«Ракета» спыняе кінапаказы ад Cinemascope
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.09.2019
- 6428
З 1 кастрычніка праект Cinemascope, які на працягу дзесяці гадоў частаваў менчукоў і гасцей сталіцы аўтарскім кіно, з’язджае з малой залы кінатэатра «Ракета».
Прычына развітання з утульнай і ўжо звыклай залай паведамляецца на старонцы праекта ў Facebook: кіраўніцтва УП «Кінавідэапракат» бачыць рэпертуарную палітыку пляцоўкі інакш. Відавочна, «Ракеце» больш не па дарозе з Білі Уайлдэрам, Вонг Кар-Ваем ды іншымі Пазаліні.
Каманда Cinemascope падзякавала ўсім, хто падтрымліваў праект «словам і справай», у тым ліку Васілію Коктышу – экс-дырэктару «Кінавідэапраката», які «разумеў, што дзесьці ў Менску павінна быць хай невялікая, але адкрытая прастора для аўтарскага кіно, культуры і асветы, дзе вынік немагчыма вымераць памерам прыбытку і колькасцю гледачоў». Карыстальнікі FB пакідаюць у каментарах да паста спадзяванні на тое, што Cinemascope уваскрэсне ў іншай лакацыі, а прагляды «Эні Хол» без папкорну такі вернуцца ў іх жыццё.
Важна, што запланаваныя раней праграмы Cinemascope у вялікай зале адбудуцца, што б там ні было: гэта трансляцыі танцавальных і оперных спектакляў «Культурная среда», фестываль дакументалак пра новую культуру Beat Weekend і навінка гэтага года, сумеска з маскоўскім музеем сучарту «Гараж» – Garage Screen Film Festival.
Самы час падтрымаць Cinemascope і схадзіць, напрыклад, на фестывальны кінахіт з Германіі «Трыццаць». Яго пакажуць у гэты чацвер. На пытанні гледачоў адкажа рэжысёрка.