Прывозім Ладыгіна

  • 16.01.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 6646

У наступны чацвер, 21 студзеня, Яраслаў Ладыгін, сузаснавальнік анлайн-радыё «Арыстакраты», раскажа, як зрабіць паспяховую радыёстанцыю ў падвале ў цэнтры Кіева, чаму за інтэрнэт-радыё – будучыня і як фінансава выжываць ва ўмовах цяжка хворай эканомікі.

 

Медыялабараторыя 34mag і «Еўрарадыё» працягвае серыю афлайн-сустрэч, якія будуць ладзіцца ў Менску ды іншых гарадах Беларусі цягам гэтага года. Місія гэтых мітапаў – звярнуць увагу беларусаў на сусветныя трэнды і навучыць прыслухоўвацца да саміх сабе, даць імпульс да развіцця – і разам атрымліваць асалоду ад светлай будучыні. Кожны наш прывоз – гэта спроба апярэдзіць час на адзін крок наперад. Нашымі гасцямі ўжо былі журналіст Андрэй Лашак, відэаблогерка Яўгенія Ціманава, навуковая журналістка Ася Казанцава, гендарны даследчык Валерый Сазаеў.

Гэтым разам мы прывозім Яраслава Ладыгіна, аднаго з заснавальнікаў украінскага анлайн-радыё «Арыстакраты». Разам з былымі калегамі па «Просто Радио.О» Данілам Хамутоўскім і Лерай Чачыбая 9 лютага 2014 года Яраслаў запусціў радыё, якое за два гады існавання дайшло да паказчыкаў 200 тысяч слухачоў на месяц. Як кажуць заснавальнікі, новы праект з'явіўся праз нежаданне залежаць ад волі заангажаванага кіраўніцтва на старых месцах працы і звязаным з гэтым адтокам таленавітых кадраў з украінскага радыё. Такая сітуацыя дала імпульс для з’яўлення так званых basement-медыя, то-бок такіх, дзе каманда ў першую чаргу апантаная стварэннем кантэнту, а не стабільнымі фінансавымі перспектывамі. Самі «Арыстакраты» сапраўды размяшчаюцца ў падвале ў цэнтры Кіева, але ж за два гады існавання радыё выйшла на самаакупнасць і нават стварыла з нуля рынак рэкламы на анлайн-радыё. Ва ўмовах цяперашняй эканамічнай сітуацыі ва Украіне гэта выглядае як цуд.

Афіцыйны дэвіз радыё – «Усе разумнікі краіны». Як кажуць заснавальнікі, гэта вызначэнне мэтавай аўдыторыі – людзей адукаваных і неабыякавых. Вялікую частку кантэнту складаюць ток-шоу розных вядомых украінскіх дзеячаў культуры, за чатыры сезоны аўтарамі ўласных праграмаў тут былі: міжнародная журналістка Наталля Гумянюк, рэдактар украінскага Esquire Аляксей Тарасаў, галоўрэд украінскага Playboy Уладзь Фісун ды іншыя журналісты і творцы, для многіх з якіх з’яўленне на «Арыстакратах» – гэта ўвогуле першы вопыт у якасці радыёвядоўцы.

Напярэдадні выступу ў Менску мы папрасілі Яраслава адказаць на некалькі пытанняў.

 

– Ці змянілася канцэпцыя радыё за амаль што два гады яго існавання? Калі так, якім чынам? Якія галоўныя дасягненні вы можаце адзначыць?

– За два гады канцэпцыя радыё ніяк не змянілася, мы робім роўна тое, што і планавалі ў самым пачатку, – прыцягваем самых разумных аўтараў, якія прыцягваюць самых разумных слухачоў. Мы працягваем збіраць найлепшую і сумленную музыку з усяго свету і ўсіх часоў у нашу калекцыю для трох радыёплыняў – «Арыстакраты», «Арыстакраты-Музыка» і «Арыстакраты-Джаз». Налета мы чакаем яшчэ адну кнопку – «Арыстакраты-Класіка».

За гэты час нам удалося стаць самым вялікім вытворцам аўдыякантэнту ва Украіне і, можа быць, нават ва ўсім рэгіёне. Гэты поспех пацверджаны нядаўнім гадавым рэйтынгам найбуйнейшага сусветнага падкаст-агрэгатара Mixcloud, які назваў нас 7-м нумарам сярод усіх радыёстанцый свету 2015.

Мы таксама стварылі з нуля рынак анлайн-радыё рэкламы ва Украіне, прыцягваючы туды буйных рэкламадаўцаў, якія цэняць магчымасць доступу да нашай аўдыторыі, цяжкадасягальнай іншымі медыя, і нашымі асаблівымі давернымі адносінамі з імі – Danone, Kitkat, Coca-cola і многія іншыя. У пачатку года адна з самых прэстыжных прэмій у галіне піяру Sabre Awards уганаравала адну з нашых кампаній для віскі Grant's.

Мы сталі ўстойлівай інавацыйнай кампаніяй, якая здольная канкурыраваць за ўвагу карыстальнікаў з сусветнымі аналагамі і фінансаваць саму сябе, прыносіць прыбытак – ва ўмовах вайны, падзення рынку рэкламы і агульнага эканамічнага крызісу – і такім чынам заставацца незалежным каналам у асяроддзі палітызаваных і датацыйных украінскіх традыцыйных СМІ.

 

– Якія шоу былі самымі папулярнымі за гэты час?

– Летась мы выпусцілі каля 100 сезонаў аўтарскіх шоу. Мы сочым за эфірнай папулярнасцю таго ці іншага праекта, і тут галоўная перадача «Ранішняе шоу», якое выходзіць штодня па буднях, і яго вядучыя – заснавальнікі станцыі Лера Чачыбая, Даніла Хамутоўскі і я. Нядаўна скончыўся 7-мы сезон. У сярэднім штодня яго слухаюць 7-10 тысяч чалавек. Усе астатнія шоу паказваюць прыблізна аднолькавыя эфірныя паказчыкі – ад 3 да 7 тысяч чалавек, за выключэннем некаторых суперпаспяховых блокбастараў.

 

 

Мы сочым за падкастамі, і лепшыя ў 2015-м:

– Юра Марчанка (рэдактар platfor.ma – 34mag) і яго шоу «Кошмарченко», у гасцях – «Валянцін Стрыкала».

 

– Дэбют актора Аляксея Гарбунова і вяртанне яго класічнага радыёшоу «Адваротны бок ветру», у гасцях – Лэсь Падэрэвянскі (мастак і драматург – 34mag).

 

– Пяцігадзінны спецвыпуск «Дэгенератаў», у якім да Тамары Бабаковай (медыяменеджар) далучыўся я, каб пагаварыць пра каханне начыстую.

 

 

– Як зараз выглядае ваша бізнэс-мадэль?

– Наша бізнэс-мадэль грунтуецца на паступовым памяншэнні долі валанцёрскай працы ў агульным пуле затрачаных працоўных гадзін, мы імкнемся плаціць грошы ўсім, хто нам дапамагае. Зараз бэк-офіс радыё – гэта 20 чалавек, якія атрымліваюць за сваю працу заробкі, блізкія да сярэдніх рынкавых. Нашы асноўныя крыніцы даходу – прамая рэклама, спонсарства натыўнага кантэнту, складаныя мультыплатформенныя інтэграцыі, падзеі ўласнай вытворчасці, спецпраекты. У будучым годзе мы плануем дадаць да гэтага прыбыткі ад данейшан, прамога продажу кантэнту карыстальнікам і прыбыткі ад падпіскі. Таксама – ад новых медыяканалаў, якія мы плануем заснаваць: відэаканал і анлайн-часопіс. Мы таксама пачалі працэс прыцягнення міжнародных інвестыцый і разлічваем займець іх ужо ў 2017-м.

 

– Чаго чакаць ад «Арыстакратаў» у новым сезоне?

– Арыентыровачна ён стартуе ў сярэдзіне лютага, будзе называцца ці то «Сезон аўтарскага права», ці то «Сезон крытыкі» і будзе з'едлівым і жорсткім. Новыя аўтары, новыя жанры, лепшыя шоу і аўтары мінулых праектаў. Мы зараз працуем над будаўніцтвам офіса нашай мары і разлічваем пачаць новы сезон ужо ў ім. Там будзе вельмі добра і ўтульна, і мы знайшлі годны раяль у студыю, каб найславуцейшыя піяністы не саромеліся граць жыўцом. Увогуле мы павінны стаць яшчэ большымі і лепшымі, каб вытрымаць канкурэнцыю з усім светам у барацьбе за разумнага і дасведчанага чалавека і яго ўвагу.


 
Падзея ў Facebook

Слухаць радыё «Арыстакраты»
Радыё «Арыстакраты» ў Facebook
VK