У Менску адбыўся першы кіберспартовы матч у сетцы 5G
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.06.2020
- 6157
Кампанія А1 зладзіла ў Менску першы кіберспартовы матч па мабільных гульнях у тэставай сетцы 5G SA. Магчымасці нядаўна разгорнутай тэставай 5G-сеткі SA (Standalone) выпрабавалі тры каманды геймераў.
Спаборнічалі ў шматкарыстальніцкіх анлайн-гульнях Playerunknown's Battlegrounds (PUBG), Dota Underlords і Clash Royale. Канкрэтныя апкі выбралі так, каб яны адносіліся да розных класаў: анлайн-шутар, стратэгія ў рэальным часе, аўташахматы. Такі расклад дазволіў з розных бакоў прадэманстраваць магчымасці 5G. Для тэставання абралі смартфоны Huawei P40 Pro – флагманскія прылады брэнда на базе высокапрадукцыйнага працэсара Kirin 990 з падтрымкай 5G SA.
Наколькі дакладным акажацца стрэл, як хутка зробіць ход праціўнік і, адпаведна, на чыю карысць абернецца ход усяго бою – вырашаюць долі секунды. Хуткасць перадачы дадзеных і час водгуку сеткі маюць тут крытычна важнае значэнне. У ходзе тэставання хуткасць перадачы дадзеных склала 1,2 Гбіт/с, а час водгуку сеткі (ping) – 10 мілісекунд.
Антон Бладзік
намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце
«Сёння мабільны геймінг па тэмпах росту абганяе ўсе астатнія сегменты – і традыцыйных гульняў для ПК, і кансольны. Выбухны рост сегменту мабільнага геймінгу забяспечыў развіццё мабільных гульняў. А ўкараненне сувязі пятага пакалення дазваляе гульнявой індустрыі выйсці на недаступны раней узровень і прапанаваць карыстальнікам прынцыпова новыя магчымасці – напрыклад, такія як актыўнае выкарыстанне тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, воблачны геймінг і іншыя. Першы крок да гэтага сёння зроблены і ў нас у краіне на базе тэставай 5G-сеткі А1».
Даведка: Тэставая 5G-сетка А1 створаная на базе аўтаномнай архітэктуры – SA (Standalone). У адрозненне ад сетак з неаўтаномнай архітэктурай (NSA, Non-Standalone), «чыстыя» 5G-сеткі разгортваюцца без прывязкі да інфраструктуры сетак 4G/LTE. Такі падыход патрабуе ад аператара больш значных часавых і фінансавых выдаткаў на пачатковым этапе, аднак дазваляе адразу забяспечыць абанентаў паўнавартаснай 5G-сувяззю з падтрымкай усіх ключавых пераваг дадзенага стандарту – у прыватнасці, звышвысокахуткаснай перадачай дадзеных з мінімальнай затрымкай.
ООО «Вундербай»
УНП 192153894