6 бясплатных курсаў пра журналістыку і блогінг
- Рубрыка: УЛОЎ
- 18.09.2023
- 2758
Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых запрашае на восеньскія анлайн-курсы ўсіх, каго цікавіць журналістыка або блогінг, але яны ані журфакаўскіх корачак не маюць, ані інстаграму на 1000 падпісчыкаў.
«Марыш пра журналістыку? Вядзеш альбо плануеш стварыць свой блог ці ютуб-канал? Хочаш навучыцца ствараць крутыя мультымедыйныя праекты і авалодаць сакрэтамі фота? І пры гэтым не ўляпацца ў непрыемныя гісторыі, звязаныя з законам і этыкай? Тады табе дакладна да нас!» – сцвярджаюць арганізатары патока.
Якія курсы прапануюць:
«Must have: курс для пачаткоўцаў у журналістыцы». Тут навучаць шукаць тэмы і герояў, абіраць жанры, фактчэкаць, карыстацца рознымі інструментамі візуалізацыі для стварэння мультымедыйных гісторый.
«Здымай як профі: візуальны стыль кантэнту». Вядоўца курса – Таня Капітонава, якая шмат здымала для 34. Тут падзеляцца лайфхакамі, навучаць карыстацца мабільнымі наладамі і прыладамі, рыхтавацца да здымак, здымаць і апрацоўваць, а таксама складаць партфоліа.
«Медыяпраекты: ад ідэі да рэалізацыі». Пад кіраўніцтвам ментараў можна будзе распрацаваць або дапрацаваць уласны медыяпраект.
«”Не дзелайце мне нэрвы”, або Асновы прававой журналістыкі». Вядучыя курса распавядуць пра рэлевантныя журналістам асновы заканадаўства, этычныя стандарты, спосабы вырашэння канфліктных сітуацый у медыя.
«Сацыяльныя сеткі: reconnection». Медыйнік Дзяніс Васількоў будзе вучыць, як зрабіць кантэнт-план, як ствараць цікавы кантэнт, планаваць прадакшн і разлічваць выдаткі на прасоўванне сваіх крэатываў.
«Youtube ад А да Я». Тут – пра кантэнт для ютуба, інструменты платформы і магчымасці росту менавіта на ёй.
Кожны курс уключае 5–6 заняткаў па 1,5–2 гадзіны плюс выкананне дамашкі на дыстанцыйнай платформе. Нешта пачынаецца ўжо ў кастрычніку, іншыя праграмы – у лістападзе і снежні. Але заяўкі на любы курс прымаюць да 24 верасня.
Фота: Pexels