Як палепшыць сваю ідэю і трапіць у медыя?
- 02.04.2018
- 5625
На днях мы разам з Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацыі і Citydog.by правялі майстэрню для актывістаў і актывістак. Галоўнае пытанне – «Як палепшыць сваю ідэю за адзін дзень?» Больш за 20 экспертаў і экспертак унікалі ў новыя праекты і давалі парады па прасоўванні сваіх сацыяльна значных ідэй. Мы запомнілі гэты дзень і вырашылі падзяліцца некалькімі тэзісамі.
Што трэба зрабіць, каб медыя напісалі пра мой праект?
1. Пісаць на пошту рэдакцыі – дохлы нумар. Знайдзі журналіста(-ку) і грукайся яму ці ёй у асабіску.
2. Апісвай свой праект максімальна зразумела. Увага чытачоў трымаецца літаральна 7 секунд.
3. Хутчэй за ўсё, пра цябе напішуць, калі ты ўжо нешта зробіш. Адной ідэі мала.
4. Ёсць вялікая колькасць медыйных фарматаў, праз якія ты можаш паказаць сваю справу: ад фотасесіі да відэасюжэта. Зладзь сабе брэйншторм.
5. Расказвай пра ўсю сваю глабальную дзейнасць праз канкрэтныя тонкія прыклады.
6. Спрабуй раскрыць тэму праз пазітыўныя прыклады. Ныць усе ўмеюць.
7. Старайся падаць тэму так, каб яна выклікала абмеркаванне.
8. Прыцягвай медыйных персанажаў, якія могуць расказаць пра свой вопыт, звязаны з тваёй ідэяй.
9. Калі ты робіш відавочна камерцыйны праект, медыя наўрад ці напішуць пра гэта бясплатна. Як варыянт, зрабі нейкі сацыяльны напрамак сваёй дзейнасці – пра гэта напішуць з большай верагоднасцю.
10. І памятай, што зрабіць публікацыю ў медыя прасцей, чым правесці выставу ці якое-небудзь іншае мерапрыемства. Пачні з гэтага.
Такія сустрэчы вельмі карысныя для тых, каму патрэбны свежы погляд збоку і ненадакучлівыя рэкамендацыі па паляпшэнні сваёй справы. Таму мы прапануем сачыць за падзеямі, якія арганізоўвае Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, на яго сайце, у FB і VK.
Фота – Таня Капітонава