Як дагрукацца да СМІ? 12 парадаў
- 13.10.2023
- 3132
Ад многіх людзей, якія займаюцца актывізмам, можна пачуць, што бессардэчныя журналісты «не хочуць» пра іх пісаць, але ў большасці выпадкаў справа наўрад ці ў нейкім «ценявым бане». Проста інфармацыі цяпер так шмат, што праз яе яшчэ паспрабуй прабіся. З гэтым могуць дапамагчы парады медыякансультанткі Ясі Каралевіч-Картэль і спецыялісткі па камунікацыях Кацярыны Бунінай, агучаныя ў падкасце «Трэба спрабаваць». Спасылка на выпуск – ніжэй, а тут прапануем яго канспект.
1/ Трэба памятаць, што ў камунікацыі ёсць як мінімум два актары або актаркі: той(-ая), хто перадае паведамленне, і той(-ая), хто яго атрымлівае. Важна хаця б прыблізна разумець, што адбываецца «на тым баку». Таму ў момант, калі ты спрабуеш дагрукацца да журналіста(-кі), май на ўвазе, што ты ў першую чаргу спрабуеш дагрукацца да чалавека – які(-ая) гэтак жа выгараў(-ла) і завалены(-ая) інфармацыяй. Так будзе лягчэй паразумецца.
2/ Лепш не распыляцца, а выбраць 2–3 медыя, з якімі перасякаецца аўдыторыя, і быць гатовым(-ай) адаптаваць матэрыял пад аўдыторыю кожнай пляцоўкі, то-бок зрабіць некалькі варыянтаў матэрыялу.
3/ Журналіст(-ка) – усяго толькі перадатчык(-ца) інфармацыі. Класна, калі табе ўдалося пераканаць яго або яе ў тым, што твая ідэя класная. Але для самой ідэі важней пераканаць у яе класнасці тых людзей, якім яна адрасаваная. Падумай, якія медыя чытаюць гэтыя людзі, і паспрабуй ісці менавіта туды.
4/ Улічвай, што многія медыя цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі. Гэта абмяжоўвае пляцоўкі, на якіх ты можаш падсвятліць свае ідэі ды івэнты, але выйсце заўсёды ёсць. Можна, напрыклад, працаваць з блогерамі і блогеркамі: іх аўдыторыя будзе меншай, чым у вялізнага «забароненага» партала, але цалкам верагодна, што твая тэма ёй адгукнецца нават больш.
5/ Адпраўляючы прэс-рэліз у рэдакцыю, укладзі яго непасрэдна ў цела ліста, не рабі атач да пустога акенца з тэмай «Прэс-рэліз». Каб адкрыць прымацаваны файл, рэдактару трэба зрабіць лішні клік, а часу цяпер ва ўсіх замала.
6/ Каб адаптаваць прэс-рэліз пад фармат і стыль медыя, варта пагартаць матэрыялы, якія там апошнім часам выходзілі. Напісаць прэс-рэліз, які мае ўсе шанцы на поспех, дапамогуць рэкамендацыі 34mag. Але нават добрыя прэс-рэлізы рэдакцыі часта не чытаюць (чаму – вось адказ). Не апускай рукі – шукай кантакты напрамую з людзьмі з рэдакцыі.
7/ Не трэба рогам упірацца ў фармат навіны. Медыяфарматаў шмат: падборкі, інтэрв'ю, рэпартажы. Можна ўплесці тое, што важна табе, у нейкую тэму, якая цяпер ва ўсіх на слыху. Можна абыграць праблему праз мем. Можна закалабіцца з артыстамі, дызайнерамі, блогерамі.
8/ Найлепш людзі рэагуюць на гісторыі, і ў гэтым ключ актывісцкай камунікацыі: калі ты займаешся нейкімі праблемамі, то ўсе гэтыя праблемы – пра людзей, а гісторыі гэтых людзей – якраз тое, што мае шанцы на моцны водгук у чытачоў. Журналісты(-кі) заўсёды знаходзяцца ў пошуку важных і моцных гісторый – дай ім гісторыю.
9/ Важна думаць над тым, як быць больш зразумелымі аўдыторыі, і спрашчаць (ясная рэч, у межах прыстойнага). Калі нешта напісана занадта складана, то каштоўнасці могуць так і застацца «нераспакаванымі». Ці важнейшы «высокі штыль» за кранутыя сэрцы? Бадай, ніколі.
10/ Калі табе важна, каб медыя выкарыстоўвалі (ці, наадварот, не выкарыстоўвалі) пэўныя фармулёўкі ці словы, пра гэта трэба дамаўляцца загадзя. На беразе можна і дамовіцца пра тое, што ты паглядзіш матэрыял перад публікацыяй.
11/ Часам кідкі клікбэйтны загаловак прыносіць больш праглядаў, а значыць – і патэнцыйнай карысці, якую «прычыняе» твой матэрыял. Але калі загаловак ідзе ўразрэз з тваімі каштоўнасцямі, табе ад яго дрэнна – так і напішы пра гэта журналісту(-цы).
12/ Заўсёды важныя чалавечыя адносіны. Варта захоўваць не толькі кантакты, але і кантакт: напрыклад, ніколі не будзе лішнім падзякаваць за выхад прыўкраснай публікацыі.
Падрабязней пра тое, як дагрукацца да СМІ, слухай у шостым эпізодзе падкасту «Трэба спрабаваць» (там табе і прыклады «на рэальных падзеях» будуць, і ідэі, якія можна браць у работу):
Apple Podcasts / Spotify / Soundcloud / Castbox / Google Podcasts / Yandex.Music
Фото: Palasatka