Пліз, стэнд ап!

У гэты чацвер у «Хулігане» адбудзецца першы ў горадзе камедзі-стэндап на інглішы. Хост мерапрыемства Міша Кэлін – беларус, які ўжо шмат год жыве ў Кітаі і з’яўляецца ўдзельнікам Kung Fu Comedy Club. Пра што ён збіраецца жартаваць з менчукамі на іх няроднай мове і навошта жартуе пра Беларусь у Кітаі, мы запыталіся ў самога Мішы.

 

З ранняга ўзросту я сябе ўявіў пісьменнікам, пісаў апавяданні, хаця разумеў, што зарабляць гэтым немагчыма. А фанатам стэндапа стаў з універсітэцкіх часоў, калі мы з суседам па пакоі нанач слухалі выступы Стывена Райта, Мітча Хэдберга, Біла Хікса і Дэвіда Кроса. Ужо ў Кітаі сябра прапанаваў далучыцца да яго практыкаванняў у стэндапе. Тады я зразумеў, што для мяне стэндап – гэта такая чыстая форма пісьма, яна дапамагае ўдасканальвацца мне ў напісанні тэкстаў. Цяпер я арыентуюся на Патрыса О’Ніла, Норма Макдональда, Марыю Бэмфард і Біла Бура.

Я лічу, што любая пісаніна, якая ідзе ад сябе, калі ты капаеш углыб, знойдзе сваю аўдыторыю. Галоўнае быць сумленным. Людзі – усё адно людзі. Пра што я кажу? Пра стасункі, праблемы асобы. Я бяру нейкае непапулярнае меркаванне і спрабую прадаць яго публіцы. Напрыклад, у мяне ёсць жарт пра жывёлаў. «Хопіць браць бяздомных жывёлаў, вы забіваеце іх сваімі лайновымі жыццямі». Я не лічу, што кажу нешта дрэннае, таму што тут я на баку жывёлаў. Заўсёды хочацца здзівіць, паказаць нейкі новы бок з’явы.

 

 

 

 

 

У Курта Мецгера ёсць такі жарт. «Што вы думаеце пра гей-шлюбы?» Усе такія: «Гэта крута!» А ён: «Што, сапраўды? Не, гэта не для мяне...» А потым ён такім чынам сканчвае жарт, што ты разумееш, што ён добры чалавек і любіць усіх людзей аднолькава. У гэтым уся сутнасць стэндапа для мяне.

 

Менавіта таму так неабходная субтыльнасць для выступу: пакой мусіць быць цёмны, не павінна быць шуму, людзі павінны ўважліва цябе слухаць, а не бухаць недзе на бары. Не проста гэтыя тээнтэшныя, посткавэзэшныя тэмы, калі ўсё светла, няважна, што сказалі, ты папляскаў у ладкі і далей бухаеш з дружбаком. Так не павінна быць.

 

 

 

 

 

 

 

 

Калі людзі бачаць, што ты – добры чалавек, ты можаш казаць усё, што заўгодна. Хоць ёсць такія стэрэатыпныя жарты па шаблоне, якія ў нашым коле ўжо лічацца дурным густам. Калі нехта жартуе пра маленькія геніталіі кітайцаў ці класічны жарт пра маму, мы пасля шоу самі яго будзем гнабіць: «Ты ж вышэй за гэта!»

Калі ўсё рабіць сумленна і казаць пра рэчы, якія цябе сапраўды хвалююць, то праблема знікае сама сабой. Калі спрабаваць дагаджаць публіцы, прыстасоўвацца да густаў, то нічога не атрымаецца. Як ёй дагаджаць, калі штораз гэта розная канфігурацыя людзей?

«Напрыклад, у мяне ёсць жарт пра жывёлаў. “Хопіць браць бяздомных жывёлаў, вы забіваеце іх сваімі лайновымі жыццямі”»

Аднойчы я вяртаўся з «Хулігана» і таксіст прапанаваў зрабіць мне мінет. Калі я апавядаю гэтую гісторыю сябрам, то пачынаю развіваць яе неяк: «Мы гутарым, я трошкі падпіўшы. І тут ён пытае, маўляў, ты б дазволіў мужыку ў цябе ўзяць? Я кажу, ну, гледзячы які мужык. Калі ў яго такія маленькія эстэтычныя рукі, то магчыма. Ён такі: “А мне дазволіш?” Я паглядзеў на яго, ён увесь такі мужыкаваты, лысы. Я яму: “Мужык, ты паглядзі, як ты стырно трымаеш, ты паглядзі на свае рукі”». Карацей, пачынаю сцябацца. Жарт сканчаецца тым, што я даю яму грошай на пластычную хірургію. Такія жарты працуюць, калі ты ідзеш трошкі далей, пачынаеш імправізаваць далей і далей, пакуль не ўбачыш, што слухачы ўжо на мяжы смеху. Потым дома запісваю, што спрацавала – пакідаю, астатняе выкідаю. Так і пішу жарты з некаторых свежых жыццёвых сітуацый.

Я яшчэ пахаджу па родных месцах у Берасці, паспрабую нешта з гэтага ўзяць, каб напісаць. Але, у прынцыпе, я не баюся чацвярга. Дакладней, я баюся. Але самае жахлівае, што можа адбыцца, гэта што людзі ўсе шэрагам выйдуць. У прынцыпе, мы нечага такога і чакаем. У рэшце рэшт, ніхто нічога не губляе. Людзі ўдзельнічаюць у гістарычным івэнце, бясплатна, паслухаюць мой прыгожы голас, як мне аднойчы сказалі, будзем гутарыць. Калі нічога не спрацуе, я буду проста імправізаваць.

 

 

 

«Калі спрабаваць дагаджаць публіцы, прыстасоўвацца да густаў, то нічога не атрымаецца. Як ёй дагаджаць, калі штораз гэта розная канфігурацыя людзей?»

 

 

 

У Кітаі мне заўсёды трэба пачынаць з жартаў пра Беларусь, таму што так я прадстаўляюся. Таму што без гэтага многія мае рэчы не працуюць. Людзі любяць мой унікальны голас, таму што там вельмі мала беларусаў, якія гэтым займаюцца. Калі замежнік апынаецца ў Кітаі, усе думаюць, што ён нейкі багацей. Я ім кажу: «Не, гэта не так, мой пашпарт 52-гі ў рэйтынгу, а кітайскі – 45-ты». Калі я сустракаюся з кітаянкай, то для яе гэта крок назад. Людзі не чакаюць гэтага, для іх гэта смешна, калі я кажу, што жыць у Кітаі – гэта мая «амерыканская мара». Мала хто можа так жартаваць, таму што ў нашай тусоўцы ў асноўным амерыканцы, аўстралійцы, ёсць дзяўчына, якая нарадзілася ў Іране, але яна амерыканка, ёсць хлопец з Егіпта.

Я пачуваюся шчаслівым, калі займаюся стэндапам, таму што людзі, якія мяне атачаюць, – усе палаюць гэтай справай, падтрымліваюць адно аднаго і штурхаюць наверх.

Усе мы праходзім праз нейкую драму. Няважна, адкуль ты, мы ўсе адчуваем гэты боль. Нават проста жыць з чалавекам у шлюбе. Вы можаце прыйсці з добрага бэкграўнду, але калі гэтыя сваркі пачынаюцца, усе ведаюць гэтае пачуцце, гэты боль. Калі ў цябе няма яго ў жыцці – гэта складана ўявіць. У мяне шмат здаралася па жыцці, і добрага, і дрэннага, чым я магу падзяліцца. Я вылоўліваю ідэі праз медытацыю. Проста адключаю галаву – і яно прыходзіць. Не хачу прымушаць сябе. Што пішацца – тое пішацца.

 

Падзея адбудзецца ў бары «Хуліган» 2 лютага а 20:00. Уваход фры.

 

Фота by poliakowa

 


КАМЕНТАРЫ (3)

Макс Дизайнер
Макс Дизайнер | 2.02.2017 10:14

Миша, горячего вечера!Сожги это болото нафиг!

1 0 +1
Апполо Крид
Апполо Крид | 1.02.2017 14:48

Захвачу сухие штанишки и слоуник

5 0 +5

Мишаня ЛЭТС ГО! ДЖЭСТ ДУ ИТ! У КОНУ ВОТ ИЗ ВОТ!

4 0 +4