Што рабіць з суседзямі, якія не даюць жыць спакойна?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 06.06.2019
- 6412
Як жыць, калі твой дом не стаіць пасярод чыстага поля, у цябе ёсць суседзі і яны, мякка кажучы, не вельмі прыемныя рабяты? Пагарталі розныя кодэксы і высветлілі, як прыструніць асабліва таксічных персанажаў.
Сусед-рамонтнік
Бязлітасны чалавек упарта свідруе тваю сцяну, дах ці падлогу. Ён грукае, дзяўбе, малоціць, калупае і не спыняецца ні перад чым: хоць ты бразгай па радыятары, хоць гаротна вый ад немагчымасці быць пачутым(-ай).
У нас ёсць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў». Згодна з гэтым дакументам, з 23:00 да 7:00 нельга рабіць дробны рамонт, гучна пляскаць дзвярыма, разгружаць і перасоўваць цяжкія штукі (п. 7.10).
Калі сусед бярэцца за больш маштабныя работы – дэмантаж, устаноўку, замену ці перанос сістэм водазабеспячэння, газазабеспячэння, ацяплення, электразабеспячэння ці нешта яшчэ, супастаўнае па гучнасці, – можаш давесці да грукатуна, што катаваць твой слых ён мае права толькі ў будні з 9:00 да 19:00. Складаныя рамонтныя штукі рэгулююцца законам «Аб некаторых пытаннях перабудовы і перапланіроўкі, устаноўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый, а таксама рэканструкцыі жылых дамоў».
Выклікаць міліцыю, якая зафіксуе факт парушэння «Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі», а потым накіруе дакументы ў ЖЭУ. Ці адразу звяртайся ў ЖЭУ па месцы жыхарства, загадзя сабраўшы некалькі сведак з суседніх кватэр, каб тыя пацвердзілі: шумяць. Май на ўвазе, што працоўны дзень у ЖЭУ заканчваецца ў 18:00, так што хутчэй за ўсё прыйдзецца выклікаць міліцыю.
Сусед-весялун
У чым праблема?
Гэта той самы сусед, які шуміць, бухае, слухае сваё музло на поўную гучнасць ці валіць па караоке далёка за поўнач. Пры гэтым вашыя музычныя густы не супадаюць, таксама як і графікі сну.
Калі можна выкручваць калонкі на максімум і ці можна наогул?
У любы час тэхніка – пачынаючы ад прайгравальніка і ноўтбука, заканчваючы міксерам – можа працаваць роўна на той гучнасці, якая не замінае суседзям.
Максімальныя дапушчальныя ўзроўні гуку ў жылых пакоях кватэр складаюць 55 дБА (з 7:00 да 23:00) і 45 дБА (з 23:00 да 7:00), у жылых пакоях інтэрнатаў адпаведна 60 і 50 дБА. Па спасылцы знойдзеш інфаграфіку з тыповымі шумамі і дапушчальнымі лічбачкамі.
Калі сусед занадта актыўны ўначы, смела кажы яму, што ён нешта паблытаў, бо «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі» адзіныя для ўсіх.
Што рабiць?
Калі вы не дамовіліся пра ўзаемапавагу самастойна, выклікай міліцыю, якая зафіксуе парушэнне і адправіць дакументы ў ЖЭУ. Табе спатрэбіцца падтрымка суседзяў-сведкаў.
За парушэнне шумавых нормаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 30 базавых велічынь.
Калі табе трапіўся надта агрэсіўны весялун, які мацюкаецца і лаецца, яго можна прыцягнуць таксама па артыкуле 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» за дробнае хуліганства. Гэта штраф ад 2 да 30 базавых ці адміністратыўны арышт.
Сусед-Пасейдон
У чым праблема?
Заліваюць.
Як закон рэагуе на безуважлівасць і няўдачы ў самастойным рамонце?
Калі тваю маёмасць папсавалі, то павінны папсаванае кампенсаваць. Ты цалкам у праве патрабаваць ад суседа новыя шпалеры і ламінат. Усе варыянты заліццяў і іх наступствы прапісаныя ў главе 58 ГК «Абавязацельствы з прычыны прычынення шкоды» і ў «Правілах карыстання жылымі памяшканнямі».
Што рабiць?
Выклікаеш гарадскую аварыйную службу па нумары 115. Спецыялісты зафіксуюць факт заліцця.
Не забывайся фіксаваць дату і час затаплення са сведкамі. Гэта важна, таму што аварыйка павінна ведаць, як, калі і колькі цякло. І хтосьці павінен пацвердзіць: дакладна цякло, табе не здалося.
Не пазней за 20 дзён пасля, калі ўсё высахне і можна будзе ацаніць шкоду, складаецца дэфектыўны акт. Потым складаецца каштарыс на расходныя матэрыялы і працы, неабходныя для аднаўлення памяшкання. Трэба, каб яго падпісалі ты і гора-сусед.
Сусед-мурза
У чым праблема?
Чалавек не парыцца, каб разграбаць свае смеццевыя завалы, разводзіць тараканаў і хатніх жывёл, якія брудзяць на ўсю, а можа, нават паміраюць ды смуродзяць.
Ці дазваляе закон «панкаваць» без усялякіх лімітаў?
Усё тыя ж «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі» патрабуюць выконваць санітарна-эпідэміялагічныя і тэхнічныя патрабаванні. Калі ты адчуваеш трывалае амбрэ, а сусед ісці на кантакт не жадае, маеш права прасіць правесці абследаванне яго кватэры, каб пераканацца, што там нешта не алё. Вось тут чытай пра санітарныя нормы больш падрабязна.
Суседа можна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, калі ў паветры знойдуць прымешкі, якія не адпавядаюць санітарным нормам, ці выявяць занадта вялікую колькасць жывёл.
Афіцыйна ў кватэры можа быць не больш за дзве жывёліны. Закон у асноўным аперуе коткамі і сабакамі, але асобнага дакумента, у якім бы гаварылася, якіх звяроў можна ўтрымліваць у хаце, няма, таму можам дапусціць, што пад агульнае правіла падпадаюць і гепарды, і апосумы, і тарантулы.
Што рабiць?
Калі бянтэжыць смурод, можна звярнуцца ў ЖЭУ, якая абслугоўвае дом, у выканкам ці адміністрацыю па месцы жыхарства і ў саннагляд. Калі з чужой кватэры да цябе завіталі прусакі, схема дзеянняў усё тая ж.
Сусед-плюшкін
У чым праблема?
Ты не можаш камфортна прайсці ў сваю кватэру з-за нагрувашчвання ў тамбуры шаф, зламанага фартэпіяна і некалькіх ровараў. Даводзіцца дэманстраваць цуды гнуткасці, а каб праскочыць на самакаце – пра гэта можна нават не марыць. Пры гэтым з кватэры персанажа выкатваюцца горы новых дзіўных прадметаў, як толькі адчыняюцца дзверы.
Што і як можна загрувашчваць?
Згодна з «Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі», жыхары абавязаныя забяспечваць работнікам арганізацый для праверкі адпаведнасці жылога памяшкання доступ у памяшканні, а таксама да размешчанага ў іх інжынернага абсталявання і не толькі для гэтага.
Той жа дакумент забараняе загрувашчванне калідораў, лесвіц і пляцовак, праходаў, запасных выхадаў і іншых дадатковых памяшканняў. А яшчэ ёсць такое паняцце, як пажарная бяспека: загрувашчванне можа ёй супярэчыць і ў гэтым выпадку цягне на штраф.
Што рабiць?
Скардзіцца ў ЖЭУ.
Сусед-музыка
У чым праблема?
Кансерваторскі геній ці наваспечаная кавер-зорка ютуба зробяць так, што ты будзеш рэагаваць нават на прыгожую жывую музыку як на нешта да болю (літаральна да болю) знаёмае.
Калі і як можна іграць?
Як ні дзіўна, але музыка ў доме заканатворцамі прыраўноўваецца да простага рамонту і рэгулюецца тым жа законам – «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».
Дудзець у дуду – ці што там у твайго суседа – можна з 7:00 да 23:00. Праблема ў тым, што дапушчальны ўзровень шуму ў кватэры і ўзровень шуму ад музычных інструментаў крытычна разыходзяцца. Гульня на фано цягне на 80 дБА. Так што тут момант коўзкі. Мо памятаеш складаны кейс з таленавітым падлеткам Уладзіславам Хандогіем і яго суседзямі?
Пры ўзнікненні такога канфлікту ўсё вырашаецца індывідуальна. Наколькі сур'ёзна гук парушае ці не парушае спакой жыхароў за сценкай – вырашыць участковы, які будзе складаць пратакол, альбо суд, калі справа да яго дойдзе.
Што рабiць?
Стандартна, як з усімі шумамі: выклікаеш міліцыю, супрацоўнікі фіксуюць факт парушэння «Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі», а затым накіроўваюць дакументы ў ЖЭУ.
Iлюстрацыя by Sheeborshee