Што глядзець на «Паўночным ззянні – 2020»?

  • 21.10.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 3583

Заўтра стартуе 6-ы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Сёлета івэнт адбудзецца ў анлайн-фармаце (каманда дбае аб тваім здароўі!), і праграма б’е ўсе свае рэкорды: прапануюць аж 28 фільмаў – 15 міжнародных поўнаметражак, 5 кароткаметражак са Швецыі і 8 стужак ад беларускіх кінаробаў. Каб выканаць кінаманскую праграму-мінімум, мы адабралі па адным фільме на кожны дзень фестывалю па прынцыпе «трапляе ў беларускі нерв».

 

«Дэзерцір»

Чэхія, Украіна. Рэжысёр – Саша Сцельчанка.
 Паказ – 22 кастрычніка 

 

 

Дыпломная работа менскага рэжысёра Сашы Сцельчанкі, які спасцігаў дзэн кінамастацтва ў пражскай FAMU. Нам цікава адкрыць для сябе новае беларускае імя, да таго ж тэма арміі, якая быццам павінна «выхоўваць сапраўдных мужчын», для Беларусі заўсёды вострая.

 

 

«Сезон»

Швецыя. Рэжысёр – Ён Скуг.
 Паказ – 23 кастрычніка 

 

 

Дакументальна-гульнявая стужка пра шведскую перыферыю і людзей, якія там жывуць або апынуліся на сезоннай працы. Фільм уражвае аператарскай работай Іты Зборнец-Зайт: яе камера хвацка занатоўвае ўзаемадзеянне разгубленых людзей і шматвекавой скандынаўскай прыроды.

 

 

«Брусэль»

Латвія. Рэжысёрка – Інэсе Клява.
 Паказ – 24 кастрычніка 

 

 

На фоне ўсеагульнай палітызацыі падаецца цікавым глянуць кіно пра асобную палітычную планету, такога сабе Юпітэра дыялогу, – Брусэль. Горад, які з’яўляецца месцам зашквальваючай канцэнтрацыі моцы ды камфорту і збірае лепшыя розумы свету, каб тыя выносілі рашэнні аб будучыні Еўропы. Не ўсё спакойна на «планеце Брусэль» – выклікі гісторыі ўсё часцей прымушаюць яе насельнікаў задумацца: а ці варта тут заставацца?

 

 

«Фатограф і вайна»

Данія. Рэжысёр – Барыс Б. Бертрам.
 Паказ – 26 кастрычніка 

 

 

Гэтым летам тэма ваеннай фатаграфіі для беларусаў бліжэйшая, чым калі раней. Фотажурналісты вымушаныя працаваць у броніках і касках, а рэдактар, даючы заданне падсвяціць мітынг, ніколі не ведае, ці не давядзецца неўзабаве шукаць сваіх супрацоўнікаў у РУУС або ізалятары. Кіно «Фатограф і вайна» – дакументалка пра Яна Грарупа, які амбіцыйна здымае ў гарачых кропках, паралельна страчваючы давер уласных чатырох дзяцей праз тое, што бацьку яны не бачаць тыднямі. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам рэжысёра Барыса Б. Бертрама і фатографа Аляксандра Васюковіча, які асвятляў падзеі ў зоне АТО ў 2014-м.

 

 

«Шлях дадому»

Беларусь. Рэжысёр – Арцём Лобач.
 Паказ – 27 кастрычніка 

 

 

Прэм’ера поўнаметражнага дакументальнага кіно Арцёма Лобача, які вядомы табе ў якасці кліпмэйкера і рэжысёра Belsat Music Live. «Шлях дадому» – гісторыя пра вымушаную міграцыю. У цэнтры аповеду – 28-гадовы хлопец з Крыму, які пасля анэксіі пераехаў на ўкраінскую вёску, пакінуўшы на паўвостраве не толькі бацькоў, але і звычны лад жыцця.

 

 

«Узорныя паводзіны»

Літва, Славенія, Балгарыя. Рэжысёры – Аўдрус Міцкевічус, Нэрыюс Мілерус.
 Паказ – 28 кастрычніка 

 

 

У гэтага фільма вельмі цікавая гісторыя: рэжысёр Аўдрус Міцкевічус перажыў забойства брата і зацікавіўся быццём забойцаў, якія адбываюць арышт. Аўдрус накіраваўся ў Лукішскую турму ў Вільнюсе (тыя самыя «Лукішкі», дзе сядзелі Максім Гарэцкі, Максім Танк, Рыгор Шырма). Там ён сустрэў Рымаса і Роландаса, якіх прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але праз «узорныя паводзіны» яны спадзяюцца на змены і вяртанне ў соцыум. Разам са сваімі персанажамі Міцкевічус пераадольвае шлях ад гневу да даравання і раптам сутыкаецца са смяротнай хваробай. Фільм скончыў мантажор.

 

 

«Сіла звычкі»

Фінляндыя. Калектыў рэжысёраў.
 Паказ – 29 кастрычніка 

 

 

Фільм «Сіла звычкі» акцэнтуе ўвагу на часам невідавочных выпадках выкарыстання сілы ў дачыненні да жанчын. Гледачу прапануюць паназіраць за 11 жанчынамі, адчуць, з чым даводзіцца сутыкацца ім, і паглядзець на сітуацыі іх вачыма. Замацаваць эфект можна падчас дыскусіі пра культуру гвалту ў мастацтве і жыцці з удзелам актывістак і прадстаўніц кінаіндустрыі.


Поўная праграма фестывалю і квіткі тут