SpaceX пачала ствараць «сусветны інтэрнэт»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.02.2018
- 9871
22 лютага амерыканская кампанія SpaceX, якая адказвае за большасць цудаў на нашай планеце (і па-за ёй), запусціла «на пробу» два камунікацыйныя мікраспадарожнікі Microsat-2a і Microsat-2b.
First two Starlink demo satellites, called Tintin A & B, deployed and communicating to Earth stations pic.twitter.com/TfI53wHEtz
— Elon Musk (@elonmusk) February 22, 2018
Калі ўсё пройдзе гладка, SpaceX шпурне ў неба мноства падобных апаратаў і створыць сетку для забеспячэння шырокапалосным спадарожнікавым доступам у інтэрнэт амаль усю паверхню Зямлі.
Як гэта будзе зроблена тэхнічна, шырокай публіцы невядома: кампанія не спяшаецца раскрываць падрабязнасці праекта. Больш за тое, яна дамаглася забароны на публічнае распаўсюджванне гэтых падрабязнасцей з боку амерыканскай Федэральнай камісіі па сувязі, куды падавала заяўку на выдзяленне рабочых частот для спадарожнікавага інтэрнэту.
Калі аб праекце Starlink у 2015 годзе ўпершыню застрачылі СМІ, пісалі, што кампанія Ілана Маска выведзе на нізкую калязямную арбіту 4425 спадарожнікаў з абсталяваннем сувязі. Планавалася размясціць апараты ў 83 арбітальных плоскасцях на вышынях ад 1110 да 1325 кіламетраў, што, па прыкідках, дазволіла б перамагчы галоўны недахоп спадарожнікавага інтэрнэту – тармазы ў праходжанні сігналу (тыя правайдары, што працуюць са спадарожнікамі зараз, юзаюць іх на значна большай вышыні, і затрымка сігналу складае ад сотняў мілісекунд да некалькіх секунд – карацей, у анлайн-гульню не зарубішся).
У 2017 годзе план апдэйтнулі: SpaceX вырашыла арганізаваць групоўку з 11943 спадарожнікаў. Да першапачатковых 4425 апаратаў дадаецца 7518 на больш нізкіх арбітах – ад 335 да 346 кіламетраў, – і разам яны складаюць аднарангавую сетку: кожны спадарожнік у сетцы будзе самастойнай адзінкай, адначасова выконваючы функцыі і кліента, і сервера. Такі расклад дазволіць знізіць затрымку сігналу да 25 мілісекунд (каб ты разумеў(-ла): у сотавых сетках 4G затрымка складае ў сярэднім 7-8 мілісекунд).
Некаторыя СМІ пісалі, што Ілан Маск & Co падораць нам сусветны Wi-Fi, але тое, канешне, казкі. Вайфаеўскі сігнал безнадзейна заглухне ў іянізаваных пластах атмасферы.
Каб падключыцца да спадарожнікавага інтэрнэту «ад Маска», трэба будзе набыць трансівер, фазіраваную антэну і тэрмінал кіравання ёй. Колькі грошай гэта высмакча з твайго гаманца, пакуль невядома, але сучасныя трансіверы з антэнамі для спадарожнікавага інтэрнэту каштуюць у сярэднім 300–800 даляраў.
Сам доступ абяцаюць зрабіць танным. Верагодна, SpaceX будзе зарабляць на рэкламе, арэндзе і продажы абсталявання. Таксама кампанія плануе здаваць свае інтэрнэт-спадарожнікі ў арэнду іншым даследчым арганізацыям.
Усеагульны доступ у інтэрнэт першым перападзе амерыканцам, затым яго разгорнуць у Канадзе, у краінах Еўропы, а потым ужо ў астатніх рэгіёнах. Пры гэтым улады асобных краін, зразумела, могуць не выдаць дазвол на выкарыстанне частот, і ў гэтым выпадку кампаніі SpaceX, хутчэй за ўсё, будзе забаронена пастаўляць свае спадарожнікавыя тэрміналы ў гэтыя дзяржавы.
Яшчэ адзін слізкі момант: занадта танны спадарожнікавы інтэрнэт можа не спадабацца антыманапольным службам.
Ну, будзем жывыя – патэсцім!
Крыніца: N + 1