Шмат якія крытыкі менскай Ночы музеяў часам не зважаюць на кантэкст і функцыі івэнту. Перадусім гэта рэкламная акцыя, разлічаная на як мага шырэйшыя колы, таму тут не выпадае чакаць якіх канцэптуальных і вытанчаных сцэнароў. Прынамсі горад такога пакуль не патрабуе. Мінкульт жа не асабліва працуе над тым, каб падаваць у межах Ночы нейкія дужа якасныя праекты. Нягледзячы на рэкламны характар, ні ў міністэрства, ні ў музеяў, відавочна, не стае сродкаў. Шмат што робіцца ўласнымі сіламі, а яны не дастатковыя, таму сітуацыя з Ноччу музеяў – гэта не нешта асобнае, а папросту частка агульнай карціны. Пры адсутнасці прафесіяналізму і сродкаў усё адно даводзіцца неяк выкручвацца, адчытвацца і збіраць касу.
«Ноч музеяў – гэта не Дзень Перамогі»
Большасць музеяў гораду значна ўздымае кошты, спасылаючыся на выдаткі на шоу-праграму, артыстаў ды іншае. Ну і, адпаведна, на гаманец гэта цісне – адцягнуцца як след можа не кожны. Дзеля таго, каб прабегчыся па асноўных пляцоўках, патусіць там і тут, сёлета ты мусіш пакласці каля € 50. Для параўнання: Берлін просіць больш як за сотню сваіх музеяў € 18 і дае адмысловы шатл, Брусэль за 42 музеі ды транспарт бярэ € 14, плюс яшчэ € 7, калі хочаш бонус з кінапраглядаў і афтэрпаці, Амстэрдам – € 18, у Парыжы адзінага квітка няма, але вялікая частка музеяў працуе бясплатна. Мне не падабаецца параўноўваць, але плаціць такія грошы за чужы брэнд пад хітрым мясцовым соусам не вельмі хочацца.
Спачатку мяне падмывала пераапрануцца гагенаўскай таіцянкай і прайсці на шару ў НЦСМ, каб адчуць сябе, нарэшце, рэальным мастаком (ці мастацкім творам – чорт іх зразумее), каб выпіць келіх віна, прымерыць барэт, панюхаць шкіпінару. Але ўсё ж пераадолеў сябе і вырашыў не псаваць людзям свята.
Пасля зацішнай «Ў» у плане значыўся Нацыянальны мастацкі. Абмінуць галоўную пляцоўку не было ніякага шанцу, і, праўду кажучы, я адчуваў пэўную асалоду, уяўляючы ўвесь гэты бляск і хаос. Найбольш інтрыгавалі інтэрактыўная аўтарская праграма «Я – Аляксандар, сын лівійскага бога» і экскурсійны перформанс «Ідзі за чараўніком у капелюшы». І, вядома, музейныя медытацыі ў зале мастацтва Усходу. Так, я ведаю, што гэта вычварэнне, але што паробіш, калі душа яго прагне, калі адзінае, чаго хоча, дык распусціцца ў гэтым ачышчальным рытуале, спыніць плынь свядомасці ды наблізіцца да высокага.
Заборысты камсамольскі фанк на прыступках, пацаны, якія з сур’ёзнымі тварамі няўпэўнена валяць троху сарамлівы тэктонік, і, вядома, чарга. Атмасфера святочная, хоць шашлыкоў і гарэлкі нідзе побач не прадавалі. Ноч музеяў – гэта не Дзень Перамогі. Зайшоўшы ў сярэдзіну, я не адразу зразумеў, што дзеецца навокал. Пачало накрываць. Памятаю, у запоўненай народам паўцемры вестыбюлю, троху ўжо дэзарыентаваны, спрабаваў вымуціць у служыцелькі праграмку, але яна адно разводзіла рукамі: «Скончылася. Усё скончылася!». Магчыма, для яе, сам жа я пакрысе пачынаў адчуваць сябе Алісай, што правалілася ў трусаву нару.
У першай зале сапраўды было цікава. Удзельнікі нейкай студыі, не шкадуючы нерваў, вучылі народ асновам графікі ды жывапісу. Такіх атракцыяў па музеі было як мінімум дзве, асобная працавала з дзецьмі. І, думаю, гэта сапраўды крута, нават у выглядзе такога фану. А вось далей ужо можна было сфоткацца для сайту адной радыёстанцыі на фоне вялізнага рэкламнага банэру. Тут я троху сумеўся, не рашыўся, два стылёва апранутыя пацаны ці то рабілі сваю працу, ці то папросту знаёміліся з маладымі наведніцамі. Наперадзе, з пагружанай у цемру залы, даносіліся гукі арфы, там граў пяшчотны квартэт, узяты потным натоўпам у шчыльнае кола. Музыка была фантастычная, п’яніла і расчульвала. Пад такую музыку хочацца даць волю эмоцыям, расплакацца і абдымаць незнаёмцаў. Але стрымаўся.
На другім паверсе праз натоўпы наведнікаў паважна шпацыравалі пары кавалераў і дамаў, прыбраныя ў строі імперыі ХІХ ст. Карысталася попытам экспазіцыя іконаў, тут твары ў людзей троху мяняліся, адчувалася большая сур’ёзнасць. Але маладыя прыгажуні ўсё адно фоткаліся на фоне царскіх брамаў ды Ісусаў, хоць часам сарамліва азіраліся, ці хто не асудзіць. Увогуле пафоткацца з мастацтвам было бадай найважнейшае. З выбліскам ці без – не мела ўжо ніякага значэння.
У зале з будамі, парцалянай і персідскімі дыванамі, у акружэнні цікаўных на падлозе сядзеў гуру. Вакол яго паўсюль былі расстаўленыя тыбетскія чашы, і тут адчувалася асобная, даволі моцная такая энэргія. Медытацыя, відаць, ужо скончылася, але народ жыва засыпаў свяцейшага пытаннямі. Звон чашаў зліваўся з іншымі гукамі, размовамі, крыкамі дзяцей. Я чамусьці пасаромеўся ўзяць троху праны, так шмат народу навокал.
«Я пакрысе пачынаў адчуваць сябе Алісай, што правалілася ў трусаву нару»
Рушыў далей у спадзеве ўсё ж знайсці чараўніка ў капелюшы, так і ўяўляў ужо ягоныя сівыя троху падкручаныя пасмы, ягоную бародку і акуляры ў тонкай аправе… Адразу за рагом натрапіў на «сына лівійскага бога». Ён стаяў у кампаніі дзвюх алімпіек, апрануты строга, па-рымску. Нешта дэкламаваў, але з-пад залатога шалому з чырвоным грэбенем ягоных словаў было не разабраць. З натоўпу нехта крычаў яму: «Громчэ, дзевушка, вас не слышна! Здыміце шлем!». Але дзевушка Аляксандр упарцілася.
Працягваць гэтую адысею можна да бясконцасці, але гадзіны праз паўтары бадзяння ў гіпнозе я ўсё ж вываліўся на вуліцу і пагнаў прэч. Казаць нешта яшчэ пра Нацыянальны мастацкі музей – ці варта? Зноўку тыя ж танныя забавы, аматарскія гурткі ды перамазаныя белай фарбай мімы. Сумнеўнае відовішча паводле завышанага прайсу. А! Яшчэ ж мэпінг! Афігенная модная рэклама на ўвесь фасад – незразумела, як такое ўвогуле здарылася.
Кіруючы пасля ўсяго гэтага хараства ў Азгура, я чакаў нечага значна спакайнейшага і, можа, нуднейшага. Маленькаму музею цяжка спаборнічаць з гігантамі. На справе ж атрымалася на ўзроўні. І крута, што адміністрацыя пайшла на супрацу з BoPromo, хоць апошнія больш па фестывалях, але тут спрацавалі дасканала. Асноўны плюс – гэта, безумоўна, дакладна сфармуляваная тэма. «Прызма ўрбанізму» не падавалася раскіданай, хоць, зразумела, і не працавала на шырокага гледача. Лекцыі ды кіно, якія звычайна пабачыш на спецыфічных тусоўках недзе ў Саюзе архітэктараў, сабралі поўную залу народу. Музыкі, што працавалі з тэмаю гораду, часта мяшалі філд-рэкордынг ці саскоквалі ў дрон – і гэта не падавалася нечым чужародным. Так, вечарына спецыфічная, але ў параўнанні з маім папярэднім псіхадэлічным досведам тут усё было ўтульна і па-хатняму. Aortha, I/DEX, Лёша Навумчык і Антон Сарокін з часткай свайго «Біту Менску», прывазны хэдлайнер Anton Maskeliade. Усё цалкам прыстойна, хоць больш для рэлаксу і самаадукацыі, чым для нейкага ўгару.
Агульнае ўражанне тут мог сапсаваць прайс на ўваход, 150 тыс., адзін з самых дарагіх. Я не ўпэўнены, што, выпадкова зазірнуўшы сюды, усе аматары музеяў былі б задаволеныя. Што цалкам справядліва для любой пляцоўкі. Мяне асабіста падкупіла цэльнасць і адсутнасць пафасу. Маглі бы яшчэ нармалёвы бар замуціць, для поўнага камфорту.
«Маглі б яшчэ нармалёвы бар замуціць, для поўнага камфорту»
Вярнуўся дамоў пад раніцу, як чортаў тусер пасля рэйву. Не тое, каб зрабіў для сябе нейкія новыя высновы, але Менск мае тую Ноч музеяў, якую хоча мець. Зразумела, што патрабаваць ад гэтай падзеі вырашэння ўсіх хібаў культурнай палітыкі – чыстая бязглуздзіца, але так ці інакш яна робіць іх бачнымі. Галоўныя музеі збольшага зацікаўленыя ў атрыманні хуткіх грошай, у кароткатэрміновым прыбытку і зусім не дбаюць пра выхаванне і адукацыю наведнікаў. І тая дэклараваная цалкам бачная і лагічная мэта – зацікаўленне грамадзянаў музеямі – неяк недапрацоўвае, сыходзіць на другі план, што, вядома, троху крыўдна. Незразумела, як да гэтага ставіцца, як крытыкаваць, але і дагэтуль атрымліваецца, што самае цікавае ў нашай культуры робіцца насуперак.
Фота by Караліна Палякова і Каця Ігнашэвіч
Теперь «Бассота» – это еще и маскарад.
Фотарэпорт з вялікай экстрым-барахолкі на Кастрычніцкай, дзе і пад дахам віселі, і на джамперах скакалі, і нават па водных хвалях каталіся.
Фотасправаздача з хэлоўінскіх тусовак у «Хулігане», «ДК» і «Корпусе 8». Boo!
Как разогнать свои вечеринки с нуля до сотен человек за один год.
12 пытанняў.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.