Калі пад пікніком разумець паяданне загадзя падрыхтаваных страваў на свежым паветры, то займацца гэтым можна ў любым прывабным месцы, нават у парку Янкі Купалы і Цэнтральным парку імя Горкага. Самыя шырокія магчымасці, як то: альтанкі, месцы для вогнішча, пляцоўкі для спартовых гульняў, прыбіральні, паркінгі, – прапаноўваюць зялёныя зоны каля вадасховішчаў Дразды, Цнянка, Вяча, Заслаўскае, Дуброўскае, набярэжнай Пцічы. Поўны спіс месцаў для культурнага адпачынку можна паглядзець на онлайн-мапе.
Пастарайся выконваць шэраг правілаў – і ніхто не зможа цябе прагнаць. Не пакідай пасля сябе смецця. Пры магчымасці захоўвай цвярозасць: зоны адпачынку – гэта грамадскія прасторы, на якія распаўсюджваецца дзеянне закону пра распіццё алкагольных і слабаалкагольных напояў. Не купайся і не распальвай вогнішча ў забароненых месцах. Ты можаш пазнаць іх паводле адмысловых забараняльных знакаў або прабіць загадзя на вышэй згаданай мапе.
Калі забараняльных знакаў няма, смела разводзь вогнішча, у тым ліку выкарыстоўваючы мангал, барбекю, грыль ці газавую пліту, але ўпэўніся, што ты выконваеш усе правілы пажарнай бяспекі. Адлегласць мусіць быць не меншая за 15 м ад будынкаў і не меншая за 25 м ад ляснога масіву. Ні ў якім разе не запальвай агню пад дрэвам! Не забудзь абкласці глебу вакол вогнішча камянямі ці пяском.
На шчасце, «Менская лесапаркавая гаспадарка» клапоціцца пра гараджанаў і кожны сезон абсталёўвае чатыры вадасховішчы альтанкамі ды мангаламі. У гэтых месцах можна спакойна смажыць шашлык.
За развядзенне вогнішча ў забароненых месцах табе пагражае штраф да 12 базавых велічыняў, за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – да 25 базавых. Адная «базавая» цяпер – 25,5 BYN.
Добрае пытанне. У прынцыпе, ніякіх забаронаў на колькасць удзельнікаў пікніка ў беларускім заканадаўстве няма. Мерапрыемства лічыцца масавым і рэгулюецца адпаведнымі правіламі арганізацыі ды правядзення, калі ў яго ёсць арганізатар, пэўная мэта, калі інфармацыя пра мерапрыемства распаўсюджвалася публічна, а ўдзельнікі збіраюцца для выказвання і абмеркавання сваіх палітычных поглядаў. Нават самы вялікі пікнік досыць складана аднесці да масавага мерапрыемства. Але, як вядома, трактуюцца гэтыя фармулёўкі самым шырокім чынам, з прычыны чаго пацярпелі ўжо не адныя велапакатушкі. Таму лепш за ўсё не збірай сяброў на пікнік у фэйсбуку (як мінімум – рабі гэта праз «сакрэтныя» групы ці падзеі), а на месцы не парушай «грамадскага парадку» і пастарайся не выклікаць падазрэнняў міліцыі сваймі задзірлівымі паводзінамі. Ну і памятай пра суседскі X-фактар – калі ты гучна тусіш каля чыйгосьці лецішча, не здзіўляйся, калі на цябе натравяць ахонікаў парадку.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу кіраўніку службы ўтрымання гарадскіх лясоў, пляжаў і МКАД унітарнага прадпрыемства «Менская лесапаркавая гаспадарка» Аляксандру Прамінскаму.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Высвятляем, як зрабіць фэст сваімі рукамі – ад ідэі да рэалізацыі.
Пахаванне, могілкі, крэмацыя, развітанне з памерлым чалавекам – усё, што трэба ведаць пра гэтыя сумныя рэчы.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Дзякуй за парады, 34 маг! Эхехей!