SpaceX паспяхова запусціла самую магутную ракету
- Рубрыка: УЛОЎ
- 07.02.2018
- 12424
Пакуль ты спаў(-ла), кампанія SpaceX Ілана Маска запусціла ў неба самую магутную ракету ў свеце – Falcon Heavy. Запуск адбыўся 6 лютага 2018 года. Ракета-носьбіт адправіла ў космас фарсіста-пунсовы аўтамабіль Tesla Roadster, за рулём якога сядзіць манекен у скафандры. Каб ён, відаць, не засумаваў, у салоне па крузе грае «Space Oddity» Дэвіда Боўі – трэк пра выдуманага астранаўта.
Калі ты хочаш выдаткаваць 43 хвіліны жыцця на штосьці гістарычнае, паглядзі, як Falcon Heavy адрывалася ад зямлі.
Троху лічбаў. Ракета Маска важыць амаль як чатыры БелАЗ-75710 – 1420 тон, а цяга, якую развілі яе рухавікі на ўзлёце, параўнальная з цягай васямнаццаці 747-х «боінгаў». Ракета здольная вывесці на калязямную арбіту да 63,8 тон карыснага грузу, у той час як расійская «Пратон-М» пацягне максімум 23, а амерыканская Delta IV Heavy – 29. Карацей, ракеце Ілана Маска проста няма роўных на Зямлі.
Па задумцы бліскучы прыгажун Tesla павінен быў апынуцца на эліптычнай арбіце, якая цягнецца ад Сонца да Марса, але гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца, і машына, па ўсёй бачнасці, накіруецца ў бок пояса астэроідаў. Мяркуецца, што аўтамабіль будзе знаходзіцца на арбіце некалькі сотняў мільёнаў год. Сачыць за эпічнымі перамяшчэннямі касмічнага ездака можна на Youtube.
Гістарычным гэты момант робіць, вядома, не Tesla (і нават не Боўі). Соль у тым, што новая цяжкая ракета дазволіць SpaceX значна знізіць кошт запускаў і пашырыць свой патэнцыял. Кампанія Ілана Маска зможа выводзіць на арбіту больш цяжкія спадарожнікі і запускаць касмічныя апараты, якія не падыме ніякая іншая ракета ў свеце. Такім чынам, ты стаў(-ла) сведкай таго, як SpaceX становіцца «галоўнай па космасе» (дарэчы, у 2017 годзе кампанія ажыццявіла больш паспяховых запускаў, чым любая іншая прыватная ці дзяржаўная арганізацыя).
Сёлета Falcon Heavy запусцяць яшчэ як мінімум двойчы: спачатку яна выведзе на арбіту спадарожнік Arabsat 6A, замоўлены ААЭ, а потым адправіць груз для ВПС ЗША.
Крынiца – Meduza