Пачалася рэтраспектыва фільмаў Любові Зямцовай
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.05.2021
- 15098
13–15 траўня каманда фэсту Belarus Docs ладзіць анлайн-рэтраспектыву дакументальных фільмаў Любові Зямцовай. Рэжысёрка загінула ў ДТЗ летась, падчас працы над чарговым фільмам з серыі «Невядомая Беларусь».
Рэтраспектыва падрыхтаваня да 30-годдзя з дня нараджэння дакументалісткі. Любоў нарадзілася ў Менску ў сям'і тэлевізійнай рэдактаркі і сцэнарысткі Святланы Зямцовай. Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў і курс дакументальнага кіно Doc Pro ў Школе Вайды (Варшава). Першы фільм зняла ў 17 гадоў: гэтая стужка і адкрые праграму.
Увогуле пакажуць: «Жыццё ў клетцы» (2009; 13 хв.) – фільм пра складанасць чалавечай натуры; гісторыю жанчыны, якая жыве паміж каханнем і некаханнем, – «Пра любоў: Іра» (2014; 26 хв.); «Мая радня» (2014; 13 хв.) – кіно пра пакаленне пераможцаў, якія, здаецца, прайгралі сваё жыццё; «Дзень Перамогі» (2015; 20 хв.) – пра ветэранаў Афгана; «Месца кахання» (2019; 55 хв.) – пра каханне ў групе дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю; «Прытулак» (2020; 25 хв.) – пра шэлтар для ахвяр хатняга гвалту; «Вольны народ» (2020; 26 хв.) – пра жыхароў вёскі ў Гомельскай вобласці, якія змагаюцца за права заставацца на роднай зямлі.
Усе фільмы можна паглядзець 13, 14 або 15 траўня на сайце belarusdocs.com.