Краўдфандынг дня: новы праект Руслана Вашкевіча
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.08.2018
- 13908
«Ты калі-небудзь шчыпаў за дупу амапаўца? А грудзьмі на амбразуру – была справа? Скокаў з воданапорнай вежы? Спальваў масты?» На мінулым тыдні на платформе talaka.org мастак Руслан Вашкевіч запусціў краўд-кампанію, каб «любымі сродкамі зламаць навязаныя сацыяльныя настройкі». Праект мае назву «На глыток свежага паветра».
«One ruble – one rebel», – заклікае мастак. Кожнаму, хто паўдзельнічае ў праекце адным рублём, будзе выслана інструкцыя – адраснае кіраўніцтва да дзеяння. Па задумцы аўтара, бунтарскі праект будзе складацца з пяці этапаў.
Этап 1. Перавесці 1 рубель.
Этап 2. Атрымаць персанальную інструкцыю на пошту.
Этап 3. Здзейсніць свой акт свабоды (згодна з атрыманай інструкцыяй).
Этап 4. Задакументаваць і выслаць аўтарам вынікі.
Этап 5. У выніку павінна атрымацца публічная дэкларацыя свабоды ў прасторы.
«Менавіта ваша зваротная сувязь і сума смелых учынкаў увасобяцца ў незалежны мастацкі праект пра агульную здольнасць самастойна выпрацоўваць свабоду і прагна ёй карыстацца», – удакладняе ідэю Вашкевіч.
У каментах да праекта ў мастака пытаюць, ці не падставяцца такім чынам удзельнікі, на што аўтар адказвае: «Мы не прапануем нічога, што б не рабілі самі». А на пытанне пра гарантыі адсутнасці сур'ёзных наступстваў абяцае толькі «гарантыю глытка свежага паветра».
Фота: Канаплев+Лейдик