Як і навошта рэгістраваць НДА?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 10.04.2019
- 8245
Зрабілі для цябе падрабязны гайд па тым, як зарэгістраваць уласную грамадскую арганізацыю і не напароцца на падводныя камяні.
НДА – калька з англійскай non-governmental organization («недзяржаўная арганізацыя»), адэкватны варыянт на беларускай мове – грамадскае аб'яднанне (яны бываюць розных відаў, але пра гэта – ніжэй).
Згодна з Законам «Аб грамадскіх аб'яднаннях», ГА – гэта «добраахвотнае аб'яднанне грамадзян, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку аб'ядналіся на аснове агульнасці інтарэсаў для задавальнення нематэрыяльных патрэб і дасягнення статутных мэт».
Карацей кажучы, хочаш рабіць дабро арганізавана – рэгіструйся. Як правіла, такія арганізацыі вырашаюць нейкія важныя і актуальныя сацыяльныя пытанні. Згодна з базай ГА на сайце ngo.by, у Беларусі больш за ўсё арганізацый, якія займаюцца праблемамі спорту (664), сацыяльнай абароны і рэабілітацыі (630) і дабрачыннасці (470).
Гэта так не працуе. Усё той жа Закон «Аб грамадскіх аб'яднаннях» робіць незаконнай дзейнасць незарэгістраваных ГА на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць: окей, распавядаць аб праблемах ты зможаш. А вось рабіць нешта для іх вырашэння – наўрад ці.
Таму калі табе цікава рухацца ў свеце грамадскіх аб'яднанняў, голага энтузіязму хопіць толькі на першым часе. Ён дапаможа табе разгайдацца, але горы нерэальна звярнуць у адзіночку. А пры падтрымцы аднадумцаў і належнай фінансавай дапамозе шанцаў становіцца больш.
Дарэчы, пра фінансы – і гэта рэальна важна – паўнавартасна існаваць без фінансавай падтрымкі практычна немагчыма, а атрымліваць фінансаванне без афіцыйнай рэгістрацыі ты не маеш права.
Ты можаш зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, фонд і ўстанову. Першыя два віды рэгіструюцца ў Мінюсце, а ўстановы – у мясцовых органах.
Што яшчэ важней: грамадскія арганізацыі і фонды рэгіструюцца паводле дазвольнага прынцыпу. Гэта значыць, ты літаральна просіш сябе зарэгістраваць.
У выпадку з установамі працуе заяўны прынцып, гэта значыць фармальна цябе абавязаны зарэгістраваць.
Вольга Смалянка
дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend:
– Сёння многія арганізацыі не ідуць на рэгістрацыю грамадскага аб'яднання. У нас ёсць іншая форма, якая дазваляе стварыць арганізацыю хутчэй, – гэта ўстановы, яны рэгіструюцца па заяўным прынцыпе. Але гэта не грамадскае аб'яднанне як такое. Гэта не тая арганізацыя, якая вучыць прынцыпам дэмакратыі. Не членская арганізацыя, а арганізацыя аднаго ўласніка. Многія выбіраюць гэты, больш лёгкі шлях.
Грамадскае аб'яднанне – членская арганізацыя. Першая яе мэта – прыцягнуць членаў, якія мелі б агульныя мэты і дзейнічалі ў бок іх дасягнення. І так як гэта членская арганізацыя, яна можа займацца прасоўваннем інтарэсаў сваёй мэтавай групы. Напрыклад, моладзь. Калі яна аб'ядноўваецца, то разумее, якія інтарэсы ёсць у гэтай групы. Яшчэ ў ГА больш правоў у параўнанні з іншымі некамерцыйнымі арганізацыямі: можна прадстаўляць і абараняць сваіх членаў у судзе або дзяржорганах. А ўстанова – арганізацыя аднаго ўласніка. Гэта значыць, я магу вырашыць, што хачу рухацца ў бок дасягнення нейкай мэты, і зарэгістраваць яе.
Ёсць розніца, дзе рэгістравацца – у Менску ці ў рэгіёнах?
Геаграфія дзейнасці – гэта важна. Мясцовыя арганізацыі працуюць на тэрыторыi аднаго або некалькіх раёнаў. Рэспубліканскія – могуць працаваць па ўсёй краіне. Міжнародныя – павінны быць прадстаўлены і ў Беларусі, і ў адной або некалькіх іншых дзяржавах.
А што трэба для рэгістрацыі?
Табе павінна споўніцца 18 гадоў.
Запоўніць заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Зручны ўзор ёсць на сайце Мінюста.
Складзі Статут свайго аб'яднання. Тут сярод іншага важна пазначыць:
1) назву, якая ўключае ў сябе адначасова тып арганізацыі і характар дзейнасці. Трэба паказаць дзве версіі – поўную і скарочаную. Звярні ўвагу, каб яны не супадалі з ужо існуючымі арганізацыямі;
2) задачы і характар дзейнасці;
3) дзе менавіта будзе актыўнічаць тваё аб'яднанне.
Юрыдычны адрас, дзе будзе грунтавацца аб'яднанне. Твая кватэра не падыходзіць: туды нельга ўпісваць юрадрас, таму прыйдзецца пашукаць хоць нейкае памяшканне.
Аплаціць дзяржпошліну (на момант публікацыі: 5 базавых велічынь для мясцовых, 10 базавых – для рэспубліканскіх і міжнародных аб'яднанняў).
– Спіс заснавальнікаў.
Звярні ўвагу і на геаграфічныя патрабаванні
Мясцовыя:
– ад дзесяці членаў-заснавальнікаў, што прадстаўляюць дзве і больш адміністрацыйныя адзінкі тэрыторыі, на якія будзе распаўсюджвацца дзейнасць аб'яднання.
Рэспубліканскія:
– ад пяцідзесяці членаў-заснавальнікаў, якія прадстаўляюць большасць абласцей Рэспублікі Беларусь і Менска.
Міжнародныя:
– ад 10 членаў-заснавальнікаў ад Беларусі і не менш за тры – ад адной або некалькіх замежных дзяржаў;
– стварэнне прадстаўніцтваў арганізацый і на тэрыторыі замежных дзяржаў.
Аддзяленне міжнароднага грамадскага аб'яднання:
– ад дзесяці членаў-заснавальнікаў, якія прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь.
А якія аб'яднанні нельга рэгістраваць?
За гэта адказвае Артыкул 7 Главы 1 Закона «Аб грамадскіх аб'яднаннях». Пад бан на этапе рэгістрацыі тут жа патрапяць аб'яднанні, сярод мэт якіх можна разгледзець:
– гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу;
– прапаганду вайны;
– сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную і расавую варожасць;
– садзейнічанне замежным дзяржавам у прадастаўленні беларусам ільгот і пераваг «у сувязі з палітычнымі,
рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю ў парушэнне заканадаўства».
Слухайце, гэта ўсё пра папяровую цяганіну. А што з падводнымі камянямі?
Па-першае, папяровая валакіта – нармальны такі камень. Памылішся ў прозвішчы заснавальніка або зробіш абдрукоўку ў юрыдычным адрасе – гэта дастатковая нагода для адмовы ў рэгістрацыі. Таму тройчы перачытай усе дакументы, перш чым кудысьці іх адносіць.
Па-другое, і гэта самае важнае, крыху вышэй мы пісалі пра ўказанне «характару дзейнасці». Ён ніяк не вызначаецца заканадаўствам, яго трактуюць адвольна. Таму калі твае планы па адстойванні правоў трансгендараў у Беларусі будуць выражаны занадта ярка, цалкам верагодна, што на выхадзе ты атрымаеш адмову. З гэтай праблемай доўга змагаліся нашы сябры з Makeout, якія ў выніку зарэгістравалі сябе як «сацыяльна-інфармацыйнае ўстанову па падтрымцы праектаў у сферы гендарнай роўнасці». Здарылася гэта толькі летам мінулага года, хоць сам праект запусціўся яшчэ ў 2014-м.
Вольга Смалянка
Lawtrend
– Я ніколі са 100% упэўненасцю не магу сказаць, ці зарэгіструюць арганізацыю, які б характар дзейнасці яна ні мела. На практыцы ёсць адмовы ў рэгістрацыі як арганізацыям, якія садзейнічаюць пабудове грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай дзяржавы, так і сацыяльным і дабрачынным арганізацыям, нават калі дакументы падрыхтаваныя нармальна.
Праблема ў тым, што мы ніколі не разумеем, якое дзеянне будзе пасля таго, як мы пададзім дакументы на рэгістрацыю, таму што адмоваў досыць шмат. Наша заканадаўства прадугледжвае вялікі пералік падстаў для адмовы. Напрыклад, ім можа быць неадпаведнасць шрыфту, памылка ў нумары тэлефона і гэтак далей. Таму адмовіць у рэгістрацыі можна любой арганізацыі, калі задацца такой мэтай.
Мяне зарэгістравалі, што далей?
Падрыхтуй дакументы пра кіраўнікоў аб'яднання і атрымай пасведчанне для кіраўніка.
Наймі бухгалтара. Згодна з Законам «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці», некамерцыйная арганізацыя павінна мець сярод работнікаў чалавека, які адказвае за фінансы.
Адкрый рахунак у банку.
Разбярыся з падаткамі.
Завядзі кнігу ўліку і кнігу скаргаў і прапаноў.
Наша арганізацыя знайшла грант. Цяпер у нас ёсць сродкі, ура?
Абсалютна любая фінансавая дапамога павінна рэгістравацца. Плюс табе трэба ўважліва сачыць за справаздачамі: некамерцыйная арганізацыя не можа займацца камерцыйнай дзейнасцю (лагічна, так). Што гэта азначае: усе даходы ў выніку трацяцца на дзейнасць (сюды ўваходзіць і зарплата тваіх работнікаў).
Вольга Смалянка
Lawtrend
– Заканадаўча паняцця «грант» у сферы некамерцыйных арганізацый у нас няма. У нас аперуюць паняццямі «замежная бязвыплатная дапамога» і «міжнародная тэхнічная дапамога».
І калі некамерцыйнай арганізацыі прыходзіць любая фінансавая дапамога, яе неабходна рэгістраваць у дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. А калі арганізацыя хоча вызваліцца ад падаткаў, неабходна атрымаць заключэнне кампетэнтнага органа ў залежнасці ад кірунку дзейнасці праекта. Галоўнае – каб гэтая дапамога адпавядала мэтам і нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Да каго звярнуцца па кансультацыю?
Лагічней за ўсё ісці па дапамогу да экспертаў, якія даўно працуюць у гэтай сферы. Лепшыя сярод іх – работнікі БРГА «Аб'яднаны шлях», Асамблея НДА і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.
Ці варта ўвогуле гэтым займацца?
Так, таму што прынцып «гэтым абавязкова зоймецца хтосьці яшчэ» ўжо даўно не працуе. Калі бачыш актуальную праблему і разумееш, як палепшыць сітуацыю, – не сядзі на месцы, а разганяй варушняк.
Па натхненне раім зазірнуць у наш раздзел «Актывісты», дзе мы расказваем гісторыі людзей, якія робяць усё, каб Беларусь стала лепшай.
Iлюстрацыя by Sheeborshee