1726 0

Надзея Ількевіч

Мурал каля Камянецкай вежы, дзіцячы лабірынт у Браславе або міжнародны challenge, дзе спалучаецца паркур і прыбіранне смецця, – стварэнне ўсяго гэтага магчыма пабачыць на шоу «Горад». Куратарка праекту Надзея Ількевіч у размове з 34mag распавяла, як рабіць самыя смелыя ўрбаністычныя праекты пры падтрымцы гарадской адміністрацыі.

 

Чым займаюцца: ствараюць інтэрнэт-шоу для ажыццяўлення праектаў у галіне ўрбаністыкі

Дата заснавання: 2015 год.

Структура: 3 чалавекі + студыя прадакшну Green Media Production


Кантакты:

VK   |   FB   |  Сайт   |   YouTube
 


З кім гутарым: Надзея Ількевіч, 27 гадоў, менеджарка культурных праектаў, ідэйная кіраўніца шоу «Горад».

 

 

Гісторыя Надзі

– У культурніцкую сферу я трапіла вельмі проста – настаўніца ў 9 класе прывяла нас у Рускі тэатр на спектакль «Тата, тата, бедны тата…». Усяму класу не спадабалася, але не мне. Пасля гэтага я штодзень пачала хадзіць у тэатр, а там пазнаёмілася са шматлікімі акторамі ды рэжысёрамі.

«У нашай рэчаіснасці быць менеджарам сацыякультурных праектаў – гэта нешта далёкае і незразумелае»

Свой першы ўласны культурніцкі праект я зрэалізавала ў Музеі Янкі Купалы. Тады я адначасова вучылася ў Інстытуце сучасных ведаў і ЕГУ. Мне затэлефанаваў актор Алег Коц і сказаў: «Трэба зладзіць акцыю на Ноч музеяў у Музеі Купалы». Тады я прыдумала акцыю «Рок на палатне»: выступаюць некалькі музычных гуртоў, якія граюць у адным стылі, а паралельна шэсць мастакоў з мальбертамі малююць асацыяцыі з гэтаю музыкай. Гледачы могуць бачыць, як ствараецца карціна ў рэальным часе. Атрымалася вельмі крута, і я працягнула рэалізоўваць падобныя праекты.

 

 

Месца для супергерояў

– Мне заўсёды хацелася адкрыць нейкую школу для культурных менеджараў, зрабіць альтэрнатыву Інстытуту культуры. Але ў нашай рэчаіснасці быць менеджарам сацыякультурных праектаў – гэта нешта далёкае і незразумелае. Складана патлумачыць, што гэта такое, навошта гэта трэба, як на гэтым зарабляць грошы.

Спачатку я спрабавала адкрыць такую школу, але туды ніхто не запісаўся. Але жаданне стварыць нешта такое, дзе можна даведацца, як зрабіць месца, у якім жывеш, лепей, нікуды не знікла. Так гэта ўсё пераўтварылася ў «Школу супергерояў», мой леташні праект. Выпускнікамі школы сталі 26 чалавек. Ніхто з іх дагэтуль не займаўся ніякаю актыўнаю дзейнасцю, але ўсім вельмі хацелі паспрабаваць: як гэта, быць супергероямі ды палепшыць свой горад. У нас атрымалася зрэалізаваць шэсць ініцыятываў: аднавілі лесвіцу на вуліцы Жудро, правялі фестываль «Вулічная бібліятэка» ў Парку Перамогі ды ўзмацнілі дух добрасуседства жыхароў Асмалоўкі.

«Мы проста прыдумалі ідэю, напісалі спонсарскі праект і тэлефанавалі ўсім-усім-усім»

Мінулым летам я выпадкова зняла фільм у жанры пост-апакаліпсіс на экалагічную тэматыку. Дзякуючы таму, што я звязалася з відэа, мне вельмі захацелася зрабіць аўдыявізуальны праект на падставе «Школы супергерояў». Гэтак нарадзілася ідэя шоу «Горад».

Спачатку праект планаваўся ў стылі найлепшых традыцыяў тэлеканалу ТНТ: са студыяй, кнопкаю, у больш вялікім маштабе. Але крызіс унёс свае карэктывы, і мы вырашылі рабіць серыі даўжынёю 10 хвілінаў і выкладаць іх у інтэрнэт.

Мы проста прыдумалі ідэю, напісалі спонсарскі праект і тэлефанавалі ўсім-усім-усім. Гэта заняло шмат часу, але па выніку мы знайшлі тыя кампаніі, якія нам дапамаглі.

 

 

 

Людзі «Гораду»

– Для «Гораду» мы атрымалі 102 заяўкі з усёй Беларусі ды выбралі 17 з іх. Большая частка праектаў была звязаная з пэўнымі інфраструктурнымі рашэннямі. Людзі з маленькіх гарадоў пісалі: «Мы хочам зрабіць крэатыўную прастору». У Менску такіх месцаў шмат, а вось, напрыклад, у Полацку іх зусім няма. А людзям таксама хочацца камунікацыі, хочацца, каб былі месцы для правядзення мерапрыемстваў.

Удзельнікаў ды цікаўнасць да нашага праекту мы прываблівалі праз сацыяльныя сеткі, рэгіянальныя парталы, раённыя газеты. Мы імкнуліся ахапіць менавіта тыя выданні, якія чытаюць усе.

Пры адборы ацэньвалі рэалістычнасць ідэі, неабходнасць менавіта гэтага праекту для гораду. Актуальнасць, творчасць і незвычайны падыход таксама ўлічваліся. Мы глядзелі, наколькі чалавек хоча гэта зрабіць, наколькі захоплены сваёй тэмай.

«Мы хацелі падарваць ім мозг, паказаць іншую рэчаіснасць»

У выніку мы выбралі 17 удзельнікаў з абсалютна рознымі ідэямі ды прывезлі іх у Менск на тыдзень. Там у іх была адукацыйная праграма: лекцыі па дызайне ды краўдфандынгу, сустрэча з прадстаўніцтвам амбасады Бразіліі, экскурсіі па менскіх крэатыўных прасторах. Мы хацелі падарваць ім мозг, паказаць іншую рэчаіснасць.

І ўвесь гэты час ішла праца над праектамі, удасканальванне ідэяў. Напрыканцы адукацыйнага тыдня ў Менску кожны атрымаў асабістае заданне, якое трэба было выканаць за 12 дзён. Удзельнікі мусілі сабраць каманду, зрабіць макет ці прататып, знайсці дадатковае фінансаванне, узгадніць усё з адміністрацыяй і даказаць, што гэты праект патрэбны гораду. Бо навошта рабіць дзіцячую пляцоўку ў двары, дзе няма ніводнага дзіцяці?

Па выніках гэтага выпрабавання журы выбрала фіналістаў, з якіх – чацвёх пераможцаў. Гэта праект «Дзіцячы лабірынт» з Браслава, стрыт-арт з Камянца, «Сцежка здароўя» з Салігорску і Green WorkOut з Берасця. Яны і атрымаюць дафінансаванне сваіх ідэяў ад Social Weekend.

 

 

WorkOut і стрыт-арт

– Мне асабіста падабаецца праект удзельніка з Бабруйску. Ён прапаноўвае зрабіць экапляцоўку для заняткаў спортам. Вельмі здзівіла, што вялікую дапамогу пры стварэнні макету аказалі галоўны архітэктар і мінулы галоўны архітэктар Бабруйску – адзін чыноўнік дапамагаў узгадняць, а іншы рабіў візуалізацыю.

Яшчэ адзін спрэчны праект, які ўсе абмяркоўвалі, – Green WorkOut з Берасця. Хлопец, які яго прыдумаў, спрабуе аб’яднаць паркур і акрабатыку з прыбіраннем смецця. Ён літаральна прапаноўвае прыбіраць кульбіт, ужо два разы правёў спаборніцтвы і зладзіў challenge ў інтэрнэце. На фінал гэты хлопец прыехаў з ідэяй школы Green WorkOut. Ну а глабальная мэта праекту – дабіцца ўключэння гэтага віду спорту ў Алімпійскую праграму і зладзіць Экалімпійскія гульні.

«Калі самі людзі гораду хочуць нешта зрабіць – гэта падтрымліваецца»

Ніхто з нашых удзельнікаў не быў актыўным гараджанінам ці неяк звязаны з НДА. У кожнага ёсць асноўная праца: хтосьці інжынер-канструктар, хтосьці праграміст, галоўны бухгалтар ці дызайнер. Для іх праект – магчымасць паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, выклік: «Ці здолею я зрэалізаваць сваю ініцыятыву?». Дарэчы, ніхто з некамерцыйнага сектару ў праект не падаваўся.

Гарадская адміністрацыя звычайна добра рэагавала на ўсе ініцыятывы. Напэўна, гэта звязанае з тым, што з ідэямі прыходзілі самі жыхары гораду, а не нейкая абстрактная арганізацыя. Калі самі людзі гораду хочуць нешта зрабіць – гэта падтрымліваецца.

Пасля сканчэння праекту мы выпусцім фільм пра пераможцаў ды іхныя праекты. Мы хочам, каб гэта быў дапаможнік для будучых гарадскіх актывістаў. Для гэтага мы дадалі асноўныя парады экспертаў, якія не ўвайшлі ў выпускі шоу. У любым выпадку, другому сезону праекту шоу «Горад» – быць, і мы чакаем вашых ініцыятываў.

 

 

Тэкст by sokol_mlody
Фота by Captain White


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.