У Менску пакажуць фестывальны кінахіт «Трыццаць»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.09.2019
- 5999
12 верасня ў Менску пакажуць фестывальны хіт года, зняты, па кіношных мерках, за існыя капейкі. Фільм завецца «Трыццаць» («Dreissig»), а сюжэт яго разгортваецца ў Берліне. Важныя навіны: прэзентаваць карціну прыедзе сама рэжысёрка-дэбютантка Сымона Костава.
Фільм «Трыццаць» зняты амаль у рэжыме рэальнага часу пад жывую музыку і паказвае суткі з жыцця маладых берлінцаў. Рабяты спрабуюць адсвяткаваць дзень нараджэння аднаго з іх, але атрымліваецца, прама скажам, не вельмі.
Цікава, што «Трыццаць» знялі ўсяго за 8 дзён і за € 5000. Аднак сціплы бюджэт ніяк не адбіўся на любові кінакрытыкаў і гледачоў. Фільм зрываў авацыі на фестывалі ў Ратэрдаме, ён увайшоў у афіцыйную праграму Берлінале і бадзёра пракаціўся па фестывалях планеты. Нарэшце і ў Менску.
Вось што піша пра фільм Ксенія Раждзественская, кінааглядальніца «Ъ»:
«У ім ёсць недэбютанцкая жорсткасць, уменне злавіць атмасферу, разуменне рытму, павага да прасторы і давер да акцёраў, гэта значыць усё тое, што можна назваць жывёльным пачуццём кіно. І цудоўнае грэбаванне звыклымі схемамі сюжэтабудавання. "Трыццаць" – гэта шмат дробных сюжэтаў: расстанне закаханых, нервовы зрыў, творчы крызіс, страх перад старасцю, жаданне ўсё памяняць. Але ўсе яны размытыя, размазаныя – як у жыцці. Гэтыя сюжэты нібыта не знаходзяць сваіх герояў, перамяшчаючыся ад аднаго персанажа да іншага. "Трыццаць" не партрэт пакалення, а менавіта фільм пра трыццацігоддзе – пра тое, што ўсё праходзіць і ўсё паўтараецца».
Пасля паказу ў «Ракеце» Сымону Коставу можна будзе распытаць пра тое, «што хацела сказаць аўтарка», – запланаваны блок Q&A.
Паказ «Трыццаці» адбудзецца ў рамках фестывалю Garage Screen Film Festival, які ўпершыню пройдзе ў Менску з 12 па 17 верасня. Гэта сумесны праект Маскоўскага музея сучаснага мастацтва «Гараж» і беларускага праекта Cinemascope, што частуе менскую публіку ўсякімі кінавышукамі «не для ўсіх».
Акрамя хіта Сымоны Коставай, пакажуць яшчэ пяць фільмаў. Кожны з іх варты таго, каб патраціць на яго вечар. Гэта анімаваныя аўтабіяграфія мастачкі Power Paola «Трапічны вірус», правакацыйны дакументальны партрэт юнай мадэлі «У пошуках Евы», пачуццёвая драма пра станаўленне асобы «Мадлен Мадлен», гісторыя зоркі стрыт-арту з Аўстраліі Энтані Лістара «Ці ведаеце вы Лістараў?», фільм пра дзівосныя сусветы японскай мастачкі Яеі Кусамы «Кусама. Бясконцыя сусветы».
Што: адкрыццё Garage Screen Film Festival.
Калі: 12 верасня, 19:00.
Дзе: кінатэатр «Ракета».
Колькі: 7 BYN, квіткі тут .