Як адказваць на рандомныя чаплянні кшталту «Дзевушка, чаму такая сумная?» на прыпынку, каб потым не было прыкра і крыўдна? Як перастаць панічна баяцца цёмных завулкаў? Як навучыцца адказваць «не»? Як пачаць прымаць свае ўласныя рашэнні і несці адказнасць за іх? Нашая аўтарка наведала заняткі па жаночай самаабароне і асертыўнасці Wen-Do і занатавала некаторыя карысныя парады.
Па адной з версій, курс Wen-Do быў распрацаваны ў пачатку 70-х сямейнай парай з Канады пасля таго, як яны прачыталі пра жорсткае забойства жанчыны незнаёмцам у Нью-Ёрку. З матэрыялаў крымінальнай справы вынікала, што жанчына крычала, клікала на дапамогу, гэта бачылі са сваіх вокнаў жыхары дома, але ніхто не дапамог і не выклікаў паліцыю, бо кожны палічыў, што гэта зробіць хтосьці іншы. Пазней гэтая з’ява была нават апісаная псіхолагамі як «эфект сведкі». Нэд і Эн Пэйдж з Таронта, якія практыкавалі джыу-джыцу, каратэ і дзюдо, вырашылі прысвяціць сябе стварэнню тэхнікі самаабароны, заснаванай на думцы, што жанчыне не трэба карыстацца ўсёй сваёй сілай, каб паспяхова абараняцца. Па іншай версіі, Wen-Do прыдумалі мігранткі, якія з’яўляліся найбольш дыскрымінаванай групай у Канадзе тых часоў.
Назва Wen-Do паходзіць ад ангельскага «women» («жанчыны») і японскага «do» («шлях») і літаральна значыць «Шлях жанчын». Такім чынам, гэты метад улічвае сацыяльны і палітычны кантэкст і вучыць жанчын супрацьстаяць не толькі сэксуальнаму гвалту, але і псіхалагічнаму, эканамічнаму, якія хоць і не відавочныя, але ў выпадку з хатнім гвалтам часта з’яўляюцца непасрэднымі папярэднікамі фізічных нападаў.
Табе не трэба літаральна перамагаць нападніка. Усё, што трэба, – спужаць яго роўна на столькі, каб паспець збегчы і апынуцца ў бяспецы. З гэтым можа справіцца і 5-годка, і 100-гадовая бабулька. Важна карыстацца эфектыўнымі фізічнымі тэхнікамі, ведаць адчувальныя кропкі на целе чалавека, дапамагаць сабе голасам, выкарыстоўваць эфект нечаканасці: смяяцца, квахтаць і г.д.
Калі ты клічаш на дапамогу, гэта таксама трэба рабіць дзейсна (памятаючы пра «эфект сведкі»). Кінь каменем у машыну ці вакно, не думай пра «матэрыяльную шкоду»: у гэты момант твая галоўная задача – выратавацца.
Калі я выб’ю нападніку каленную рэпку, ён раззлуецца? Верагодна! Але я не буду заставацца побач, каб паглядзець, наколькі ён раз’юшаны. Я дам дзёру так хутка, як змагу. І наўрад ці ён здолее бегчы за мной са зламаным каленам.
Даследаванні паказваюць, што жанчыны, якія супрацьстаялі спробе сэксуальнага гвалту, часцей былі здольныя выйсці з сітуацыі небяспекі, чым тыя, хто не абараняўся зусім. У кожным выпадку варта ацаніць сітуацыю і зразумець, якая стратэгія будзе больш бяспечнай для жыцця.
Перш за ўсё проста не падтрымлівай размову, не адказвай пытаннем на пытанне, не пасміхайся сарамліва: табе ж непрыемна, навошта пасміхацца? Карыстайся мовай цела і жэстаў: можна павярнуцца ўсім целам наўпрост да чалавека, падняць руку ў жэсце «стоп», сказаць: «Я не хачу з табой размаўляць», паўтарыць гэта некалькі разоў. Не ўяўляеш сабе такую сітуацыю? Ён таксама!
Канешне, ты можаш абраць і іншыя стратэгіі, у залежнасці ад сваёй мэты. Важна разумець, якая твая мэта і навошта ты гэта робіш. Калі мэта – прысароміць, упэўніся, што давядзеш яе да канца.
Сапраўды, ёсць самыя разнастайныя праграмы, якія навучаюць эфектыўным фізічным тэхнікам самаабароны. Ёсць, аднак, нешта большае, чым проста моцныя ўдары, штурхалі, вызваленні і блокі, якім навучаюць класічныя метады.
Wen-Do выкладаецца жанчынамі для жанчын і дзяўчынак усіх узростаў ад 7 год, у тым ліку для трансгендарных жанчын, жанчын з інваліднасцю і абмежаванымі магчымасцямі. Калі табе не падыходзіць пэўны прыём ці ты карыстаешся інвалідным вазком, інструктарка прапануе табе ці пашукае з табой альтэрнатыўныя варыянты.
Фізічныя тэхнікі Wen-Do могуць быць выкарыстаныя жанчынамі і дзяўчынкамі з тымі целамі, якія ў іх ёсць: вялікімі і маленькімі, «спартыўнымі» і «звычайнымі», з інваліднасцю і без.
Акрамя фізічнай самаабароны, прадугледжваецца шмат разнастайных стратэгій, у тым ліку ўсведамленне, пазбяганне і моўная самаабарона (у залежнасці ад абставін можна супакоіць, пераўпэўніць, адцягнуць увагу нападніка, паклікаць на дапамогу).
Мэта курса – прапанаваць розныя варыянты і магчымасці дзеянняў. Тут табе не будуць расказваць, што правільна, а што не. Ты не пачуеш, што «сама вінаватая».
Заняткі адбываюцца ў камфортнай і паважлівай атмасферы. Удзел у практыкаваннях і ролевых гульнях можа спрацаваць як трыгер – выклікаць непрыемныя пачуцці і ўспаміны. У такім выпадку ты можаш не выконваць іх і проста назіраць, далучацца, толькі калі адчуваеш сябе гатовай.
Многія курсы самаабароны разлічаныя на сітуацыі з незнаёмцамі. Аднак статыстыка і досвед большасці жанчын кажа пра тое, што часцей нападаюць людзі, якіх ведаеш. Супрацьстаяць блізкаму ці хаця б трошку знаёмаму чалавеку значна складаней. Wen-Do ахоплівае розны досвед жанчын і расказвае, як з ім працаваць.
Падчас заняткаў у цябе будзе магчымасць прыняць рашэнне, ці хочаш ты зрабіць нешта не зусім звычайнае – тое, што пакуль падаецца табе немагчымым. Страшна і весела!
Дарэчы, удзел у занятках менскага Wen-Do бясплатны.
Звяртай увагу на адчуванне сваіх межаў. Твая асабістая мяжа – гэта «лінія», што стварае вакол цябе прастору, у якой ты адчуваеш сябе добра і бяспечна. Напад пачынаецца з пераходу гэтай «лініі». Гэта датычыцца таксама псіхалагічнага і вербальнага гвалту.
Імкніся думаць ясна і захоўвай цвярозы розум. Паніка і здранцвенне, звязаныя са страхам, узнікаюць у выніку нястачы кіслароду ў мозгу. Глыбока ўдыхні некалькі разоў, каб павялічыць узровень кіслароду ў крыві.
У крытычнай сітуацыі з-за страху ці лютасці ў целе выпрацоўваецца адрэналін, які ў спалучэнні з высокім кіслародам надае табе дзве вырашальныя перавагі: 1) ты можаш мысліць ясна, 2) твая фізічная моц павялічваецца.
Прааналізуй сітуацыю, вырашы, што ты хочаш рабіць, – і зрабі гэта. Падчас барацьбы будзь тут і цяпер. Прымай рашэнні, заснаваныя на тым, што адбываецца ў дадзены момант.
Як супраціў, так і адмова ад яго – гэта актыўнае рашэнне, якое ты прыняла.
Давярай сваім прадчуванням, нават калі няма аб’ектыўных прыкмет небяспекі.
Пастаўся сур’ёзна да ўсіх моўных пагрозаў («заб’ю!»). Робячы так, ты нічога не губляеш.
Будзь рашучай у гатоўнасці абараняць свае межы любымі сродкамі. Абарона можа мець розныя ступені інтэнсіўнасці.
Калі ты вырашыла супрацьстаяць, падумай, куды будзе скіраваная твая сіла і якія сродкі абароны ў цябе ёсць.
У вырашальны момант бі з усёй моцы. Скарыстайся ўсёй сваёй сілай і рашучасцю. Не спыняй супраціў да таго моманту, пакуль супрацьстаянне не скончыцца. Цаляй скрозь нападніка, а не на яго. Карыстайся не толькі целам, але розумам. Тэхніка не працуе сама па сабе.
Скарыстайся эфектам нечаканасці: зрабі штосьці, чаго агрэсар не чакае. Калі эфект нечаканасці згублены – памяняй стратэгію. Калі адзін спосаб не падзейнічаў, адразу скарыстайся іншым.
Думай, не зацыклівайся на адным прыёме. Кожны напад адрозніваецца ад іншых.
Думкі – гэта энергія. Успрымай сябе як пераможцу. Ты не выйграеш бітву, калі будзеш думаць, што прайграеш.
Кожная абраная роля мае на ўвазе пэўнае ўзаемадзеянне. Калі ты лічыш сябе ахвярай, ты павялічваеш шанцы нападніка. Абяры для сябе пазітыўную, актыўную ролю. Ніколі не позна памяняць сваю ролю. Будзь у кантакце з сабой і прымай сябе такой, якая ты ёсць.
У цябе заўсёды ёсць шанец. Рэагуй адразу, як на цябе напалі.
Будзь актыўная, карыстайся дыханнем і крыкам, каб павялічыць канцэнтрацыю.
У падрыхтоўцы артыкула мы карысталіся матэрыяламі змененай канцэпцыі Марыі Міланы, складзенай Ц. Хенрыц і Б. Нітцшке для «Майстар-класаў для трэніровак ВэнДо ў Польшчы» і матэрыяламі wendo.ca.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу трэнерцы Акадэміі па Wen-Do ў Кракаве Вользе Ланеўскай і Грамадскаму аб’яднанню «Радислава».
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Канспект лекцыі эксперта АБСЕ Дэніз Язычы пра тое, як павінна працаваць права на доступ да інфармацыі і як абараніць асабістыя дадзеныя ў эпоху digital.
Дзе шукаць, як працаваць у архіве і хто можа зрабіць гэта замест цябе – кароткая інструкцыя па аднаўленні ўласнай гісторыі.
Как построить не просто бар, но тусовку на районе.
Как построить не просто бар, но тусовку на районе.
Разговор о смыслах большого искусства.
Правила жизни, работы, отдыха.
КОММЕНТАРИИ (1)
34, krushinka, дзякуй за выдатны і настолькі своечасовы матэрыял! у сувязі з абмеркаваннем артыкула пра Мапу Гвалту на Сіцідогу падаецца, што курсы вэндо мусіць прайсці кожны чалавек яшчэ ў школе.