старыя ўяўленні пра свабоду, грамадства, любоў і адзіноту. Гэта кніга ўнікальная тым, што другі яе том пішацца цяпер у Паўднёвай Амерыцы, сярод кактусаў і на скрыжаваннях наркатрафікаў. Пішацца гэтак жа: на каленцы і ў няспынным руху.

Гэта не «лёгкае чытво» ў «лёгкім жанры». Нам падаецца, што сабраны Ромам матэрыял вельмі глыбока прэпаруе жыццё. Гэта шматслойная кніга пра сілу і смеласць, веру і мары, уяўнае і рэальнае, людзей і грамадства, межы і космас. І гэта дакладна наша кніга, бо мы прызвычаіліся акопвацца ў сваім кантэксце, хавацца ў ракавіну і адкладаць на чорны дзень. І гэтага трэба пазбаўляцца.

Мы працягваем працу над праектам і спадзяёмся, што другі том дылогіі будзе напісаны на тым жа надрыве і не прымусіць сябе доўга чакаць. А пакуль пампуй першую частку і памятай: свет бясконцы, як і ты.

 

 

 


КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ