1617 3

Андрэй Яфімчык

Кажуць, ніхто не ходзіць сёння ў бібліятэку. Секундачку. «Жывая бібліятэка», напрыклад, збірае натоўпы людзей. Сёння ж раскажам табе пра іншы варыянт «сховішча», у якім замест кніг – шрубавёрт, перфаратар і прамысловы пыласос. Баранавіцкі актывіст Андрэй Яфімчык распавядае, што такое «Бібліятэка інструментаў», як яна звязаная з антыспажывецтвам і навошта адкрываць такое месца. Enjoy and share!

 

Чым займаюцца: Робяць Баранавічы першым sharing city ў Беларусі.

Дата заснавання: 2015 год.

Структура: 4 чалавекі.

Кантакты:

VK Free Market    ВК «Бібліятэка інструментаў»    FB

З кім гутарым: Андрэй Яфімчык, 36 гадоў.

 


 

Гісторыя Андрэя

– Я нарадзіўся і вырас у Баранавічах. Вучыўся ў Менску, у БДЭУ. Потым працаваў за мяжой, у Вялiкабрытанii і Паўднёвай Карэi: будаваў шматпавярховыя дамы і працаваў у гатэлях ды рэстаранах. Скончыў магістратуру ў Інстытуце бізнэсу і менеджменту тэхналогій MBA пры БДУ на англійскай мове і з выкладчыкамі з ЗША. Калі я вярнуўся дадому ў Баранавічы, то стварыў сваю ўласную майстэрню па вырабе вокнаў і жалюзі. Я вярнуўся ў родны горад, бо лічу, што мы павінны рабіць лепшым тое месца, дзе мы нарадзіліся.

Усё сваё жыццё займаюся самаадукацыяй і імкнуся самаразвівацца. Гэты шлях прывёў мяне да таго, што я асэнсаваў важнасць экалогіi і экалагiчнага ладу жыцця ў прыватнасці. Разам з гэтым асэнсаваннем адразу пачаў займацца экалагічным актывізмам.

«Я вярнуўся ў родны горад, бо лічу, што мы павінны рабіць лепшым тое месца, дзе мы нарадзіліся»


Напрыклад, хачу заўважыць, што нашы ежавыя звычкі вельмі моцна ўплываюць на экалогію. Таму я ўжываю толькі натуральныя прадукты расліннага паходжання. Інакш кажучы, я веган. Жывёльная прамысловасць больш за ўсе забруджвае асяроддзе, больш за нафтахімічныя заводы альбо транспарт. Менавіта з гэтай нагоды я стаў веганам. Я прапагандую экалагічны погляд на рэчы. Стараюся сартаваць смецце, бяру ўдзел у экалагічных мерапрыемствах, якія праходзяць у горадзе, імкнуся купляць прадукты ва ўпакоўцы з прыродных матэрыялаў.

 

 

Незвычайная бібліятэка

– У 2015 годзе я вырашыў стварыць у Баранавiчах першую ў краiне «Бiблiятэку iнструментаў». Праект нарадзіўся з суполкі па абмене, якая ўжо дзейнічае ў Баранавічах: з 2013 года я i мае сябры Юрый Дрозд і Аляксандр Miрошнiк пачалі вельмі актыўна развіваць такі рух, як Free Market.

Цяпер у Баранавічах пастаянна адбываюцца бясплатныя кірмашы, на якіх людзі абменьваюцца сваімі рэчамі: прыносяць адзенне, абутак, бытавую тэхніку, дыскі, кнігі, гульні. Мы не абменьваемся смеццем, а проста заклікаем людзей прыносіць тое, што ім непатрэбна, але знаходзіцца ў добрым стане. Думаю, што ў кожнага з нас ёсць рэчы, якімі мы не карыстаемся. Дык і чаму б імі не падзяліцца?

Таксама Free Market паспрыяў з’яўленню валанцёрскага руху. Мы пачалі дапамагаць прытулку для жывёл, якія не маюць месца для жыцця, збіралі сродкі, ездзілі рабілі для іх домікі. Потым я прыйшоў да высновы, што трэба далей развіваць абмен рэчамі. У мяне была ідэя мяняцца кухоннымі прыладамі. Напрыклад, міксерамі, блэндарамі. Але былі некаторыя цяжкасці для вырашэння, дзе ўсё будзе знаходзіцца. Мы звярнуліся ў Баранавіцкую цэнтральную бібліятэку, але ў нас не атрымалася дамовіцца з супрацоўнікамі.

Увогуле ідэя «Бібліятэкі інструментаў» не новая. У 1976 годзе з’явілася першая ў ЗША, у горадзе Калумбус, Агаё. Пасля таго, як людзі зразумелі, што не мае сэнсу набываць рэч, у дадзеным выпадку – рамонтны інструмент, якой карыстаешся некалькі разоў на год, экалагічныя актывісты арганізавалі бібліятэку інструментаў, каб прыпыніць бясконцае спажывецтва. З цягам часу рух распаўсюдзіўся і на астатні свет. Аналагічныя «бібліятэкі» ёсць у Канадзе, Нідэрландах, Бельгіі, Вялiкабрытанii. І вось цяпер і ў Беларусі.

«У кожнага з нас ёсць такія рэчы, якімі мы не карыстаемся. Дык і чаму б імі не падзяліцца?»


У Баранавічах «Бібліятэка інструментаў» працуе каля года і за гэты час нашымі паслугамі скарысталася ўжо 10 чалавек. Яна месціцца ў маім асабістым гаражы. Дарэчы, усе інструменты – мае ўласныя. Мы маем электрашрубавёрт, дрыль, перфаратар, пілы, прамысловы пыласос, электрарубанак.

Пакуль што для таго, каб скарыстацца бібліятэкай, трэба проста прыйсці з пашпартам і бясплатна ўзяць неабходную рэч на тыдзень. Але мы ў хуткім часе ўдасканалім сістэму: прысвоім інвентарызацыйны нумар кожнаму інструменту і будзем афармляць карткі для карыстальнікаў, дзе будуць указвацца мабільныя тэлефоны, пошта і іншыя кантакты.

Часам да нас паступаюць замовы: людзі пішуць у сацыяльных сетках, пытаюцца пра тую ці іншую рэч. Канешне, у нас не ўсе інструменты ёсць, альбо людзі пытаюцца пра вельмі рэдкія і дарагія, якія мы яшчэ не можам сабе дазволіць. Таму нам сапраўды неабходна пашырацца.

Да таго ж памяшканне вымагае рамонту, для ўсяго гэтага неабходныя сродкі. Таму мы напрыканцы лістапада запусцілі краўдфандынгавую кампанію на «Талацэ». Але, на жаль, пакуль што яна ідзе не вельмі паспяхова – за некалькі тыдняў грашыма дапамог толькі я сам.

 

 

Усім шэрынг

– Я разам з аднадумцамі стварыў першую ў Беларусі «Бібліятэку інструментаў». Нават не першую ў Беларусі, а першую ў рэгіёне: такіх праектаў няма ні ва Украіне, ні ў Расіі, ні ў Польшчы, ва ўсякiм разе, мы пра іх не ведаем. Самая блізкая да Баранавічаў «Бібліятэка» знаходзіцца ў Берліне.

Насамрэч мяняцца можна чым заўгодна. У Лондане, напрыклад, працуе першая ў свеце «Бiблiятэка рэчаў». Там вы можаце атрымаць ровар, намёт, спальнік – амаль усе, што выкарыстоўваецца не кожны дзень, але можа выпадкова спатрэбіцца. Калі вы задумаецеся, то высветліцца, што вы ўжываеце вельмі шмат рэчаў на працягу толькі невялічкага прамежку часу ў год, а астатні час яны проста ляжаць і займаюць месца. На прынцыпах шэрынгу базуецца новы тып эканомікі – sharing economy (эканоміка абмену). На ім таксама пабудаваныя модныя сэрвісы Airbnb, Uber, Couchsurfing.

 

 

Наводзім MOSTы

– Я шмат інфармацыі шукаў пра праграмы, якія могуць дапамагчы нашаму праекту развівацца. Мы ўдзельнічалі ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, але там нас не заўважылі. Але я не здаўся і працягнуў пошукі. Убачыў матэрыял пра праграму MOST http://most-belarus.eu/, аформіў заяўку, распавёў пра праект і нас адабралі. У журы ўваходзяць прадстаўніцтва ЕС, МЗС, Брытанскі Савет у Польшчы.

Дзякуючы MOST наша каманда наведала бібліятэкі інструментаў у Эдынбургу і ў Лондане. Гэта быў вельмі карысны досвед. Мы зразумелі, што нам вельмі патрэбны сайт праекту. І я ўбачыў, што ў шатландскіх хлопцаў таксама некалі былі цяжкія часы.

«Ёсць амбітная мэта – зрабіць Баранавічы сталіцай sharing movement in Belarus»

 
Зразумелі мы і тое, што не трэба здавацца, трэба працаваць і рухацца далей. Праз пабудову сацыяльных сувязяў людзі трымаюцца адно за аднаго. Вось шатландцы будуць нас падтрымліваць, мы можам з імі параіцца цяпер, яны могуць штосьці нам падказаць. Улетку будзе міжнародная канферэнцыя бібліятэк інструментаў, якая адбудзецца ў Канадзе. Мы ўжо запрошаныя і, спадзяюся, здолеем там усталяваць новыя кантакты.

Сацыяльныя праекты развіваць вельмі цяжка. Але мы не будзем здавацца, мы будзем рухацца далей, будзем рабіць усё, што можам, каб бібліятэка стала больш напоўненай. І будзем рабіць гэта ўсімі сіламі, якія толькі маем.

Калі мы толькі пачыналі паўтара года таму, пра нас ніхто нічога не ведаў, але цяпер пачалі заўважаць: пра нас піша прэса, мы перамагаем у конкурсах – у нас вельмі натхнёны настрой i мы ўпэўненыя ў сваёй ідэі. Ёсць амбітная мэта – зрабіць Баранавічы сталіцай sharing movement in Belarus!

 

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by Жэня Ціхановіч


Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (3)

Альберт27-01-2017, 22:55

Вялікі дзякуй за матэрыял, і за ўсю серыю таксама. Заўсёды вельмі прыемна даведвацца пра неабыякавых людзей гэтай краіны. Дзякуй Богу за тое, што яны нараджаюцца тут ды пасля абіраюць Беларусь.

Адказаць

Mapa27-01-2017, 23:40

Вялікі малайчынка! Няхай усё атрымаецца!

Адказаць

Mai25-07-2017, 12:30

Hi, мне таксама такое марылася у дзяцінстве. Ці есць магчымасць якім небудзь шляхам далучыцца да суполкі і праекту і наогул, якія патрабаванні дзеля набыцця грамадзянства праз тых, хто вяртаецца зза мяжы???

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.