Сацыялка is the new black
- 18.05.2018
- 5101
Так, сацыяльныя ініцыятывы – важная і карысная для ўсіх справа. Але як зрабіць так, каб пра тваю ідэю не толькі напісалі ў медыя, але і падалі тэму ў вірусным фармаце? Сумная сацыялка, якая цісне на жаль, ужо не працуе. Трэба даваць чытачам магчымасць самім выбіраць ход развіцця падзей, але ўсё роўна прыводзіць іх да выніку, які патрэбны тваёй ініцыятывы. Прыкладамі такіх медыйных фарматаў падзяліліся хэдлайнеры канферэнцыі #IdeaLab2018, якую арганізаваў IBB – міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау. Глядзі, як тонка можна расказаць пра цяжкія тэмы.
Сяргей Карпаў
кіраўнік аддзела спецпраектаў часопіса «Такие дела» (Расія)
Наталля Баранава
журналістка і намесніца рэдактара адукацыйнага праекта «Теплица социальных технологий» (Расія)
Пяць гісторый рэальных людзей
Аднойчы журналістка выдання «Такие дела» прыбегла на планёрку і сказала, што ў Храме Касмы і Даміяна – самым ліберальным прыходзе ў Маскве – будзе паніхіда па бяздомных людзях, якія загінулі зімой на вуліцах горада. І туды прыйдзе шмат людзей, каб успомніць тых, хто памёр. У рэдакцыі сталі прыдумляць магчымыя фарматы: адной навіны мала, рэпартажу таксама недастаткова для такой тэмы, фотапраект мог бы прывесці да яшчэ большай стыгматызацыі. З'явілася ідэя зрабіць некралогі: звычайна іх пішуць вядомыя людзі пра вядомых людзей. «Такие дела» вырашылі вывернуць усё навыварат і папрасіць знакамітасцяў напісаць пра невядомых людзей – пра тых, каго ўжо ніхто не ўспомніць. Але зразумелі, што гэта немагчыма: літаратары не былі знаёмыя з памерлымі і нічога змястоўнага не змаглі б стварыць. Потым стала зразумела, што і візуалу ніякага няма.
Тады рабяты з рэдакцыі пайшлі да валанцёраў, якія дапамагалі бяздомным, і сталі вызнаваць у іх усё, што тыя ведалі. Сабралі інфармацыю і зразумелі, што наўрад ці хтосьці блізка ўспрыме тэму, калі проста завесіць палатно тэксту. Вырашылі, што ёсць шанец выратаваць сітуацыю: намаляваць мульцікі.
Задача – зрабіць дызайнерскі прадукт, які дапаможа вывесці Расію ў лік лідараў сусветнага рэйтынгу дабрачыннасці. Мэта – павысіць узровень дасведчанасці пра жыццё бяздомных і прыбраць стаўленне да іх як да людзей, якіх «не шкада». Абмежаванне – «Такие дела» ў асноўным чытаюць дарослыя людзі, якім зручней скроліць, чым глядзець відэа.
У выніку атрымаліся мультыплікаваныя гісторыі пра рэальных людзей з іх кароткімі біяграфіямі. Прагляд кожнай займае 4 хвіліны – час, які звычайна займае прачытанне аднаго матэрыялу ў часопісе «Такие дела».
Дзень бяздомнага чалавека – кажны апошні панядзелак сакавіка.
У 2016 годзе «Такие дела» вырашылі зрабіць спецпраект пра ВІЧ: расказаць пра актывізм, дзіцячы ВІЧ, медыцыну, фармакалогію і сацыяльна адаптаваную форму хваробы. Выпусцілі першае відэа пра ВІЧ-актывізм, у якім некалькі ВІЧ-станоўчых людзей проста распавядалі свае гісторыі. «Такие дела» зрабілі рэліз 1 снежня, і неўзабаве рэдакцыя раз'ехалася на навагоднія святы. У сярэдзіне студзеня Сяргей Карпаў вырашыў перагледзець відэа і зразумеў, што гэта ўсё ж нельга паказваць: такая форма падачы тэмы прывяла б да яшчэ большай стыгматызацыі і аб'ектывацыі гэтай уразлівай групы людзей. Быў яшчэ цікавы нюанс: многія героі самі сталі дапамагаць іншым ВІЧ-інфікаваным змагацца з хваробай.
Па статыстыцы, кожны 25-ы чалавек у Расіі ВІЧ-станоўчы. Умоўна, у кожным класе ёсць такое дзіця. І, хутчэй за ўсё, бацькі забараняюць яму распавядаць іншым пра свой дыягназ.
«Такие дела» ўспомнілі, што хацелі зрабіць праект пра дзяцей і вырашылі, што трэба рабіць праект для дзяцей. Але для тых, якія ўжо могуць прыняць больш ці менш свядомае рашэнне: гэта значыць, людзі ад 14 да 23 гадоў.
Адразу было зразумела, што асобы дзяцей паказваць нельга, нават калі яны або іх апекуны далі б згоду. З часам знайшлі арганізацыю, якая працуе з дзясяткамі ВІЧ-станоўчых дзяцей. Гэта дало магчымасць пагаварыць з героямі і даведацца, з якімі праблемамі і абмежаваннямі яны сутыкаюцца ў звычайным жыцці: напрыклад, ці дазваляюць яны сабе піць праз адну саломінку з людзьмі, якія не з'яўляюцца ВІЧ-станоўчымі.
«Такие дела» ўзялі сабе за правіла не паўтараць фарматы. Мульцікі ўжо былі – значыць, прыйшоў час зрабіць гульнявое кіно. Спачатку, вядома, самі здзівіліся гэтай ідэі і не паверылі ў магчымасць яе рэалізацыі. У выніку атрымаўся фільм на стыку інтэрактыўнасці і гейміфікацыі: гледачы пры праглядзе самі робяць выбар за герояў – і ад гэтага залежыць, як складзецца іх жыццё. Таксама любое дзеянне суправаджаецца невялікім адукацыйным тэкстам, напісаным мовай для падлеткаў.
Рэліз вырашылі рабіць у VK, прычым супрацоўнікі сацсеткі таксама ўспрынялі фільм як свой спецпраект: для гэтага яны ўдасканалілі прыладу, праз якую трэба глядзець гэта кіно, і дапамаглі з прасоўваннем.
Дзённік анколага, хворага на рак страўніка
У сакавіку расійскі ўрач-анколаг Андрэй Паўленка даведаўся, што ў яго агрэсіўная форма раку страўніка. Ён звязаўся з рэдакцыяй «Такие дела» і сказаў, што хоча стаць медыйнай асобай і падрабязна распавядаць пра ўсё, што адбываецца з хворым чалавекам.
Цяпер ты можаш вывучыць карткі з адказамі на пытанні, якія ўзнікаюць перадусім; паслухаць падкасты з голасам Андрэя; паглядзець відэагісторыі пра жыццё героя пасля пастаноўкі дыягназу; пачытаць дзённік Паўленкі з пункту гледжання яго як лекара і пацыента.
Бот задае даволі простыя пытанні, на якія трэба адказваць аднаскладова: ці ёсць у цябе нерухомасць, рэгістрацыя, судзімасць, прыхільнасць да алкаголю і іншае. У выніку атрымліваеш свой індэкс уразлівасці, выражаны ў працэнтах.
«Як бачыш, у кожнага ёсць рызыка апынуцца на вуліцы. І толькі 2% бяздомных самі прыйшлі да такога ладу жыцця. Асноўная большасць – ахвяры абставін, з якімі людзі не змаглі справіцца ў адзіночку. Неабыякавасць і ўдзел у праблеме могуць дапамагчы тым, хто ўжо страціў свой дом», – гаворыцца ў канцы.
А тут можаш пачытаць пра сапраўдныя прычыны бяздомнасці.
«Вместе С»
Сямейная драма, вэб-док, роўд-муві
Мультымедыйны спецпраект, які стварылі некалькі расійскіх НДА разам з «Новай газетай». Галоўная мэта – прыняць у краіне дзяржаўную праграму па барацьбе з гепатытам С.
На галоўнай старонцы ты можаш выбраць тры варыянты развіцця падзей – стварыць Міністэрства аховы здароўя ў мініяцюры, лячыцца незарэгістраванымі лекамі або адмовіцца ад расійскага грамадзянства – і пачытаць рэальныя гісторыі. Дадаткова ёсць блок з пытаннямі і адказамі пра гепатыт С.
Пачытай таксама:
Монаміф: як НДА распавесці гісторыю, каб захапіць увагу карыстальніка
Як правесці фандрайзінгавую кампанію без жалю і слёз
Вядзенне сацыяльных сетак НДА: чаму вас ніхто не чытае
Хопіць пісаць справаздачы: тры ідэі для НДА, пра што сказаць, калі ў штаце няма журналіста