Пра ВІЧ-інфекцыю існуе багата чутак ды непаразуменняў. Расстаўляем усе кропкі над «і»: дзе і на якіх умовах можна здаць тэст, што рабіць, калі ты акажашся «пазітыўным», і якая зараз сітуацыя з ВІЧ у свеце.
ВІЧ-інфекцыя – гэта марудна прагрэсоўная хвароба, якая заражае клеткі імуннай сістэмы чалавека. То-бок інфікаваныя паміраюць не ад самой хваробы, а ад іншых інфекцый, якія лёгка атакуюць не здольны абараняцца арганізм.
ВІЧ-інфекцыю можна падчапіць толькі праз неабаронены палавы акт з ВІЧ-пазітыўным чалавекам, праз перадачу крыві (пры ўжыванні ін’екцыйных наркотыкаў) ды дзіцяці ад ВІЧ-станоўчай маці. Калі ты пап’еш кавы з таго ж кубка, што й інфікаваны чалавек, – вірус не перадасца.
СНІД – канчатковая стадыя ВІЧ-інфекцыі, гэта не хвароба, а стан арганізма, калі твайму імунітэту фактычна ўжо кранты. Лепей, канешне, не даводзіць яго да такога стану і звяртацца па лячэнне раней.
У сусветным маштабе ёсць усе перадумовы ў 2030-50-х тэму ВІЧ як сацыяльна значную закрыць. Пашыраецца даступнасць антырэтравіруснай тэрапіі, усе рэгіёны, нават Афрыка, адзначаюць зніжэнне як новых выпадкаў выяўлення хваробы, так і колькасці смерцяў, звязаных з ёй. Выключэнне на сённяшні дзень складаюць рэгіёны Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, асабліва Расія і Украіна: тут тэмпы эпідэміі толькі павялічваюцца. Гэта звязана з ростам колькасці наркаспажыўцоў, а таксама з адсутнасцю хоць якіх прафілактычных праграм, што працуюць з так званымі групамі рызыкі.
Перадусім гэта ін’екцыйныя наркаспажыўцы, іх палавыя партнёры, мужчыны, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі, і супрацоўнікі(-цы) сэкс-бізнэсу. Рыск заразіцца ў гэтых людзей узрастае ў 10 і болей разоў, таму менавіта з імі працуюць шматлікія грамадскія арганізацыі.
Згодна з даследаваннямі ЮНЭЙДС, лічыцца, што калі больш за 5% групы рызыкі маюць ВІЧ-інфекцыю, то яна выходзіць па-за межы папуляцыі і распаўсюджваецца на іншае насельніцтва. Менавіта так адбылося ў Беларусі. Не ў апошнюю чаргу таму, што на момант з'яўлення інфекцыі ў краіне прадпрынялі няправільныя меры: замест інфармацыйных кампаній неабходна было мяняць шпрыцы наркаспажыўцоў і праводзіць сярод іх экспрэс-тэставанне. Гэта пачало ажыццяўляцца толькі ў 2004 годзе, калі момант быў страчаны.
У Еўрапейскім звязе асноўная група людзей, схільная ВІЧ-інфекцыі, – мужчыны, якія практыкуюць сэкс з мужчынамі. У Беларусі – людзі, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі.
У любой дзяржаўнай (у прыватных, на жаль, больш нельга) установе аховы здароўя, у якой ёсць працэдурны кабінет, можна бясплатна здаць тэст. Аналіз бярэцца з вены. Першы раз аналіз можна здаць ананімна, без спецыяльнага накіравання і пашпарта. Вынікі будуць вядомыя прыкладна праз 5-7 дзён, максімум праз два тыдні.
Перад самім тэстам цябе абавязкова пракансультуюць: распавядуць пра інфекцыю, працэдуру тэставання, пра тое, якім чынам пацвярджаецца вынік, і план дзеянняў пасля, у выпадку, калі інфекцыю знойдуць.
Таксама існуе экспрэс-тэставанне: выглядае як палачка з бавоўны са спецыяльным рэагентам, якая за 15 хвілін дазваляе даведацца, ці ёсць інфекцыя. Дакладнасць – 98%. Для дадзеных можна здаваць кроў альбо сліну. Найбольш часта гэты метад тэставання ўжываецца грамадскімі арганізацыямі пры працы з групамі небяспекі. Цяпер пачынаецца больш шырокае ўжыванне экспрэс-тэстаў, напрыклад, для цяжарных жанчын.
Экспрэс-тэст не ставіць канчатковы дыягназ, і пасля яго абавязкова трэба здаць пацвярджальны тэст (кроў з вены) у паліклініцы.
Калі вынік тэсту станоўчы, пацыента(-ку) выклікаюць у Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе яго/яе кансультуюць і абавязкова бяруць распіску «Аб незаражэнні ВІЧ-інфекцыяй» у адпаведнасці з артыкулам 157 УК РБ.
Сто адсоткаў прыйдзецца распавесці пра неабароненыя сэксуальныя кантакты з партнёрамі, для таго каб медсупрацоўнікі маглі звязацца і пратэставаць гэтых людзей. Калі ВІЧ-станоўчы чалавек спажывае ін'екцыйныя наркотыкі, то, вядома, запытаюць, з кім дакладна ўжываў.
Пасля першага этапу ВІЧ-інфікаванага ставяць на ўлік у спецыяльным інфекцыйным шпіталі. Далей пацыент(-ку) рэгулярна абследуе доктар, а на больш позніх стадыях – прызначае лячэнне. У Беларусі лекі фінансуюцца за кошт міжнародных фондаў і дзяржаўнага бюджэту, таму плаціць не трэба.
Вельмі эфектыўнае. Калі ў 20 гадоў чалавек даведваецца, што ён ВІЧ-інфікаваны, то сучасныя тэхналогіі дазваляюць яму пражыць больш за 50 гадоў. То-бок гэта супастаўна з працягласцю жыцця чалавека без інфекцыі. Калі раней неабходна было піць цэлую жменю таблетак «да, пасля і замест ежы», то цяпер дастаткова адной-дзвюх таблетак у дзень. Праводзяцца нават даследаванні, якія дазволяць рабіць адзін укол у месяц. Таксама праз лячэнне амаль да нуля зніжаецца верагоднасць заразіць іншага чалавека.
Прыняць ВІЧ складана, але трэба памятаць, што жыццё на гэтым не сканчаецца. Цяпер усюды на ВІЧ глядзяць не як на смяротнае захворванне, а як на марудна бягучую хранічную інфекцыю, якую цалкам можна кантраляваць і жыць з ёй доўгія гады.
У кожнай дзяржаўнай паліклініцы павінен быць псіхолаг альбо псіхатэрапеўт. Яны дапамогуць табе адаптавацца і прыняць новы статус.
Адзін з найбольш эфектыўных метадаў – праца з роўным кансультантам, чалавекам, які таксама мае ВІЧ-інфекцыю і можа распавесці пра нюансы ды асаблівасці жыцця з дыягназам. Сеткі роўных кансультантаў найчасцей працуюць у межах грамадскіх арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ-інфекцыі і дапамогай інфікаваным. Сеткі ёсць у Менску, Светлагорску, Берасці, Віцебску, Пінску і Гомелі. Глядзі кантакты тут.
Адна з найбуйнейшых арганізацый – Беларуская супольнасць людзей, якія жывуць з ВІЧ. Асноўны кірунак дзейнасці гэтай арганізацыі – маральная падтрымка.
«Белсетка АнтыСНІД» аб'ядноўвае розныя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай ВІЧ-інфікаваным.
«Пазітыўны рух» у асноўным працуе з наркаспажыўцамі. Займаюцца прафілактыкай, рэгулярна праводзяць экспрэс-тэсты і працуюць з маральнай дапамогай ВІЧ-пазітыўным людзям.
Інфармацыйнай кампаніяй займаюцца БРСМ, беларуская супольнасць «Чырвоны крыж» і г.д.
Памятай, што кожны раз, калі ты займаешся сэксам без прэзерватыва з малазнаёмым чалавекам альбо спажываеш ін'екцыйныя наркотыкі з малазнаёмым чалавекам адным і тым жа шпрыцам, ты падвяргаеш сябе вялікай небяспецы.
У падрыхтоўцы матэрыялу ўдзельнічалі намеснік галоўурача Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Дзмітрый Падута і БГА «Пазітыўны рух». Дзякуй ім вялікі!
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Распавядаем, як удала балансаваць паміж офісным прыгонам і дармаедствам.
Як атрымаць месца і што рабіць, каб не выгналі.
Пусціцца ў кругасветку, стаць візажыстам(-кай), запусціць інстабізнэс, заняцца фітнэсам або паваланцёрыць.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
спасибо за материал! есть одно критически важное уточнение: "кожны раз, калі ты займаешся сэксам без прэзерватыва з малазнаёмым чалавекам" - не малознакомым, а человеком, вич-статус которого ты не знаешь. хотя самого человека можешь знать тыщу лет - это ещё ни о чём не говорит, у вич большой инкубационный период, плюс серонегативное окно - время, когда анализы ещё не показывают инфицирование. вот этот стереотип (презерватив только с малознакомыми) - это очень опасно, как и стереотип, что основные группы заболевших - потребители наркотиков и гомосексуалы. сейчас основным путём передачи становится гетеросексуальный (инфа от кафедры инфекционных болезней), так что все мы в группе риска.