Кругасветнае падарожжа Ромы Свечнікава працягваецца. У гэтай серыі – апошні дзень у Іране, цяжкія тыдні ў Азербайджане, разборкі з мянтом наконт марыхуаны, дрэнныя весткі з радзімы і марш-кідок у бок Алтая.
– Добры дзень, Ігар Міхайлавіч, гэта Рома Свечнікаў турбуе. Я заходзіў да вас некалькі тыдняў таму з пытаннем пра крэдытную картку.
– Так, добры дзень, Раман. Я вас памятаю. Вы ўсё яшчэ ў Тэгеране? – не без здзіўлення пытае трэці сакратар амбасады Беларусі ў Іране.
– Так-так. Я акурат хацеў спытаць вас аб магчымасці падаўжэння візы. Я хацеў бы затрымацца тут яшчэ на пару тыдняў.
– Які ў вас тып візы?
– Турыстычная. Аднаразовая, на трыццаць дзён.
– На жаль, падаўжэнне турыстычнай візы немагчымае, яна выдаецца строга пад пэўныя мэты.
Што ж, давядзецца зноў набіраць вышыню.
Я падлічваю колькасць дзён з моманту майго ўезду ў Іран, і высвятляецца, што сёння – апошні. Увогуле я разлічваў, што ў мяне яшчэ ёсць дзень у запасе. Ад Тэгерана да мяжы з Азербайджанам – пяцьсот кіламетраў. Гэта нармальная адлегласць для аднаго дня аўтаспынам, калі б не той факт, што я цяпер у цэнтры вялізнага горада, выбірацца з якога мне прыйдзецца не менш за чатыры гадзіны. Падобна на тое, што ўпершыню ў жыцці я пратэрміную візу.
Тэлефаную Жэню, які згубіўся недзе ў нетрах мегаполіса. У яго яшчэ ёсць пару дзён у запасе, бо ён заехаў у Іран крыху пазней за мяне, але, абмеркаваўшы сітуацыю, вырашаем рушыць разам. Да таго ж яму ўдалося дзесьці здабыць пяцьдзясят баксаў.
Мой тэлефон разрываецца ад званкоў хлопцаў і дзяўчат, з якімі я правёў апошні тыдзень. Я прашу іх дапамагчы знайсці транспарт да Астары – гэта горад, напалам падзелены мяжой паміж Іранам і Азербайджанам. Нічога не выходзіць, і ў выніку мы вырашаем рушыць у Азербайджан на аўтобусе і нават заплаціць за квіток.
Я заходжу на вакзал, дзе мяне сустракае Абцін, мой барадаты хударлявы брат! Побач стаіць яго сяброўка Ада – вогненна-рудая кучаравая дзяўчына з неверагодна абаяльнай усмешкай. Вакол бегаюць Парадыз і яго сяброўка Мэт. Напэўна, мая англійская мова падалася ім надзвычай слабой, бо Парадыз і Мэт дораць мне падручнік па граматыцы. Аднекуль выбягае Фрыз, дзяўчынка гадоў дваццаці пяці, якая працуе ў лялечным тэатры. Яна такая маленькая, што яе, напэўна, блытаюць з лялькамі на сцэне. Фрыз вісне ў мяне на шыі якарам і пераконвае застацца яшчэ на пару дзён. Абцін тым часам, прымаючы непазбежнасць майго ад’езду, дастае з заплечніка пакет з ежай і працягвае мне.
Я абдымаю ўсіх дзясяты раз – я гатовы забраць іх з сабой у заплечніку! Мая іранская банда – мы яшчэ абавязкова сустрэнемся!
Я качуся ў аўтобусе і сумую. За акном пустыня, якая цяпер зусім не палохае. Праз восем гадзін, ужо ноччу, мы з Жэнем вылазім у Астары і бяром таксі да памежперахода. Але высвятляецца, што мяжа закрываецца а шостай вечара. Барабанны дробат! Я пратэрмінаваў візу!
Мы распавядаем выпадковым слухачам пра сваё падарожжа ў адной з мясцовых кафэх, і гаспадар частуе нас ежай бясплатна. У свой час яго бацька аб’ехаў зямны шар на ровары. Гаспадар нават выносіць з падсобкі фотакартку ў якасці доказу.
А восьмай гадзіне раніцы мы ўжо стаім на мяжы сярод натоўпу азербайджанскіх чаўночнікаў. Іранскі памежнік не звяртае ніякай увагі на маю пратэрмінаваную візу і ляпае штамп.
Азербайджанская частка Астары неверагодным чынам нагадвае беларускую правінцыю. Гэтак жа чыста, тая ж плітка, тыя ж трактары. Першы ж чалавек, з якім мы загаворваем, зрываецца на крык:
– О-о-о! Землякі! Я сем гадоў у Лідзе пражыў!
Ён як мае быць корміць нас яечняй і вывозіць з горада на трасу. Наступны кіроўца вырашае трымаць планку і частуе нас мясцовай стравай «лавангі» – гэта фаршыраваная ўсялякім смакоццем курка. Карацей, у Баку мы прыязджаем сытымі і задаволенымі.
Калі шчыра, такія паводзіны азербайджанцаў нас трохі бянтэжаць. Чамусьці і я, і Жэня не вельмі хацелі сюды ехаць і зрабілі гэта толькі ад безвыходнасці. Але цяпер у маю галаву закрадаюцца сумневы – падобна на тое, што Азербайджан не менш гасцінны за іншыя рэгіёны Каўказа.
Упэўненай хадой мы прабіраемся ў цэнтр горада. Баку – вялікі і дарагі. На цэнтральных вуліцах складана знайсці машыну, таннейшую за пяць тысяч баксаў. Пачынае цямнець, я разглядаю мінакоў, каб знайсці каго-небудзь з «нашых». Некалькі спробаў заканчваюцца няўдачай – веласіпедыст, гітарыст і жанчына з лабрадорам уяўлення не маюць, дзе можна пераначаваць двум турыстам з брацкай Беларусі. Стомленыя, мы заварочваем на цёмную вуліцу, каб знайсці дворык пад палатку. Раптам наперадзе я заўважаю кампанію, ад смеху якой у машын спрацоўваюць сігналізацыі. Адчуваю: поспех! Малады інжынер Яшар гатовы пакінуць нас у сябе да раніцы. Мы размаўляем з ім на сумесі рускай і англійскай, атрымліваецца штосьці кшталту: «If u wanna, we could eating торт».
Калі я вучыўся ва ўніверсітэце, то заўсёды прасыпаў першую пару. І зусім не таму, што вельмі стамляўся. Проста кожны новы дзень быў больш марны за папярэдні. Спаў я па дванаццаць гадзін. Спаў бы, напэўна, і па пятнаццаць або ўвогуле, як мядзведзь зімой, не прачынаўся б, але арганізм такога бязмежжа не дазваляў. Цяпер жа я сплю не больш за шэсць, а часцяком – пяць гадзін. Ранішняя рэальнасць б’е так рэзка і раптам, нібы амапавец пратэстоўца. Ты расплюшчваеш вочы і спрабуеш урубіцца: «Дзе я? А-а-а, гэта ж я ў інжынера Яшара. Яму на працу а восьмай. Ненавіджу інжынераў!»
Далей горад, дзе раніцай рабіць рашуча няма чаго. Падаю на траву ў парку на набярэжнай у надзеі яшчэ трохі даспаць. Парк, дарэчы, файны. Наогул, у Баку да «Еўрабачання» пабудавалі шмат чаго добрага, горад выглядае сучасным і прыязным. Але гэта як праславутая беларуская чысціня – усяго толькі пыл у вочы прыезджым:
– Э-э-э! Уставай! Тут нельга спаць!
– Ды я яшчэ заснуць не паспеў! Прыходзьце, калі засну.
– Давай, уставай! У гатэль ідзі спаць!
Гэта Магамед, двухметровы ахоўнік парку. У яго велізарнай чарапной каробцы схаваная цэлая куча кансерватыўных поглядаў на газон і гарадскі этыкет увогуле. Ісці мне няма куды, а Магамеду яшчэ адзінаццаць гадзін ахоўваць парк ад сонных людзей. І вось мы стаім побач і глядзім на спакойны Каспій.
– Магамед, а як ты да армян ставішся?
– Я іх ненавіджу! Я б іх усіх выебаў! У нас тут іх наогул усе ненавідзяць! А ты ў Арменіі быў, ці што?
– Так, быў. Перад Іранам заязджаў, – кажу я, пранізваючы поглядам каспійскую далеч.
– Калі б ты сюды галаву армяніна прывёз, то моцна б разбагацеў!
– Здолеў бы тачку нармальную купіць?
– Ха! Лёгка!
– Слухай, ну не могуць жа ўсе армяне дрэннымі быць! Сам падумай, усюды ж ёсць добрыя людзі.
– Ну-у-у, бабы армянскія мне падабаюцца. Цела ў іх добрае, твар толькі – лайно.
– Магамед, а ты ў Бога верыш?
– Вядома, у нас у Азербайджане ўсё паводле Карану!
– А ты яго ўвесь прачытаў?
– Я ўсё і так ведаю. Чытаць не абавязкова.
З цягам часу я пачынаю адтаваць ад жабрацкага жыцця ў Іране, але калі заходжу ў краму, на аўтамаце ацэньваю размяшчэнне камер і паводзіны ахоўнікаў, хоць тырыць нічога і не збіраюся – тут ужо працуе крэдытная картка. Я не напружваюся пры зносінах з людзьмі – мы гаворым па-руску, у нас агульнае мінулае. Я ведаю, што наўрад ці адкрыю для сябе нешта новае, я ўвогуле ўжо няблага разумею Каўказ. Усё, што мне сапраўды цяпер трэба, – гэта адпачынак. Таму мы з Жэнем сквапна пажыраем мінакоў вачыма ў надзеі сустрэць каго-небудзь, хто задаволіць нашу патрэбу.
Мурад падыходзіць да нас, калі мы корпаемся ў сметніку, каб адшукаць кардонку для чарговай таблічкі. Ён запрашае нас у суседні бар выпіць піва. Увогуле я амаль не п’ю, таму што ніколі не разумеў, навошта гэта рабіць. І вось, напэўна, упершыню ў жыцці я з дзікім задавальненнем прапускаю пару шклянак. Свет становіцца прасцейшым, а заплечнік – лягчэйшым. Мурад прапаноўвае пераначаваць у яго на працы. Ён сістэмны адміністратар у сейсмалагічным цэнтры. Мы размяшчаемся проста на падлозе ў сервернай і засынаем пад манатонны гул кулераў.
У кожным падарожжы важна ведаць, як узламаць сістэму. Спецыяльна для цябе Рома будзе запісваць караценечкія лайфхакі. Хто ведае, можа, калісьці яны ўратуюць тваё жыццё.
Раніцай я выпадкова натыкаюся на Соху і Самае, сваіх іранскіх сяброў, з якімі ездзіў у грузінскі дзіцячы дом. За той час, што мы не бачыліся, у іх скралі ровары, але, як і ў любой гісторыі пра адважных падарожнікаў, знайшоўся добры чалавек, які купіў ім новыя. Соху і Самае збіраюцца перабрацца ў Казахстан на пароме, у нашай каманды такія ж планы. Хутка іранцы звальваюць па нейкіх справах, а мы з Жэнем адпраўляемся на галоўную вуліцу Баку, каб паводле звыклай схемы адшукаць сабе жытло.
Я ні разу не сядзеў з таблічкай «Looking for host» так доўга. І што самае цікавае, вынік аперацыі таксама вельмі адрозніваецца ад майго папярэдняга вопыту. Чалавек, які пагадзіўся нам дапамагчы, здымае для нас гатэль! Праўда, толькі на адну ноч і самы танны нумар, але такі варыянт усё роўна лепшы за любую ўпіску, бо табе не трэба праходзіць праз стомную каўказскую гасціннасць.
Засяліўшыся, Жэня вырашае як след адмокнуць у душы, а я хачу прабегчыся па горадзе з камерай. Літаральна каля парога гатэля сустракаю Мурада. Мы рухаемся ў бар Otto, дзе сёння вечарам на сцэне выступае філіпіначка Мішэль. Прыйшоў час скінуць назапашанае нервовае напружанне. Забягаючы наперад скажу, што мае танцы гэтым вечарам у бары будуць карміць мяне ўвесь наступны тыдзень.
Пасля дзікай вечарыны мне ўдаецца паспаць у гатэлі не больш за чатыры гадзіны. Ноччу мяне, амаль нежывога, гвалціць рой камароў, але дзякуючы таму, што ў маіх вушах звініць і пульсуе рэхам драйвовае музло, насякомых я зусім не чую. Калі раніцай я гляджуся ў люстэрка, мне падаецца, што за апошнія гадзіны я страціў не менш за літр крыві.
З Баку мы плануем плыць на пароме ў Казахстан, але кошт квітка аказваецца проста завоблачным. Сто дваццаць баксаў за паперку – для нас раскоша недазваляльная.
Калі я шпацырую па горадзе, то бесперапынна сканую мінакоў, бо заўсёды спадзяюся сустрэць якога-небудзь мясцовага самародка. За некалькі дзён у Баку я не знаходжу нікога – па цэнтральных вуліцах дэфілююць выключна паспяховыя бакінцы. Яны дорага апранутыя і ўсміхаюцца беласнежнымі ўсмешкамі. Ад гэтых людзей нясе валютна-грашовымі аперацыямі. Як сказаў адзін з лідараў апазіцыі, якога я тут сустрэў, улада дасць табе зарабіць, толькі не лезь у нафту.
На набярэжнай мяне спыняе невысокі чалавек гадоў трыццаці. Па рысах ягонага твару я адразу ж разумею, што ён іранец:
– Hey, man! Have you been in Otto-bar yesterday?
– Yes, I had. My name is Roma, – працягваю яму руку.
– I'm Yashar. You danced like crazy, man!
– It was a national Belarusian dance.
Гэтак у нас з Жэнем яшчэ на адну ноч з’яўляецца дах над галавой, а таксама пральная машына, лядоўня, аўтамабіль і гітара. У Яшара ёсць свой бізнес у Азербайджане, а ў вольны час ён шпіліць на той самай гітары, бо не пакідае надзеі стварыць свой музычны бэнд. Вечар з Яшарам мы праводзім за размовай пра дарогу, музыку і сэнс усяго, што адбываецца навокал. Здаецца, што заўтра ён прадасць свой «Інфініці» і паедзе разам з намі.
Ля ўваходу ў бістро ў цэнтры горада са мной знаёміцца Салмаз, даўганогая дзяўчынка мадэльнага выгляду. Яна таксама бачыла мяне ў Otto, таму мае танцы кормяць мяне яшчэ раз. Салмаз вельмі хвалюецца, што мне няма дзе начаваць, яна пратэлефаноўвае ўсіх сваіх сяброў, выдаткаваўшы на гэта больш за гадзіну, але вынік нулявы.
Мы з Жэнем брыдзём па горадзе ў пошуках прыдатнага месца, і я выпадкова заўважаю адкрытую кватэру ў адным з дамоў. Там ужо даўно ніхто не жыве, мы замыкаемся знутры і адрубаемся.
Праз ноч у нашым палку прыбывае. Мы знаёмімся з двума французамі, адзін з якіх падарожнічае на ровары, другі – пешшу, і з двума англічанамі, якія едуць вакол свету на машыне. Мы прапаноўваем хлопцам адправіцца начаваць у нашу кватэру. Разумею, што такой камандай нам будзе складана заставацца незаўважанымі, таму адразу адпраўляюся да ўсіх суседзяў, якіх толькі магу знайсці, каб спытаць у іх дазволу на начоўку. Усе даюць станоўчы адказ.
Мы з Жэнем працягваем электрычнасць з суседняй кватэры, Соху мые падлогу, Ральф ідзе па ваду, суседзі прыносяць нам гарбату і ежу. Настрой падымаецца. Пакуль хлопцы рыхтуюцца да сну, я адпраўляюся ў «Макдональдс», каб паюзаць Wi-Fi. Не паспяваю я ўключыць кампутар, як у рэстаран забягае англічанін і крычыць, што ў кватэру ўварваліся мянты.
Я зрываюся і бягу «дамоў». У нашай кампаніі я – дыпламатычная асоба, бо размаўляю па-руску і ўмею пераконваць. Аказваецца, што мянтоў выклікаў нейкі сусед, якога мы, мабыць, не папярэдзілі. Я доўга спрабую ўрэгуляваць сітуацыю з міліцыянтамі, але яны паводзяць сябе, як тупыя бараны, і толькі пускаюць марскую пену з рота. Сусед, які выклікаў міліцыю, спалохана хаваецца за іх спінамі. Сітуацыя пагаршаецца тым, што на стале, які стаіць у цэнтры пакоя, ляжыць газета, у якую далікатна запакаваная марыхуана, але я пакуль пра гэта не ведаю. І вось міліцыянт бярэ газетку і нюхае змесціва. Гляджу я на яго, успамінаю хлопцаў, якія ўсёй камандай хутка выбеглі з кватэры, Соху, які, відаць, пад кумарам панёс ровар на трэці паверх, замест таго каб спусціць яго ўніз, і раптам усё робіцца зразумелым.
– Што гэта такое? – пытае міліцыянт.
– Не бачыце, мы гарбату пілі! Пуэр гэта. Магу я пагаварыць з чалавекам, які выклікаў міліцыю? Мне здаецца, ён проста не разабраўся і цяпер, даведаўшыся, што мы звычайныя турысты, не будзе супраць нашага суседства.
– Трэба было раней казаць, – выкрыквае сусед з-за спіны міліцыянта. Другі супрацоўнік тым часам працягвае калупацца ў «гарбаце».
– А ну-ка хадзі сюды! – сціскаючы кулакі, кажу я суседу – Я ж падыходзіў да цябе і пытаўся! Не сорамна хлусіць табе, га?!
Пабачыўшы маю агрэсію, міліцыянт кідае «пуэр», каб супакоіць мяне. Фу-у-ух, пракаціла! Але наша ўпіска накрываецца. Мы выходзім на вуліцу, усе засмучаныя, англічане наогул уцяклі з перапуду.
Тым часам іранскія хлопцы атрымліваюць ліст ад Нэды, якая павінна сёння прыехаць у Баку, каб іх пабачыць. Гэта тая самая дзяўчынка, у якой я жыў некалькі дзён у Тэгеране. Соху і Самае адпраўляюцца яе шукаць, Жэня і французы таксама кудысьці знікаюць, я застаюся адзін. Доўга не разважаючы, стаўлю палатку ў суседнім двары. Пачынаецца дождж.
Каля гадзіны ночы мяне будзіць адзін з жыхароў дома. Кажа, што тут не публічны дом, і просіць «з’ябаць адсюль нахуй», пакуль ён, «блядзь, міліцыю не выклікаў». Я збіраю намёт і сыходжу ў двор насупраць. Усё як у сне, праз некалькі гадзін мяне будзіць жанчына:
– Ідзіце ў гатэль! Тут нельга спаць! Я зараз міліцыю выклічу!
– Усё-ўсё-ўсё! Прабачце, сыходжу!
Я пераношу сваю палатку ў наступны двор. Раніцай мяне зноў будзяць. Нейкая жанчына накідваецца на мяне з лютымі мацюкамі. Я кажу ёй, што я падарожнік, што еду вакол свету. Яна называе мяне аферыстам і сыходзіць тэлефанаваць у міліцыю. Спаць мне больш не хочацца.
У мяне ломіць плечы, на нагах мазалі. Я мала ем і нерэгулярна сплю. Маё цела адчайна патрабуе адпачынку. Збоку можа падацца, што я маральна вытхнуўся, але насамрэч усё не так. Вядома, мне не падабаецца ўставаць пад мацюкі а трэцяй ночы і пад дажджом шлёпаць з палаткай у руках і дваццаткай кіло за плячыма, але калі гэта здараецца, я проста смяюся з таго, як усё ўладкавана.
Я сустракаю хлопцаў на тым месцы, дзе мы ўчора выпадкова рассталіся. Мы вырашаем, што ў сілах зняць пакой на ўсіх адразу за невялікія грошы. Але на нашу таблічку з просьбай аб арэндзе рэагуюць толькі міліцыянты. Спачатку яны кажуць, што мы не можам тут сядзець, бо побач дом прэзідэнта. Мы адмаўляемся сыходзіць. Яны яшчэ доўга палохаюць нас тым, што зараз прыедзе машына і павязе нас усіх у пастарунак, але я тлумачу ім, што паслы Беларусі, Ірана, Англіі ды Францыі будуць вельмі незадаволеныя. І Азербайджан застанецца без трактароў, газаправода ў Турцыю, нафтаздабываючых станцый, а Францыя таксама нешта прыдумае. Міліцыянты раптам змяняюць гнеў на ласку, просяць не карыстацца таблічкай і ў выпадку якіх-небудзь праблем звяртацца да іх па дапамогу. Я ім адразу кажу, што мы сёння не елі. Міліцыянты купляюць нам восем донэраў і па бутэлечцы колы.
Становіцца зразумела, што ў цэнтры горада няма чаго лавіць, і мы вырашаем перабрацца на ўскраіну. Французскія браты знаходзяць нядрэннае месца для стаянкі ў порце. Велізарнай бандай мы селімся на тэрасе закінутага кафэ. На ёй нават знаходзіцца пару разетак. На наступны дзень частка нашай каманды сплывае на пароме з мазутам у Казахстан, але ім на змену тут жа прыбывае маладая пара, Конрад і Ліза. Ліза з Піцера, а Конрад з Дрэздэна. Сваім выглядам Конрад вельмі нагадвае маладога інжынера-фізіка, і хутка высвятляецца, што ён і ёсць малады інжынер-фізік.
У нас з Жэнем практычна няма грошай, але больш сядзець на месцы мы не ў сілах. Я сядаю ў цэнтры горада з таблічкай «Не хапае на квіток у Казахстан» і за гадзіну збіраю сто трыццаць даляраў. Жэня сядае ў менш удалым месцы, але таксама назапашвае прыстойную суму. Мы складаем усё разам – выходзіць роўна дзвесце сорак даляраў.
Мы назвалі гэты пазл нашага матэрыялу – буда-відэа. Кожны раз Рома будзе рабіць медытатыўную нарэзку без прымесяў, толькі чыстыя эмоцыі-карцінкі з інтэршумам. Пагрузіся ў атмасферу кругасветкі.
Праз пару дзён паром нарэшце прыбывае ў порт, і мы ідзём купляць квіткі, але ў самы апошні момант нябачная рука хавае грошы ў кішэню, а ногі самі нясуць нас прэч ад касы. Вечарам мы ўжо стаім на трасе ў бок Дагестана, а наступным днём перасякаем мяжу з Расіяй.
Азербайджанцы прапускаюць нас за дзесяць хвілін, а вось на расійскай мяжы мы праводзім гадзін сем. З-за страчанага часу даводзіцца начаваць у полі непадалёк ад трасы.
Пакуль мы дабіраемся да Махачкалы, кіроўцы тройчы дораць нам па пяцьсот рублёў. Мы не чакаем такой любові ад дагестанцаў. Дый наогул, мы глыбока ўражаныя тым, што ўсе яны вельмі ветлівыя і часта добра адукаваныя. Агрэсію праяўляюць толькі мясцовыя маладыя і борзыя варацілы. Раз-пораз з якой-небудзь таніраванай «капейкі» хтосьці паказвае нам фак. Адзін альфа-самец нават вылазіць з машыны, каб разабрацца з намі, памылкова прыняўшы нас за масквічоў. Мы ўціхамірваем яго пявучай беларускай мовай.
Праязджаем Махачкалу і вырашаем раздзяліцца да Уфы. З неверагоднай хуткасцю я дабіраюся да Саратава. Калі б я заўсёды так ездзіў, то па экватары аб'ехаў бы зямны шар за месяц.
А сёмай раніцы на запраўцы за дваццаць кіламетраў ад горада я заўважаю дзяўчыну Наташу. У яе на шыі вісіць стужкавая панарамная камера, і я адразу ж разумею, што нам ёсць пра што пагаварыць. Праз гадзіну я ўжо сяджу на кухні ў яе бацькоў і ем найсмачнейшы суп на планеце. Потым мы з дзяўчынай цэлы дзень раз’язджаем па мясцовых фермах і палях у пошуках агракадраў. Наташа ў захапленні ад ранішніх палёў, а я ў захапленні ад Наташы. Мне падабаецца тое, з якой хуткасцю яна расходуе стужку. Помніцца, я неяк траціў не больш за катушку на тыдзень, яна – адразу чатыры за пару гадзін:
– Я не шкадую грошай на творчасць, для чаго яшчэ жыць? – кажа яна.
Дарога сутыкае мяне з выдатнымі людзьмі. Жыві мы ў адным горадзе, абавязкова зрабіліся б блізкімі сябрамі. Але нязведанае кліча, таму я купляю білет на цягнік да Уфы і вечарам выязджаю.
Званіць мабілка. Мама кажа, што памерла бабуля.
Бабуля памерла?
Яна сказала, што будзе жыць, пакуль яе ўнук вучыцца... Мне да дому – тры тысячы кіламетраў. Гэта, на злом галавы, тры дні дарогі. Можна яшчэ на самалёце. Назад у Менск? Я не магу, ніяк не магу.
Цягнікі сутыкаюцца ўнутры мяне, рэйкі плавяцца, зварухнуцца не атрымліваецца. Калі б толькі мяне было два!
Мне вельмі хочацца адпачыць ад дарожных размоваў, і паўдарогі да Уфы я маўчу, але адзін са спадарожнікаў усё роўна пачынае распытваць мяне. Слова за слова, і да размовы падключаюцца суседнія купэ. Урэшце мяне забяспечваюць ежай на некалькі наступных дзён.
Уфа вельмі падобная на Менск сваімі сталінскімі будынкамі, спальнымі раёнамі і колькасцю заводаў. Тут ужо прыкметна халадней. Я закупляюся ў сэкандзе зімовай вопраткай. Усё на грошы, зэканомленыя на квітку ў Казахстан.
Машына за машынай – і я ўрываюся ў Сібір. На кальцавой Чэлябінска я спыняю дальнабоя Юру. На яго руцэ набітае воблачка, усярэдзіне якога напісанае імя «Наташа». З размоваў за жыццё я даведваюся, што яго жонку клічуць Вера, а палюбоўніцу Маша. Хто ж гэтая таямнічая Наташа, я так і не адважваюся спытаць.
За акном мільгаюць толькі балоты і лясы. Тэмпература апускаецца ніжэй за нуль, пра што сведчаць замёрзлыя кроплі на люстэрках задняга віду. Ад холаду размаўляць не хочацца – мы прабіраемся праз тайгу. На навасібірскай развязцы нашы шляхі разыходзяцца, Юру – на Кемерава, а мне – на Алтай.
Я планую затрымацца ў Навасібе на пару дзён. Мясцовыя байкеры падказваюць мне кавярню, у якой я спадзяюся знайсці ўпіску. Яны апісваюць яе як месца, дзе тусуюцца «ўсялякія дрэдастыя». Гэтак і здараецца: я знаёмлюся з дрэдастай афіцыянткай Насцяй. Насця маленькая, ёй дваццаць чатыры, у яе зататуяваная левая рука, яна смяецца, быццам мульцяшны персанаж. Я пасяляюся ў яе на кухні. Пара дзён плаўна перацякаюць у пару тыдняў. Я сплю па дванаццаць гадзін і нічога не раблю. Я маю вялікую патрэбу ў такім адпачынку.
За мінулыя месяцы я пазнаёміўся з сотняй людзей і праехаў больш за дзесяць тысяч кіламетраў. Даводзілася спаць на вуліцы, даядаць за кімсьці ў «Макдоне», не мыцца тыднямі і прасіць міласціну. Я выдатна разумею, што такое жыццё на вуліцах урбана. На Алтаі мноства аддаленых паселішчаў. Пакуль я дакладна не ведаю, куды накіроўваюся, але прыйшоў час выбірацца з гарадоў.
10 фактаў пра Азербайджан
1. Валюта Азербайджана мацнейшая за даляр: 1 манат – 1,2 даляра.
2. Большая частка азербайджанцаў жыве на тэрыторыі Ірана. Іх там – каля 20 мільёнаў. У самым Азеры – каля 8,2 млн.
3. Для іранцаў Азер візавы, для азербайджанцаў – Іран бязвізавы.
4. Азербайджанская мова вельмі падобная на турэцкую.
5. У Баку вельмі шмат англічан. Усе яны здабываюць тут мясцовую нафту.
6. Самая танная ежа – донэры. Гэта тое самае, што і шаўрма. Прадаецца ўсюды. Да канца знаходжання ў Азербайджане глядзець на донэр я больш не мог.
7. У Азербайджан паўзуць цэлыя караваны беларускіх МАЗаў усіх відаў.
8. У Баку шмат пустых пабудоў і неверагодных закінутых будынкаў. Напрыклад, аднойчы мы залазілі ў пустое вучылішча. Стваралася адчуванне, што людзі пайшлі толькі ўчора. Унутры мы знайшлі стосы партбілетаў, штамп «цалкам сакрэтна», скрыні з процівагазамі і партрэты Леніна.
9. У барах, клубах і кафэ забаронена цалавацца.
10. У Баку я ні разу не сустракаў вулічных музыкаў або мастакоў.
Першыя крокі падарожжа, дзіцячыя могілкі Беслана, начоўкі ў паліцэйскіх пастарунках.
Рома бінтуе вены і ванітуе зялёнымі зоркамі ў чэраве эмігранцка-амерыканскай мары.
Рома сплаўляецца па рацэ Меконг і змагаецца з паляўнічымі, машкарой і шлюшкамі ў нетрах краіны джунгляў.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.