Сёння выходзіць зборнік электроннай музыкі Touched 3 на брытанскім лэйбле Touched Music. Цікава, што сярод такіх мэтраў эксперыментальнай электронікі, як Future Sound Of London, Autechre, Plaid, Amon Tobin і іншых, можна знайсці і беларускіх выканаўцаў Mustelide і That Sky & Noise Beat. Мы пагутарылі з брытанскім і беларускім бакамі, каб даведацца, як такое стала магчымым.
Touched Music – брытанскі лэйбл, запушчаны ўэльскім электроншчыкам Марцінам Болтанам у 2013 годзе пасля таго, як ягонай маці паставілі дыягназ «рак». Медсёстры з буйнейшай дабрачыннай арганізацыі Macmillan Cancer Support настолькі рупліва клапаціліся пра яе, што музыка вырашыў неяк падзякаваць фонду. «Аднойчы да мяне прыйшла ідэя запытаць у сваіх сяброў з розных лэйблаў, музыкантаў і мастакоў, каб яны даслалі свае працы, якія мы аб’яднаем у кампіляцыю. Выручаныя сродкі ад продажу пойдуць у фонд Макмілана, – кажа Марцін. – Многім ідэя спадабалася. Я думаў, нават калі мы назбіраем £ 500, будзе цудоўна». Зараз на рахунку лэйбла – амаль £ 40 000.
На першым зборніку ў Марціна атрымалася сабраць болей за 120 музыкантаў, сярод якіх былі зоркі электроннага олдскулу The Future Sound Of London, 808 State і Arovane. З пэўнага моманту артысты пачалі нават самі пісаць Марціну з прапановай паўдзельнічаць у праекце. Сёння выходзіць ужо трэцяя кампіляцыя, як яе ахрысціў прадзюсар – «мегакампіляцыя», з болей чым 400 музыкантамі ў трэклісце. Акрамя вядомых па ўсім свеце Richard H. Kirk, Plaid, Luke Vibert, Kid Koala, Funki Porcini, Amon Tobin, Autechre, можна на ёй знайсці і беларускіх выканаўцаў Mustelide і That Sky. Як яны туды трапілі?
«Кіраўнік лэйбла Ezhevika [Канстанцін Кур’янаў – 34mag] напісаў, што для майго новага рэліза ў яго ёсць шмат цікавых трэкаў. Так і выйшла. Мне спадабалася ўся музыка, якую ён мне даслаў, – і цяпер яна частка Touched 3», – тлумачыць Марцін.
«Аб існаванні лэйбла Touched я даведаўся каля года таму дзякуючы папярэдняму выпуску, – распавядае Косця. – Тады мяне рэліз моцна ўразіў, перш за ўсё як меламана: 255 адборных трэкаў ад мацёрых прадзюсараў, сярод якіх нямала зорак жанру. Хтосьці нядаўна нават пажартаваў: “Як, ужо выходзіць Touched 3?! Але я яшчэ Touched 2 не даслухаў!”»
Трэкі Mustelide і That Sky & Noise Beats падбіраліся адпаведна стылістыцы лэйбла – IDM, ambient, trip-hop. У Беларусі іх можна было пачуць раней, але для астатняга свету гэта ўсё роўна прэм’ера. «Нарэшце, псіхалагічная “жалезная заслона” разбураецца, лэйблу ўдаецца знаходзіць новыя кантакты, на нас звяртаюць увагу слухачы, выданні і буйныя радыёстанцыі па ўсім свеце», – дзеліцца аптымістычнымі поглядамі Дзмітрый Літвіновіч, бос лэйбла. Акрамя беларусаў, на кампіляцыі адзначыліся і іншыя падпісанты лэйбла: BAIKAL, Thorn1, antrru, A Ch. Хлопцы гавораць, што ўжо ёсць планы па супрацоўніцтве Ezhevika і Touched Music, але дэталі пакуль раскрываць не будуць.
«Я ўяўляю, быццам мы некалькі гадоў скакалі на батуце, спрабуючы зазірнуць за высокую і непрыступную цагляную сцяну, а цяпер ці то сцяна пачала бурыцца, ці то мы сталі мацней скакаць. Ці тое і другое адразу. Прынамсі стала выразна відаць, што нас там чакаюць і без нас дзеянне не пачнецца», – падагульняе Косця.
Аляксандр Галузій, That Sky: «Удзел у праекце Touched – гэта добрая магчымасць заявіць пра сябе. Думаю што дабрачыннасць разам з музыкай – гэта выдатны калаб, варыянт прасоўвання, які трэба выкарыстоўваць і папулярным музыкам, і пачаткоўцам як мага часцей».
Купіць кампіляцыю можна на bandcamp’е праекту за 15 фунтаў. Усе грошы пойдуць у фонд падтрымкі хворых на рак Macmillan Cancer Support.
Праграма – кайф, адразу 28 фільмаў з Беларусi i Еўропы.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.