Твой (не)дружалюбны сусед. Гісторыя аднаго хатняга гвалту

  • 07.02.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 4646

Мы прывыклі, што хатні гвалт – недзе там, за хэштэгамі ў сацсетках, у лекцыях актывістаў і сацыяльнай рэкламе. Мы чытаем #MeToo-страшылкі з інстаграма, жахаемся, суперажываем і ківаем галавой: «Гэта недапушчальна – я б ніколі не застаўся ў баку!» А потым раптам страшная казка ажывае ў цябе на вачах. Вось яна, сацыяльная праблема, на адлегласці выцягнутай рукі. Твой сусед па кватэры па-зверску збівае сваю дзяўчыну – ідзі ўжо і зрабі што-небудзь! Вось тут уся твая бравада рэзка знікае, і ты застаешся сам-насам з сумленнем. Мая гісторыя была такой.

 

Імёны герояў зменены, але гэта не так важна. З хатнім гвалтам ты можаш сутыкнуцца літаральна ўсюды: паводле статыстыкі за 2014 год кожная трэцяя беларуска сутыкалася з ім у сваім жыцці. Летась у Беларусі амаль прынялі закон «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» – пачытай наш падрабязны таймлайн пра тое, чаму нічога не выйшла.

 

***

– Шлюха я*аная!

Ну, панеслася. Цяпер зноў будуць крычаць адно на аднаго гадзіны паўтары, потым паўгадзіны мірыцца, потым ад сілы хвілін пятнаццаць трахацца, а пасля заснуць – завучаны рытуал. Ніколі такога не было, і вось ізноў. Чорт мяне пацягнуў наогул пераязджаць у гэты раён, у гэты дом і ў гэтую кватэру.

– Так завалі табло, прастытутка, бл*ць!

Напэўна, трэба растлумачыць. Дзесьці паўгода таму я зняў пакой у адным не асабліва шчасным спальніку ў шматпавярховай панэльцы з відам на могілкі і ЦЭЦ. Назавем гэты раён Мокрава. Сапраўднае гета, створанае для таго, каб паўжыцця выбірацца з яго, а потым паўжыцця чытаць рэп пра тое, як ты з яго выбіраўся.

– Сука, яшчэ раз ты мяне перапыніш – атрымаеш ляшча, адказваю!

Гэта мае суседзі гарлапаняць за сценкай – назавем іх Віталя і Соня. І цяпер у іх... Назавем гэта «шлюбныя гульні». Спачатку я таксама быў у шоку, але з часам чалавек можа прывыкнуць да чаго заўгодна. І я прывык. І да таго, што «шлюха» – гэта самы прыемны камплімент сваёй дзяўчыне з боку Віталі, і да таго, што Соня нібы не бачыць у гэтым нічога такога.

Цвярозы Віталя – пазітыўны хлопец. Акуратны, ветлівы і абыходлівы. П'яны Віталя – карыкатура з нясмешных анекдотаў пра «рус-с-с-скага алкаша». Пра тое, што ён лічыць сябе менавіта «рускім алкашом», Віталя неяк расказаў мне ў 9 раніцы, калі прымусіў піць з ім гарэлку. Тое, што я быў супраць, бо не спаў усю ноч, Віталю не хвалявала ад слова «зусім». А супраціўленне было марным – бачылі б вы гэтую шафу.

– Як жа я цябе ненавіджу, поскудзь!

А вось і «поскудзь» пад'ехала – можна выкрэсліваць. Падобныя сваркі ў іх адбываюцца кожныя тры-чатыры дні, і я ўжо паспеў вывучыць увесь лексікон. Інтрыга складаецца толькі ў тым, у якім парадку «сука», «поскудзь» і «шлюха» пойдуць сёння. Спрабаваць умешвацца ў гэтую гісторыю я не бачу ніякага сэнсу. Па-першае, ёсць вялікі шанец адхапіць «рыкашэтам». Па-другое, я ўжо спрабаваў. Заводзіў гэтую тэму ў мімалётных размовах з Соняй на агульнай кухні. Усё, што я меў у адказ, – запэўненне ў тым, што ў іх «вялікія пачуцці» і што «на самай справе ён добры». А «б'е – значыць кахае» – ну вядома ж, хто б сумняваўся.

«Інтрыга складаецца толькі ў тым, у якім парадку «сука», «поскудзь» і «шлюха» пойдуць сёння»

Апошняя заява, памятаю, паставіла мяне ў ступар. Асабіста я ніколі не бачыў, каб сусед біў сваю дзяўчыну. Часам з-за сценкі даносяцца рэплікі ў стылі «Віталік, мне ж балюча». Але паспрабуй разбяры, дзе ў іх там сэкс, а дзе – бойка. Я шчыра спадзяваўся, што гэта ўсё ж такі першы варыянт, і Віталік проста дрэнны Казанова. Нават спецыяльна выстукваў рытм у інтэрвалах паміж крыкамі, каб праверыць. Нібы трапляе – значыць, усё-ткі трахаюцца.

Прыяцель, які здымаў тут пакой да мяне, падчас нашай п'янкі ў гонар майго заезду папярэджваў, што парачка побач жыве не самая салодкая. І нават распавёў гісторыю пра тое, як аднойчы Віталя зламаў Соні сківіцу. Маўляў, сядзіць ён у сябе ў пакоі, нікога не чапае, і раптам чуе гучны крык і гук падзення цела. Выбягае да іх у залу і бачыць нацюрморт: на падлозе ляжыць Соня, твар у крыві, а побач коламі бегае Віталя, трымаючыся за галаву. А далей былі мянты, хуткая дапамога – усё як мае быць.

Мяне тады перасмыкнула, але я ўсё роўна не асоба паверыў у гэтую «балабанаўшчыну». Твар у апавядальніка быў занадта п'яны і вясёлы, і я спісаў усё на яго спецыфічнае «чарнушнае» пачуццё гумару.

– Шкура, ідзі на трасу, ужо поўнач, працоўны дзень пачаўся!

Ну ўсё, выкрэсліваем «шкуру» і спаць. Хутка яны спыняцца – абодвум заўтра на працу да дзявятай. Эмансіпацыя жанчын, самадастатковасць, фемінізм – паходу ўся гэтая хрэнь створана для цэнтральных раёнаў. У маім жа гета за такія словы могуць адмудохаць. Звычайне такое спальнае жыццё, нічога не зробіш, вельмі шкада – дабранач.

 

 

«А будзь на месцы трэці сусед – было б толькі горш. Ён бы спадзяваўся на мяне, я на яго, і ў выніку быць нам абодвум маўклівымі сведкамі макрухі, а не супергероямі»

***

Мяне разбудзіў гучны шалёны крык з суседняга пакоя. Спачатку я не зразумеў, у чым справа, – думаў, кашмар сніцца. Зірнуў на гадзіннік – тры раніцы. Няўжо яшчэ не скончылі?

– Ты што, зусім сумленне страціў, тварына, сілай мяне ўзяць хочаш?

Так, а вось гэтага ў сцэнары не было. Глухі гук удару ў твар. Жудасны ў сваёй натуральнасці, зусім не такі, як у кіно. І зноў гэты крык. Я нават закрыў вушы. Тое, што ў суседнім пакоі адбываецца нейкі пі*дзяняшчы душу лядзяш, стала канчаткова відавочна. Пытанне: што з гэтым рабіць?

– Пакладзі нож, сука, горш будзе!

– Я цябе на*уй зараз прырэжу, вырадак! За ўсё, што ты мне зрабіў!

Першая думка – зачыніць нахрэн свае дзверы і не высоўвацца. Здрадлівыя інстынкты самазахавання. Я зусім не баец – п'яны азвярэлы КМС па «чымсьці-там» Віталя перабіў б мяне адной саплёй. Усе мы ў сваіх марах супермэны, але ці часта панажоўшчына адбываецца ў вас на адлегласці выцягнутай рукі? Калі вы біліся наогул у апошні раз? Ніхто не хоча, каб апошнім, што ад яго засталося, быў дрэнны сюжэт у «Зоне Ікс». Так што прызнаюся: спачатку я засцаў. Засцаў і накінуў зашчапку на дзверы так ціха, як толькі змог.

Другая думка – можа быць, дапаможа нехта яшчэ? Чаму адразу я? Па сутнасці, гэта ўсё тая ж баязлівасць і спроба пошуку кампрамісу з сумленнем. Я выдатна ведаў, што дапамагчы няма каму – у кватэры толькі я і гэтыя Атэла з Дэздэмонай. А будзь на месцы трэці сусед – было б толькі горш. Ён бы спадзяваўся на мяне, я на яго, і ў выніку быць нам абодвум маўклівымі сведкамі макрухі, а не супергероямі.

Гэтае перакідванне сацыяльнай адказнасці мае ўласную навуковую назву – «эфект Кіці Джэнавезэ». Сваю назву гэты тэрмін атрымаў у гонар рэзананснага забойства, якое адбылося ў Нью-Ёрку ў 1964 годзе. На маладую дзяўчыну, якая вярталася дадому позняй ноччу, напаў серыйны маньяк Уінстан Мозлі. Забойца рэзаў, збіваў і гвалтаваў 29-гадовую Кіці на працягу паўгадзіны. У выніку дзяўчына памерла ад атрыманых траўмаў у машыне хуткай дапамогі.

Гэты выпадак быў бы не такім характэрным, калі б не адно «але»: сведкамі забойства аказаліся больш за дзясятак чалавек (газета «Таймс» наогул паведаміла пра 38 відавочцаў, але ў далейшым усталявалі, што гэты лік перабольшаны). Гэта былі звычайныя людзі з суседніх дамоў, якія практычна не ўмешваліся ў працэс і з вокнаў сваіх кватэр назіралі, як памірае ахвяра, быццам у перакручаным 5D-кінатэатры. І кожны спадзяваўся, што сапраўдны адпор дасць хто-небудзь іншы. Не ён, а вось той мужчына з суседняга дома ці вось тыя маладыя хлопцы на прыпынку. Калектыўны эгаізм і масавае «мая хата з краю» ў дзеянні.

Пазней на следчым эксперыменце на пытанне, чаму ён так нахабна дзейнічаў на вачах у цэлага натоўпу сведак, Мозлі адказаў: «Яны б не ўмяшаліся. Яны ніколі не ўмешваюцца».

– Адпусці, калі ласка, прашу цябе ...

З актыўнага супраціўлення Соня раптам пераходзіць на слёзы. Апраўдання сабе шукаць усё больш складана. Здавалася, што я стаю і туплю каля дзвярэй ужо цэлую вечнасць, хоць на справе прайшло ад сілы хвілін пяць. Падобна, проста цяпер п'яны Віталя спрабуе яе згвалціць. Трэба нешта рабіць, інакш я не змагу глядзець на сябе ў люстэрка. Проста выйдзі, проста пакажы, што ты ўсё чуеш, як у той індыйскай сацыяльнай рэкламе, дзе мужык вельмі доўга званіў у званок, пакуль крыкі не аціхлі. Адрываю клямку, на ўсялякі выпадак кладу ў кішэню складаны ножык. Тваю маці, калі ж я ўжо з'еду адсюль!

 

 

***

– Санька, ды яна неадэкватная! Бачыш, яна нават цяпер правакуе!

Пах перагару раз'ядае вочы. І гэтае пошлае «яна сама справакавала» – я думаў, яно бывае толькі ў старых падручніках па псіхалогіі за першы курс. Але апраўданні аб'юзераў, як відаць, не эвалюцыянуюць.

Пад вокам «правакатаршы» ўжо цяпер брыняе гематома памерам з лімон. Заўтра яе твар ператворыцца ў велізарны сіні кабачок, але цяпер яна не адчувае болю – мабыць, на адрэналіне. У пакоі ўсё перакулена ўверх дном. Краем вока я пазіраю за тым, каб нажы заставаліся на далёкім століку, і пры гэтым стараюся не запаліцца, што сачу за імі. Віталя хвастае гарэлку ў поўным неўмянозе. Гаварыць з ім цяпер – як танцаваць брэйкданс на мінным полі. Каб ён не пайшоў у разнос, я абраў тактыку незадаволенага суседа, якога абудзілі. Уключаю акцёрскія навыкі на ўзроўні вясковага ТЮГа і спрабую выдаць страх за сваё і чужое жыццё за лёгкае заспанае раздражненне.

– Віталя, табе трэба сысці. Тое, што ты робіш, – гэта ... не крута, мужык.

«Не крута» – пі*дзец, так і сказаў, прыкіньце. Ну ты і сцыкло, Саня! Хоць на Віталю падзейнічала нават гэта – сусед рэзка кудысьці зазбіраўся. А сама бойка спынілася, варта было мне зайсці ў пакой. Я нават не чакаў. Магчыма, так і ўладкавана псіхалогія хатняга гвалтаўніка: строіць з сябе шалёную гарылу ён здольны, толькі пакуль яго ніхто не бачыць. А калі яго хтосьці выкрыў у зробленым – хвост імгненна падціскаецца. Звычайна такія людзі – узорныя работнікі і наймілейшыя калегі. Сацыяльная маска на сапраўдным твары сядзіць шчыльна. Але калі яе раптам адрываюць, чалавек (закрэсліваю) адчувае неверагоднае замяшанне.

З крыкам: «Усё, я сыходжу, Саня, можаш яб*ць гэтую шлюху, што хочаш з ёй рабі!» – Віталя адышоў у ноч. Ну, прынамсі я так думаў. Як высветлілася потым, яшчэ нейкі час ён проста сядзеў пад дзвярыма і падслухоўваў, што адбываецца ў кватэры. Як толькі замок закрыўся, Соня, якая да гэтага з апошніх сіл агрызалася ў адказ і спрабавала не паказваць сваю слабасць, упала на калені і канчаткова расплакалася. Я паспрабаваў яе суцешыць, але, калі шчыра, паняцця не меў, што трэба гаварыць.

«Апраўданні аб'юзераў, як відаць, не эвалюцыянуюць»

– Цяпер і ты ў курсе, што ён за жывёла. Гэта не ў першы раз ужо адбываецца. Я два разы заявы забірала, мянты сказалі, што ў наступны раз не аддадуць. Глядзі – вось гэта летам было.

Соня паказвае мне фота на сваім тэлефоне. Яно было знята для фіксацыі збіцця ў пастарунку. Яна там і ёсць аднае суцэльнае збіццё. Бачылі калі-небудзь байцоў ММА пасля паядынку? Тое ж самае набухлае дражджавое цеста, толькі замест Конара – маладая дзяўчына. Я адчуў сорам. За тое, што лёг спаць і не спыніў усё гэта раней, калі справа яшчэ не дайшла да бойкі. За тое, што так доўга ламаўся і трухаў выходзіць на дапамогу.

– Мяне нават маці ягоная папярэджвала: «Уцякай ад майго сына – ён пачвара». А я яе паслала куды далей і не паверыла – як наогул такое пра ўласнага сына можна гаварыць?

– Навошта ты да яго вяртаешся кожны раз?

– Шкада яго. Ён кожны раз плача, клянецца, што больш не будзе так, любіць мяне больш за жыццё і наогул ажэніцца хутка. Ды і ў яго ўся сям'я такая, яны з братам б'юцца, з мамай б'юцца – магчыма, ён не бачыць нічога дрэннага ў тым, што праблемы кулакамі вырашаюцца.

– Ты ж разумееш, што гэта не скончыцца. Калі ласка, не смей прыходзіць назад.

Соня прамаўчала пару секунд, выцерла слёзы і выпаліла:

– Трэба скрасці ў яго ката, і я больш ніколі да яго не вярнуся. Дастала ўсё. Нагі маёй больш тут не будзе. Сань, дзякуй табе. Дапаможаш вынесці рэчы?

 

 

«Звычайна такія людзі – узорныя работнікі і наймілейшыя калегі. Сацыяльная маска на сапраўдным твары сядзіць шчыльна»

***

У тую ж ноч, ужо пасля ад'езду Соні, Віталя вярнуўся дадому яшчэ больш п'яным, чым сыходзіў. Ён перахапіў у Соні сумкі і падахвоціўся данесці іх да таксі самастойна, спрабуючы паралельна адгаварыць яе сыходзіць ці хаця б пісаць новую заяву. Не выйшла. Да самай раніцы Віталя рыдаў на кухні з крыкамі: «Гэта ўсё гарэлка! Гарэлка! Які я дурань!» – і тэлефанаваў сваёй дзяўчыне. З майго тэлефона. Вось чаму я даў яму патэлефанаваць? Гэта зневажальна. Роўна як і тое, што літаральна на наступны дзень Віталя зноў ператварыўся ў прыязнага (яшчэ больш, чым раней) і такога прыстойнага ў побыце чалавека. Я чамусьці мімаволі падыгрываў яму і дазваляў рабіць выгляд, быццам нічога і не было. З іншага боку – незразумела, як паводзіць сябе пасля ўсяго таго, што адбылося. Мы і па гэты дзень працягваем мімаволі суіснаваць на адной жылплошчы – не працягваць жа адкрыты канфлікт. І ўсё роўна: трохі мярзотна, што я дазволіў Віталю ўсё «замяць».

Тры дні таму Соня вярнулася. «Сукі-шкуры-поскудзі» вярнуліся разам з ёй, хоць і пакуль у крыху меншым аб'ёме. Віталя, мабыць, вырашыў зладзіць прымірэнчы «мядовы месяц» і стрымацца з колькасцю абраз – які малайчына. Боек пакуль таксама не было, але ёсць адчуванне, што гэта проста пытанне часу. Пастаянна думаю пра тое, што будзе, калі сітуацыя паўторыцца, а дома нікога не акажацца.

 

 

***

За апошні тыдзень я пераказваў гэтую гісторыю некалькім сваім сяброўкам. Спрабаваў атрымаць адказ на пытанне: з якой такой нагоды? Мне хочацца ведаць, з якой такой нагоды Соня кожны раз вяртаецца? Мне нецікава, што ў Віталі за дзіцячая траўма. Наогул усё, што з ім звязана, мне нецікава. А вось што адбываецца ў галаве Соні? Я не чытаў разумных кніжак пра аб'юзінг і практычна нічога не разумею ў псіхалогіі ахвяры. Плюс я як бы мужык – страх згвалтавання і збіцця мне адкрыецца, толькі калі я траплю ў турму. Патрэбны быў жаночы погляд.

Адказы сябровак былі дзіўна падобныя, нібы ў іх ва ўсіх была нейкая агульная метадычка:

– Ён настолькі забіў самаацэнку дзяўчынкі, што цяпер яна думае, што не вартая чагосьці большага. Яна будзе вяртацца і трываць зноў і зноў. Прычым яго абразы вінаватыя не менш, чым пабоі. Калі цябе два гады называць «шлюхай» і «поскуддзю» – у рэшце рэшт ты ў гэта паверыш.

 

 

 Што думае эксперт 

 

 

 Вольга Ланеўская 

трэнерка па самаабароне і асертыўнасці для жанчын і дзяўчынак Wen-Do (ГА «Радзіслава»):

«Калі ты ведаеш, што тая, каго ты хочаш падтрымаць, знаходзіцца ў небяспечнай сітуацыі для свайго здароўя ці жыцця, прапаную засяродзіцца на тым, каб паклапаціцца пра яе бяспеку і яе патрэбы. Удакладні, што ты можаш зрабіць, каб яна адчула сябе лепш.

Вельмі важна дапамагчы аднавіць пачуццё ўлады і кантролю над уласным жыццём. Гвалт – гэта сітуацыя, у якой хтосьці забірае ў нас магчымасць распараджацца ўласным целам, не дае нам прымаць рашэнні, знішчае магчымасць быць сабой. Нават калі табе здаецца, што для пацярпелай будзе лепш менавіта так, як ты лічыш, гэта ўсяго толькі твае адчуванні. У яе ёсць свае, і яна экспертка ў сваім жыцці. І яна ўмее прымаць рашэнні альбо менавіта цяпер вучыцца рабіць гэта нанова.

Вера ў тое, што жанчына падверглася гвалту, вельмі важная ў працэсе “выздараўлення”. Гвалт – гэта працэс, у якім з самага пачатку хтосьці нам не верыць. Спачатку агрэсар не верыць, што мы чагосьці хочам альбо не хочам. Потым нашыя знаёмыя ці міліцыя не вераць, што менавіта з намі адбыліся канкрэтныя падзеі. Калі справа даходзіць да суда, то пракурор ставіць пад сумнеў, што мы не маглі паўплываць на тое, што адбылося. Верыць вельмі важна, бо пацярпелая часта будзе шукаць віну менавіта ў сабе, будзе думаць аб тым, што яна магла б зрабіць інакш, каб пазбегнуць гвалту. У гвалце заўсёды вінаваты агрэсар, тут не можа быць ніякіх сумненняў».


Чытай яе поўны каментар у нашым мануале пра тое, як правільна дапамагаць людзям.