20564 1

Ліда

Гайд ад 34mag падкажа табе, дзе ў Лідзе можна акунуцца ў атмасферу XІV ст., пакаштаваць лепшых страваў, паглядзець батлейку, зрабіць падарунак сваімі рукамі, закаваць кагосьці ў калодкі-дыбкі ды паганяць на BMX. А яшчэ тут можна пабачыць пакуль адзінае ў краіне графіці, прысвечанае 34mag.

 

Ліда была заснаваная князем Гедымінам у 1323 годзе. Горад стаў адміністрацыйным, судовым і гандлёвым цэнтрам, куды прыязджалі, да таго ж, на балі ды святы. Паводле легенды, князь назваў яго ў гонар сваёй дачкі Лідзіі, якая кончыла жыццё самагубствам праз нешчаслівае каханне.

«Дажынкі-2010» правялі татальны апгрэйд Ліды: у горадзе знеслі старыя пабудовы, акультурылі раку і возера каля замка, нарэшце з’явіліся нармальныя дарогі. Той, хто даўно не быў у Лідзе, можа нават яе не пазнаць.

 

Ліда ўваходзіць у склад Гарадзенскай вобласці і знаходзіцца ў 160 км ад Менска. Дабрацца сюды нескладана: ходзяць аўтобусы, цягнікі і маршруткі, апошнія – амаль кожную гадзіну.

Апошнім часам стала папулярнай суполка VK, мясцовы варыянт BlaBlaCar: яна дапамагае кіроўцам шукаць пасажыраў і наадварот. Гэта ўлюбёны сярод моладзі спосаб перасоўвання ў іншыя гарады. Звычайны кошт паездкі – € 2.

Многія выбіраюць аўтаспын, бо ён тут досыць рыбны: М6 – даволі ажыўленая траса, якая злучае Менск і Горадню. Цягнік – самы танны пасля аўтаспыну спосаб падарожжа, але разам з тым і самы доўгі. З Менска дарога абыдзецца прыблізна ў € 1,7, па часе – 3–4 гадзіны. Калі спяшаешся, едзь на маршрутцы. Гэта адзін з найбольш хуткіх спосабаў. Кошт праезду – ад € 2,5.

 

Калі няма «ўпіскі», выбар у цябе невялікі: у горадзе толькі 3 гасцініцы. Усе яны размешчаны ў цэнтры. Найбольш танная з іх – «Экватар» (вул. Кірава, 4), тут можна зняць нумар коштам ад € 13. Акрамя wі-fі, паркінга ды бара, ёсць магчымасць папесціць сябе cпа-працэдурамі.

На другім месцы – самая першая ў горадзе, аднайменная гасцініца «Ліда» (вул. Грунвальдская, 1). За вокнамі – Лідскі замак. Цана нумара стартуе ад € 13,5.

Ля цэнтральнага ўвахода можна заўважыць мясцовую выбітнасць – на вялікім старым чамадане сядзіць нерухомы Камандзіровачны, улюбёны аб'ект для фотасесій гараджан і падарожнікаў. Гэтая жанравая скульптура – іронія з нагоды вечнага недахопу месцаў у гасцініцах Савецкага Саюза. Добрая ідэя для першага сэлфі з вандроўкі.

У «Кантыненце» (вул. Кірава, 8) самы танны нумар на аднаго абыдзецца ў € 15 за суткі. За такі кошт атрымоўвай all-іnclusіve: wі-fі, паркінг, бар, паслугі пральні ды хімчысткі.

Калі загадзя падрыхтавацца да паездкі і трохі пасёрфіць па інтэрнэце, на час падарожжа можна знайсці кватэру з коштам за суткі ад € 9.

 

Мясцовыя кажуць, што ў Лідзе знайсці сабе забаву – той яшчэ квэст, асабліва калі прыязджаеш у будні дзень. Але мы табе дапаможам.

Папулярны спосаб баўлення часу сярод лідчан – адрэстаўраваны і абноўлены кінатэатр «Юбілейны» (вул. Ленінская, 11). Адзіны кінатэатр у горадзе, і той –3D. Кошт квітка – € 1–2.

Калі табе даспадобы антыкафэ, то кіруй у «Патаемны пакой» (вул. Савецкая, 15). Аплачваеш толькі гадзіны знаходжання (першая каштуе € 1,3), а гарбатка з прысмакамі, настольныя гульні, якіх хоць вазамі вазі, мастацкая літаратура, бясплатны wі-fі прыкладаюцца. Таксама можна прыйсці са сваёй ежай ці замовіць яе ў партнёраў антыкафэ.

Калі хочаш паварушыць звілінамі – наведай першы і адзіны ў горадзе квэст-пакой «QWERTY. Кабінет дэтэктыва». Кошт яркіх уражанняў пацягне на € 4–6 з чалавека. Час, адведзены на вырашэнне задач, – 60 хвілін.

На чарзе самая папулярная славутасць, якая больш за ўсё цікавіць турыстаў, – Лідскі замак. Размешчаны ў цэнтры горада, ён быў пабудаваны па распараджэнні заснавальніка горада князя Гедыміна. Гэта першы каменны замак ВКЛ на тэрыторыі Беларусі. Верхнія паверхі займалі жылыя памяшканні, на ніжнім адной з вежаў размяшчалася турма, над ёй – архіў і суд. Замак бываў у аблозе шмат разоў і ў выніку значна разбурыўся. А ў канцы XІX ст. гарадскія ўлады наогул дазволілі разабраць яго сцены для аднаўлення горада, які быў спустошаны пажарам. Да 1980-х гадоў Лідскі замак уяўляў сабой руіны, аднак у 2010 годзе быў адноўлены.

Сёння тут ёсць невялікая экспазіцыя, а лідскія турфірмы прапануюць анімаваныя экскурсіі. Тут можна пастраляць з лука, папрактыкавацца з мячом ці закаваць каго-небудзь у драўляныя калодкі-дыбкі. Сярэднявечная зброя, калекцыя прылад катавання, адзенне рыцараў і высакародных паняў у спалучэнні з халоднымі пакоямі ствараюць атмасферу амаль XІV ст. Летам ва ўнутраным двары ладзяцца рыцарскія турніры, на якія з'язджаюцца шматлікія турысты. Па вуліцах у тэматычных касцюмах шпацыруюць рыцары і дамы іх сэрцаў, горад напаўняецца духам Сярэднявечча.

Побач з замкам – дом, у якім жыў рэвалюцыянер і журналіст газеты «Наперад» (сучасная «Лідская газета») Валянцін Таўлай. Тут ёсць мемарыяльны пакой дзеяча, выставачная зала, літаратурная гасцёўня.

 

Непадалёк стаіць Крыжаўздзвіжанскі фарны касцёл (вул. Савецкая, 2) – адзіны захаваны будынак ХVііі ст. у стылі позняга барока. Скляпенні і сцены ўпрыгожаныя фрэскавым жывапісам, скульптурамі і арнаментальнай лепкай, алтары пабудаваныя са штучнага мармуру. Тут захоўваецца вобраз Божай Маці, прывезены ў далёкім XІV ст. Побач з касцёлам усталяваны камень у гонар заснавання Ліды. На масіўным валуне выгравіраваны герб з датай заснавання і прамовай па-стараславянску. Аўтар каменя – вядомы лідскі скульптар Рычард Груша.

У лідскі цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» (вул. Савецкая, 12) можна завітаць на майстар-класы па ганчарстве, кераміцы, саломапляценні, вязанні, вышыўцы ды зрабіць сувенір на памяць. Ёсць лялечны тэатр «Батлейка», крама з вырабамі лідскіх умельцаў.

У трох хвілінах хады ад цэнтра стаіць помнік архітэктуры сталага класіцызму. Дата будаўніцтва Свята-Міхайлаўскага сабора (вул. Савецкая, 20) – 1797–1825 гг. Да нашых дзён захаваўся аднапавярховы корпус манастыра і аднаярусная званіца пры саборы. Многія лідчане памятаюць гэты будынак як планетарый, ім ён быў да 1996 года, а потым стаў дзейным праваслаўным храмам.

Засыпка Кургана Несмяротнасці (вул. Ленінская) распачалася 9 мая 1966 года, у гонар перамогі ў Другой сусветнай. Гэта выглядае як 7-метровая піраміда з пілонамі, што сімвалізуюць ствалы артылерыйскіх гармат. У яго падножжа – Вечны агонь і перанесеная сюды магіла Невядомага салдата. На тэрыторыі комплексу ёсць маляўнічы парк, тут добра прагуляцца па дарожках ды мастку праз жвавую раку, на беразе якой паўсюль раскіданыя лавачкі.

Увагі заслугоўвае ўсталяваны адным з апошніх помнік воінам-чыгуначнікам (скрыжаванне праспекта Перамогі і вул. Энгельса), якія вызвалялі Ліду ў гады вайны. Гэта паравоз на пастаменце непадалёк ад уезду ў горад з менскага напрамку.

Які ж горад без уласнага музея? У лідскім гісторыка-мастацкім (вул. Перамогі, 37а) больш за 45 тысяч адзінак рознай тэматыкі і значэння: ад археалагічнай і нумізматычнай калекцый да прадметаў побыту.

Побач знойдзеш адразу дзве сучасныя скульптуры. Бронзавую постаць льва з гербам горада, што на праспекце Перамогі, вышынёй 2,5 метра, падарыў Лідзе менскі скульптар Уладзімір Жбанаў. Перайдзі дарогу – і наткнешся на сонечны гадзіннік (вул. Ленінская, 11). Цень ад сонца коўзаецца па рымскіх лічбах з хібнасцю прыкладна 5 хвілін на працягу светлавога дня. Гранітны цыферблат трымаецца на трох кітах (але без чарапахі).

 

Асаблівая атмасфера і стравы па добрых коштах у бары «Эгаіст» (вул. Чыгуначная, 12). Бізнэс-ланч тут можна ўзяць менш чым за € 2. Днём гэта ціхае і ўтульнае месца для перакусу, увечары – пляцоўка для тусовак. «Не клуб, не дископляска. А бар. Добротный бар», – так пазіцыянуе сябе «Эгаіст».

Калі ты прыхільнік перакусу ў тэмпе вальса – выдатна падыдзе кафэ хуткага абслугоўвання «Тутака» (праспект Перамогі, 29). Тут можна вельмі годна паесці на месцы ці ўзяць з сабой. У меню: бургеры, сушы, нагетсы, бульба-фры, малочныя кактэйлі і прысмакі. Перакус у сярэднім абыдзецца ў € 4, а комплекс у абедзенны час будзе каштаваць усяго € 1,5.

У адзіным беларускамоўным кафэ «Хутка-зручна» (вул. Перамогі, 43) уся ежа толькі на вынас. У меню піца (у сярэднім € 2,7), лавашы (ад € 1) і комплексныя абеды (ад € 2,7).

Не забудзь завітаць у размешчаны пры заводзе аднайменны бар «Лідскае піва» (вул. Міцкевіча, 32). Па атмасферы ён нагадвае ўтульны еўрапейскі паб, дзе разам са свежым півам прапануюць мноства закусак і страў. Абед і келіх разліўнога абыдзецца ў сярэднім у € 10.

Аматарам добрай і разам з тым бюджэтнай ежы нельга абмінуць сталовую «Традыцыя» (вул. Савецкая, 22а). Тут першая страва, другая і кампот будуць каштаваць каля € 1–2. Дарэчы, і інтэр'ер у сталоўцы някепскі.

 

Закінуты завод «Ізатрон» – досыць культавае месца для альтэрнатыўнай моладзі. Характэрны для савецкага перыяду «недабуд» мае для кожнага сваё асаблівае значэнне. Для кагосьці ён быў месцам тусоўкі, для кагосьці – пляцоўкай для стрыт-творчасці, а для іншых – месцам натхнення. Тут некалькі разоў праводзіліся андэграўндныя закрытыя фестывалі. Сёння «Ізатрон» мог бы быць выдатнай пляцоўкай для выстаў сучаснага мастацтва, але, відавочна, час для гэтага яшчэ не настаў.

Яшчэ адно непапсовае месца горада – «Лісіныя горкі». Назву далі нешматлікія «пасвечаныя». Падыходзіць для наведвання тым, хто цікавіцца яздой на роварах. Дабрацца да яго праз лес – самая сапраўдная прыгода. Ніхто не ведае, адкуль з'явіліся самі горкі. Хлопцы, якія іх знайшлі, выдатна расчысцілі тэрыторыю, і сёння гэта месца тусовак BMX-ераў, якія зрабілі з горак дзёрты.

 

Калі засталіся энергія ды час – гані ў парк «Гарні», ён усяго за пяць кіламетраў ад горада. Парк быў створаны ў 1881 годзе царскай лясной аховай. На яго тэрыторыі плошчай у восем гектараў сустрэнеш унікальныя дрэвы, многім з якіх больш за 130 гадоў. Атрымай адчуванне, быццам ты ў нейкай экзатычнай краіне, а не на Лідчыне.

У вёсцы Сялец, якой каля 600 год, да нашых дзён захаваліся абарончыя ўмацаванні Першай сусветнай вайны. Акрамя таго, тут ёсць спартыўна-біятлонны комплекс і дзіўныя пейзажы – чым не месца для медытацыі і думак пра вечнае? Побач з вёскай знаходзіцца неверагодна прыгожае возера, вада якога халодная ў любую пару года.

 

Усе гайды ад 34mag па гарадах Беларусі – тут!

Тэкст by Лена Куляшова

Фота by Polіakowa


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (1)
ava

Dmitri Shishanouski 20-04-2016, 10:49

Выдатны гіт але неабходна аднаўленне))))) Бо што там з Лідскім мезеем? Нідзе не магу знайсці інфы калі ён працуе і як там апынуцца? Прыехалі госьці і хацелі там быць, бо вельмі спадабаецца Лідскае піва))))

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.