Навошта ісці на «Школу ТЭАРТа»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.10.2018
- 10543
Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» стартаваў 20 верасня і паспеў паказаць больш за 10 пастановак. Але самае карыснае яшчэ наперадзе: на гэтым тыдні пройдуць мерапрыемствы «Школы ТЭАРТа», якія мы чакалі з лета. Расказваем, чаму табе не варта іх прапускаць.
Людміла Грамыка
тэатральны крытык, куратарка праграмы Belarus Open
– «Школа ТЭАТРа» – адукацыйная праграма. Яе мэта зразумелая, але сёлета куратарка Таня Арцімовіч прапануе дзве сустрэчы, закліканыя не проста нас «адукоўваць», а дзе важны менавіта асобасны кантакт таленавітых і свабодных людзей з тымі, хто, магчыма, таксама захоча стаць свабодным.
Колькі б ні казалі пра Паўла Пражко: «Ён геній», адказаць на падобныя замахі сяброў і калег зможа толькі ён сам падчас сустрэчы «Пражко пра Пражко». І я хачу гэта бачыць і чуць.
Прапусціць сустрэчу з Марынай Давыдавай проста немагчыма. Дакладна ведаю, што на гэтую сустрэчу не прыйдзе той, для каго тэатр – зона глядацкіх уцех або непарушны пастулат з савецкіх тэатральных установак. Марына Давыдава раскажа аб тэатры «па-за межамі», і многім давядзецца пераканацца ў тым, што такое таксама бывае.
Пражко пра Пражко. Дыялог
Мы ўжо пісалі, чаму важнае выданне кнігі Пражко. І хай краўд-кампанія не склалася, але ты ўсё роўна можаш схадзіць на сустрэчу з драматургам. Як мінімум затым, каб зразумець, чаму ён такі фенаменальны для беларускага тэатра. 3-га кастрычніка ў «Ок16» Павел раскажа пра ўласны драматургічны метад, прафесійныя інтарэсы і чаканні.
Марына Давыдава. Тэатр «па-за межамі». Выклікі сучаснасці
5-га кастрычніка ў тым жа культурным хабе «Ок16» адбудзецца сустрэча з вядучым тэатральным крытыкам Расіі – Марынай Давыдавай. За дзве гадзіны івэнта яна растлумачыць тэндэнцыі сучаснага тэатра па-за яго нацыянальнымі межамі і прэзентуе кнігу «Культура Zero. Нарысы рускага жыцця і еўрапейскай сцэны».
Без бар'ераў. Сустрэча з групай спектакля «Тры сястры»
Рэжысёр Цімафей Кулябін не выносіць паўмер: майстар пазбаўляе герояў прамовы, але змяшчае іх у гаваркія дэкарацыі. Убачыць такое проста, а вось зразумець – цяжэй. 8-га кастрычніка ў галерэі «Ў» удзельнікі спектакля раскажуць, як ён ствараўся, з чым сутыкнуліся акцёры, калі засвойвалі мову жэстаў, і як магчыма імправізаваць у такой сітуацыі.
Марк Ламерт: мастак як сцэнограф
Сцэнографы сусветных тэатраў прыязджаюць да нас не кожны дзень. Менавіта таму варта пайсці на лекцыю Марка Ламерта 12-га кастрычніка ў новай прасторы галерэі «Арт-Беларусь» – ZAL #2. Адзін з самых вядомых нямецкіх сцэнографаў нашага часу прачытае лекцыю пра тое, як ствараецца тэатральная прастора і чаму рухомыя аб'екты, асвятленне і колер – гэта частка спектакля, а не проста яго фон.
«Гарызонты новага тэатра»
13-га кастрычніка пісьменніца і драматургіня Дарота Маслоўска раскажа пра новы тэатр у Польшчы, а яшчэ пра тое, як культура ўплывае на нашы прынцыпы. Магчыма, ты чуў(ла) прозвішча Маслоўскай раней не ў сувязі з тэатрам, бо яе кар'ера пачыналася ў літаратуры. «Польска-руская вайна пад бела-чырвоным сцягам» – раман пра падлеткаў, якія абвясцілі вайну пасля чарговай дозы, стаў адным з самых гучных літаратурных дэбютаў у Польшчы.
Навошта тэатр? Кухонныя размовы
14-га кастрычніка ў рэстабары «Буфет» абяцаюць уцёкі ад нуднага абмеркавання тэатра ў фармаце круглага стала. Вынік крэатыўнай «кулінарыі» – імправізаваны стол з лёгкімі закускамі і адказы на пытанні аб тым, ці існуюць межы ўнутры беларускага тэатральнага поля і які ўсё ж тэатр патрэбны Беларусі. Сярод удзельнікаў «кухні» – тэатральныя менеджары(-кі), крытыкі і рэжысёры(-кі).