За выкідванне смецця ў неадпаведны кантэйнер будуць штрафаваць
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.07.2020
- 7712
З 1 верасня ў Беларусі смецце з прыдамавых тэрыторый абяцаюць вывозіць паасобна, а жыхароў дамоў, верагодна, будуць штрафаваць за пакаванне адкідаў у не адпаведны ім кантэйнер. Пра гэта журналістам паведаміла дырэктарка ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч.
Адпаведныя змены ўжо замацаваныя ў тэхнічным кодэксе «Правілы абыходжання з камунальнымі адкідамі». На нядобрасумленных смеццявозчыкаў будзе можна скардзіцца, а жыхару, які выкідвае шкло ў кантэйнер з пластыкам або бульбяныя ачысткі – у «шкляны» бак, пагражае адказнасць па арт. 15.63 КоАП, гэта ад 5 да 50 базавых адзінак штрафу. Тут, праўда, важна, каб факт парушэння быў зафіксаваны на фота ці відэа.
Па сутнасці, для абывацеля інфраструктурна нічога не зменіцца. Калі на пляцоўцы ёсць кантэйнеры для шкла, паперы і пластыка, то смецце з іх павінны вывозіць па розных графіках. У тым жа двары можа быць усталяваны і адзін кантэйнер для ўсіх відаў другаснай сыравіны. Туды можна кідаць і шкло, і пластык, і паперу, а такія адкіды абавязкова едуць на дасартыроўку. Гэта два розныя варыянты паасобнага збору, якія былі раней і ёсць цяпер. У кантэйнер па-ранейшаму трэба кідаць тое, што на ім напісана. Але камунальшчыкі павінны будуць упарадкаваць надпісы на кантэйнерах: цяпер ніякіх незразумелых абрэвіятур, толькі «пластык», «шкло», «папера» ці ўсе тры словы разам на адным мусарабаку.
Мы пацікавіліся ў «Цэнтра экалагічных рашэнняў», як навіна мае глабальна паўплываць на экаабстаноўку ў беларускіх гарадах.
Наталля Блышчык:
«Практыка іншых краін паказвае, што чым глыбейшы паасобны збор – то-бок больш розных кантэйнераў каля крыніцы адукацыі / у кватэры / на прадпрыемстве, – тым чысцейшая другасная сыравіна на выхадзе, тым больш якасны тавар з яе можна зрабіць і тым больш першасных рэсурсаў зэканоміць. Аднак гэта ўдарожвае працэс, бо самы значны пункт выдаткаў – лагістыка адкідаў.
Характэрна, што новы дакумент утрымлівае норму выбару арганізацыі, якая ажыццяўляе абыходжанне з адкідамі (вываз, збор, перавозку і іншае) на конкурснай аснове. Такую працу можа ажыццяўляць дзяржаўная або прыватная арганізацыя.
Згодна з законам “Аб абыходжанні з адкідамі”, фізічныя асобы і раней былі абавязаныя забяспечваць збор адкідаў і іх падзел па відах, калі для гэтага створаны неабходныя ўмовы. Але якія менавіта ўмовы – раней ніякім дакументам не рэгулявалася. Таму і штраф за невыкананне гэтай нормы прымяніць было няпроста.
Можна сказаць, што ўсе гэтыя гады мы ўдзельнічалі ў эксперыменце: нам прапаноўвалі розныя механізмы, праводзілі інфармацыйную працу, аналізавалі нашу ўцягнутасць у паасобны збор, рабілі высновы. Цяпер жа час больш чым дзесяцігадовага разварушвання скончыўся – пара ўспрымаць паасобны збор не як выдумку экаактывістаў, а як базавую норму і абавязак».
Добрая навіна для Менска: нарэшце ў менчукоў з'явіцца свая схема абыходжання з камунальнымі адкідамі, на якой можна будзе знайсці інфу пра ўсе арганізацыі, што перавозяць і збіраюць адкіды, а таксама пра ўсе кантэйнеры.