Пратэсты 2018-га: дзе, чаму, чым справа скончылася?

Працягваем рэфлексаваць над мінулым 2018-м: успамінаем, дзе на карце свету лопалася народнае цярпенне і да чаго гэта [не] прыводзіла. Галоўныя ньюсмэйкеры – гэта, несумненна, Арменія і Францыя. Галоўны трэнд – узмацненне рухаў «правага» кшталту і неабходнасць больш артыкулявана ім супрацьстаяць.

 

ІРАН    ТУНІС    БЕЛАРУСЬ     ЗША     ПАЛЕСЦІНА     АРМЕНІЯ     ГРУЗІЯ     МАКЕДОНІЯ     РАСІЯ     АЎСТРЫЯ     ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ    ПОЛЬШЧА     РУМЫНІЯ     ІСПАНІЯ     ГЕРМАНІЯ     ФРАНЦЫЯ     ЛІТВА     ВЕНГРЫЯ

 

 

ІРАН

 

Пратэст: 28 снежня 2017-га шматлікія іранцы выйшлі на вуліцы горада Мешхед, каб сказаць «не» росту коштаў, беспрацоўю, карупцыі і ціску клерыкалаў. У наступныя дні мітынгі ахапілі 20 гарадоў і сацыяльны пратэст перарос у палітычны – дэманстранты запатрабавалі адстаўкі ўрада. Аднак 3 студзеня ўлада падавіла «мяцеж» і пратэсты перамясціліся ў сацсеткі пад хэштэгам #nationwide_protests.

Лозунг: «Не Газа, не Ліван, маё жыццё – Іран».

Колькасць пратэстоўцаў: 15 000.

Вынікі: Парламент паабяцаў не падвышаць кошты на электраэнергію і ваду.

 

 Таксама:   Іранскія жанчыны ўпершыню за 40 гадоў сталі публічна выступаць супраць нашэння хіджаба – у фармаце адзіночных пікетаў яны залазілі на трансфарматарныя будкі і размахвалі хусткамі як сцягамі.

 

 

ТУНІС

 

Пратэст: Народныя хваляванні пачаліся 8 студзеня больш чым у 10 гарадах краіны. Дэманстранты патрабавалі ад урада разабрацца з беспрацоўем, аказаць падтрымку найбольш бедным рэгіёнам краіны, знізіць кошты і падаткі.

Дэманстранты палілі покрыўкі, закідвалі адміністрацыйныя будынкі кактэйлямі Молатава, перакрывалі дарогі, уступалі ў сутычкі з паліцэйскімі і знішчалі іх машыны.

Вынікі: Урад прапанаваў 250 тысячам бедным сем'яў дапамогу ў памеры каля € 60 млн, а сацыяльныя выплаты для маламаёмных паабяцалі павялічыць на 20%. Зрэшты, сітуацыя ўсё яшчэ нестабільная, і ў снежні Туніс зноў мільгаў у трывожных навіновых стужках.

 

 

БЕЛАРУСЬ

 

 

Пратэст: З 25 лютага жыхары Берасця і бліз яго выходзяць на плошчу Леніна карміць галубоў – так яны выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў свабоднай эканамічнай зоне каля іх дамоў. Па выніках экалагічнай экспертызы, вытворчасць не абяцае быць небяспечнай, аднак берасцейцы лічаць інакш.

Пад зваротам да прэзідэнта з просьбай спыніць будаўніцтва завода падпісаліся 37 тысяч чалавек. Актывісты рэгулярна падаюць заяўкі, каб сабрацца на паўнавартасны мітынг, аднак улады дазволілі мерапрыемства толькі аднойчы. Акцыя адбылася 29 красавіка пад назвай «Берасцейкі супраць свінцу».

Лозунг: «Мы маем права вырашаць, чым нам дыхаць».

Колькасць пратэстоўцаў: 2 000.

Вынікі: Міністр прыродных рэсурсаў сустрэўся з ініцыятыўнай групай, была прызначаная паўторная экалагічная экспертыза. Тым не менш завод уводзіцца ў эксплуатацыю, як планавалася.

 

 Таксама:   З 6 чэрвеня менскія актывісты пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», які адкрыўся ў Курапатах, у непасрэднай блізкасці да масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Абаронцаў памяці бясконца штрафуюць за парушэнне грамадскага парадку і ПДР, журналістаў цягаюць па судах у спробах адмыць рэпутацыю. Тым часам установа працягвае частаваць згаладалых гасцей.

 

 

ЗША

 

Пратэст: 24 сакавіка па штатах і далёка за іх межамі пракацілася акцыя «Марш за нашы жыцці». Так амерыканцы адрэагавалі на з'яву чарговага «школьнага стралка»: ахвярамі лютаўскага інцыдэнту ў Фларыдзе сталі 17 чалавек.

Пратэстоўцы запатрабавалі ўзмацніць кантроль за зброяй і забараніць асабліва смяротныя яе мадыфікацыі. У ліку зорных удзельнікаў маршу на Манхэтане ў Нью-Ёрку быў заўважаны музыка Пол Макартні. «Адзін з маіх лепшых сяброў быў застрэлены недалёка адсюль», – заявіў сэр Пол.

Лозунг: «Другая папраўка забівае нас» (менавіта другая папраўка да амерыканскай Канстытуцыі гарантуе амерыканцам права на нашэнне зброі).

Колькасць пратэстоўцаў: сотні тысяч.

Вынікі: У Белым доме паабяцалі забараніць слізгальныя прыклады, якія павялічваюць хуткастрэльнасць паўаўтаматычнай зброі. Таксама тут падумваюць над мерамі, якія дазволяць больш старанна правяраць біяграфіі пакупнікоў зброі. Аднак цалкам дакладна можна сказаць, што да глыбокіх зменаў у зброевай палітыцы ЗША яшчэ вельмі і вельмі далёка.

 

 

ПАЛЕСЦІНА

 

Пратэст: 30 сакавіка ў сектары Газа пачалася шматдзённая акцыя пратэсту палесцінцаў пад назвай «Вялікі дзень вяртання». Акцыя павінна была прыцягнуць увагу да праблемы палесцінцаў і іх нашчадкаў, якія вымушана пакінулі свае дамы на тэрыторыі сучаснага Ізраіля і жывуць у іншых краях-дзяржавах.

Мітынгоўцы разбілі пяць намётавых лагераў уздоўж мяжы з Ізраілем і абяцалі негвалтоўна пратэставаць да 15 траўня, дня нацыянальнай катастрофы Накбу, прымеркаванай да даты стварэння дзяржавы Ізраіль.

Першая кроў пралілася ў першыя ж гадзіны акцыі. Ізраільцяне адкрылі танкавы агонь па двух палесцінцах, якія ажыццяўлялі «падазроную дзейнасць» ля самай мяжы, і адзін з іх памёр. Далей канфлікт толькі набіраў абароты: пратэстоўцы шпурлялі ў ваенных камяні і спрабавалі пашкодзіць агароджу, ізраільскі бок адказваў зброяй. Сотні чалавек атрымалі раненні і траўмы.

Колькасць пратэстоўцаў: 17 000 (па інфармацыі Узброеных сіл Ізраіля).

Вынікі: Тут канфлікт па-ранейшаму і заўсёды ў рэжыме «ON».

 

 

АРМЕНІЯ

 

 

Пратэст: Вясной у Арменіі адбылася «аксамітная рэвалюцыя». Усё пачалося з таго, што прэзідэнт Серж Саргсян, які руліў краінай два тэрміны, вырашыў «злёгку» падоўжыць свае паўнамоцтвы – заняўшы пасаду прэм'ер-міністра (Арменія акурат стала парламенцкай рэспублікай). Не ўсім такі ход спадабаўся, а дэпутат, журналіст, былы палітвязень і вельмі харызматычны лідар апазіцыі Нікол Пашынян абвясціў асабісты «крыжовы паход» – 30 сакавіка ён адправіўся пешшу з Гюмры ў Ерэван, каб перадаць Саргсяну дызрэспект.

Акцыя «Мой крок» паклала пачатак магутнаму супраціву. У красавіку актывісты перакрылі цэнтр Ерэвана, студэнты абвясцілі страйк і сталі краўдфандзіць «на рэвалюцыю», у горадзе пачаліся беспарадкі. Улады ўжывалі шумавыя гранаты і слёзатачывы газ. Пасля абрання Саргсяна здарыўся жорсткі разгон пратэстоўцаў, аднак збіць гэтую хвалю так і не ўдалося.

Лозунг: «Зрабі крок, адкінь Сержа».

Колькасць пратэстоўцаў: 160 000 на піку пратэсту ў Ерэване.

Вынікі: Рэвалюцыя адбылася. Да ўлады прыйшоў Нікол Пашынян і яго паплечнікі (зрэшты, не толькі: напрыклад, начальнікам паліцыі стаў чалавек, які ў красавіку праводзіў спецаперацыі па разгоне пашынянаўскіх фанаў). 17 жніўня прэм'ер даў справаздачу на мітынгу аб тым, што паспеў зрабіць за 100 дзён.

 

 

ГРУЗІЯ

 

Пратэст: 31 траўня ў Тбілісі пачаліся антыўрадавыя акцыі. Падставай для народнага гневу стаў суд па гучнай справе: у снежні 2017-га ў бойцы загінулі два падлеткі, аднак у выніку аднаго з абвінавачаных апраўдалі, а абвінавачванне іншаму перакваліфікавалі з забойства на спробу забойства.

Лідарам пратэсту выступіў Заза Саралідзэ – бацька забітага падлетка, былы супрацоўнік пракуратуры, упэўнены ў тым, што расследаванне было несумленным і злачынцаў пакрываюць уплывовыя сваякі.

Колькасць пратэстоўцаў: 5 000.

Вынікі: Галоўны пракурор Грузіі Іраклій Шатадзэ сышоў у адстаўку. Зрэшты, міністр унутраных спраў і кіраўнік Мінюста засталіся пры сваіх крэслах.

 

 Таксама:   12 траўня ў сталіцы Грузіі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту ў адказ на жорсткія паліцэйскія рэйды па начных клубах.

 

 

МАКЕДОНІЯ

 

Пратэст: 2 чэрвеня ў Скоп'е выступалі праціўнікі таго, каб Македонія ўзяла назву Паўночная Рэспубліка Македонія і стала такім чынам «легітымнай» для суседняй Грэцыі.

У агульных рысах сітуацыя такая: у Грэцыі ёсць аднайменная вобласць – Македонія, і Афіны прытрымліваюцца меркавання, што суседзі могуць яе дамагацца. Таму прызнаваць краіну пад імем Македонія Грэцыя ні за што не збіраецца і – як вынік – блакуе любыя спробы македонцаў уступіць у NATO або Еўразвяз.

У ходзе пратэсту цэнтр Скоп'е, па заяве відавочцаў, выглядаў «як маленькі Бейрут». Без сутыкненняў з паліцыяй тут не абышлося.

Колькасць пратэстоўцаў: 50 000.

Вынікі: Як і планавалася, у Македоніі прайшоў рэферэндум. 12 студзеня 2019-га парламент прыняў сваё рашэнне: Македонію – перайменаваць.

 

 

РАСІЯ

 

 

Пратэст: Расійскі ўрад плануе адпраўляць мужчын на пенсію ў 65 гадоў, а жанчын – у 63 гады. У сувязі з гэтым краіну ўжо паўгода ліхаманіць народнымі абурэннямі.

Першыя мітынгі супраць пенсійнай рэформы не маглі адбыцца ў гарадах, якія прымалі чэмпіянат свету па футболе, таму самая шматлюдная за мундыяль акцыя прыйшлася на Омск – там сабраліся 3 тысячы чалавек. Паліцыя не перашкаджала выражэнню грамадскай думкі – усё-ткі гасціннасць абавязвала. Калі ж 9 верасня пратэсты набралі сілу, людзей вінцілі з усёй жорсткасцю. У СМІ паведамлялася аб 1000 затрыманых.

Лозунг: «Пенсію – жывым».

Вынікі: Пенсійная рэформа была прынятая нягледзячы ні на што. Да канца года пратэсты сталі малалікімі і яшчэ больш разрозненымі.

 

 Таксама:   27 сакавіка 4000 чалавек выйшлі на плошчу саветаў у Кемераве, каб запатрабаваць адстаўкі губернатара. Падставай для стыхійнага мітынгу паслужыў пажар у гандлёвым цэнтры, дзе загінулі 64 чалавекі. У прысутных на плошчы людзей не было даверу да інфармацыі з тэлевізара, яны патрабавалі сумленных лічбаў па ахвярам. Самыя ініцыятыўныя пасля мітынгу адправіліся правяраць моргі, дзе не знайшлі пацверджання чуткам. Аднак 1 красавіка 73-гадовы кемераўскі губернатар Аман Тулееў усё ж сышоў у адстаўку.

 Таксама:   У красавіку расійцы дарэмна пратэставалі супраць блакавання мэсэнджара Telegram і патрабавалі адстаўкі кіраўніка Раскамнагляду. Telegram у суседзяў заблакавалі за адмову зліваць праваахоўным органам ключы шыфравання перапіскі карыстальнікаў.

 

 

АЎСТРЫЯ

 

Пратэст: 30 чэрвеня Вена абуралася 60-гадзінным працоўным тыднем. Тамтэйшы ўрад вырашыў непапулярна абнавіць працоўнае заканадаўства, каб даць кампаніям «гнуткасць». Магчымая працягласць працоўнага дня павінна была павялічыцца з 8 да 12 гадзін, а працоўнага тыдня – з 40 да 60 гадзін.

Колькасць пратэстоўцаў: 80 000.

Вынікі: Нацыянальны савет Аўстрыі праігнараваў голас вуліц і падтрымаў працоўныя папраўкі.

 

 

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ

 

 

Пратэст: 13 ліпеня ў цэнтры Лондана запусцілі шасціметровага надзіманага «Трампа-карапуза». Так брытанцы выказалі сваё калектыўнае «фу» амерыканскаму прэзідэнту, які накіраваўся з рабочым візітам праз акіян. На стварэнне жудаснага шара збіралі ўсім светам – пупс абышоўся ў недзіцячыя $ 21 тысячу, але атрымалася эфектна, гэтага не адняць.

Цікава, што супраць Трампа выйшлі людзі самых розных перакананняў: праціўнікі і прыхільнікі Brexit, актывісты прафсаюзаў, прадстаўнікі жаночых арганізацый, праваабаронцы – усе, каму так ці інакш не дагадзіў самы мемавы прэзідэнт за ўсю гісторыю ЗША.

Лозунг: «Спыніце Трампа».

Колькасць пратэстоўцаў: 100 000.

Вынікі: Рабочы візіт Дональда Трампа прайшоў так, як і было запланавана. Шпацыраваць па цэнтры Лондана ён усё роўна не збіраўся.

 

 

ПОЛЬШЧА

 

Пратэст: 20 ліпеня ў Варшаве народ сабраўся на вуліцы, каб сказаць «не» папраўкам у закон аб працы Вярхоўнага суда. Новы закон надзяляе міністра юстыцыі Польшчы правам без узгаднення з прадстаўнікамі юрыдычнай супольнасці прызначаць і звальняць старшынь судоў. На думку праціўнікаў закона, такі расклад дазваляе кіруючай партыі падмяць пад сябе ўсю судовую сістэму.

Грамадзяне, абураныя тым, што прэзідэнт падпісвае ўсё, «што кладуць яму на стол», сімвалічна кідалі асадкі ў скрыню ля прэзідэнцкага палаца і патрабавалі ў Анджэя Дуды, каб той наклаў на закон вета. Пратэсныя настроі падхапілі ў Кракаве, Познані, Уроцлаве.

Лозунг: «Прыйшоў час для Суднага дня».

Колькасць пратэстоўцаў: 50 000 у Варшаве.

Вынікі: Рэформа ідзе сваёй чаргой, і гэта нават нягледзячы на а-та-та ад Еўракамісіі.

 

 

РУМЫНІЯ

 

Пратэст: 10 жніўня ў Бухарэсце пачаліся антыўрадавыя выступы. Мітынг адбыўся ў адказ на рашэнне ўладаў змякчыць крыміналку па карупцыі, а галоўным патрабаваннем прысутных быў роспуск «левага» кабміна.

Дзеля пратэсту на радзіму з'ехаліся шматлікія румыны-эмігранты. Паводле інфы Сусветнага банка, 25% грамадзян краіны жывуць і працуюць не тут. Штогод яны адпраўляюць дадому каля $ 5 млрд.

Пратэст пратрымаўся тры дні. Калі пачаліся беспарадкі, акцыя была жорстка падаўленая паліцыяй: па меддапамогу звярнуліся 450 чалавек.

Лозунг: «Дыяспара дома».

Колькасць пратэстоўцаў: 80 000.

Вынікі: Румынскія болькі выкрываюцца не раптам. Больш падрабязна пра гэта можна пачытаць вось тут.

 

 

ІСПАНІЯ

 

Пратэст: 11 верасня, у Нацыянальны дзень Каталоніі, жыхары рэгіёна ў чарговы раз ператварылі вуліцы Барселоны ў рубінава-жоўтую раку, каб заявіць: Каталонія – не Іспанія.

Нагадаем, што год таму каталонцы правялі рэферэндум, падчас якога большасць выступіла за аўтаномію, аднак Мадрыд не прызнаў такую «самадзейнасць». Паводле звестак розных сацыялагічных апытанняў, суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў аўтаноміі Каталоніі – прыкладна «фіфці-фіфці».
 
Лозунг:
«Пабудуем каталонскую рэспубліку».

Колькасць пратэстоўцаў: 1 000 000.

Вынікі: Усё складана.

 

ГЕРМАНІЯ

 

 

Пратэст: 13 кастрычніка ў Берліне здарыўся нечакана масавы марш супраць ксенафобіі і правых сіл. Марш арганізавалі праваабарончыя арганізацыі, устрывожаныя ростам народнай сімпатыі да партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якая прасоўвае правыя папулісцкія ідэі.

«АдН» стала папулярнай на хвалі рэзкага росту міграцыі ў 2015 годзе, калі нямецкі ўрад адчыніў дзверы для 1,3 млн нелегальных мігрантаў і бежанцаў. У 2017-м антыімігранцкая партыя ўпершыню прайшла ў бундэстаг, дзе атрымала больш за 90 месцаў. Летась у траўні яе прыхільнікі сабралі мітынг на 5000 чалавек у Берліне, а ў жніўні развязалі беспарадкі ў Хемніцы, пасля таго як у сутычцы з мігрантамі загінуў мясцовы жыхар.

Лозунг: «Мы непадзельныя».

Колькасць пратэстоўцаў: 100 000.

 

 

ФРАНЦЫЯ

 

 

Пратэст: Прэзідэнт Эманюэль Макрон і так адграбае шмат крытыкі, але пад канец года яму давялося зусім туга. 17 лістапада французы-аўтамабілісты апранулі жоўтыя святлоадбівальныя камізэлькі і выйшлі на вуліцы, каб абурыцца планамі ўрада павысіць цэны на бензін і дызельнае паліва. Маніфестацыі перараслі ў масавыя пагромы і сталі рэгулярнымі: «жоўтыя камізэлькі» не зрабілі пярэдых нават на Раство. За тыдні супрацьстаяння патрабаванні пратэстоўцаў гранічна размыліся, нават нельга сказаць, левыя яны ці правыя, але калі неяк абагульніць, то французы незадаволеныя падзеннем узроўню жыцця, несправядлівым размеркаваннем рэсурсаў (правінцыя «корміць» Парыж) і дзейным прэзідэнтам, які разам са сваёй камандай, на думку маніфестантаў, не прадстаўляе іх інтарэсы наогул.

Лозунгі: «Макрон, прыйшоў час плаціць па рахунках», «Народны бунт», «Мы хочам прэзідэнта для бедных».

Колькасць пратэстоўцаў: 280 000 на піку пратэсту.

Вынікі: Уведзены паўгадавы мараторый на рост коштаў на паліва. Аднак пратэст ужо не спыніць, ім «заразіліся» суседнія Нідэрланды і Бельгія, а вось Іспанія на ўсялякі выпадак падняла мінімалку аж на 22%. Макрона чакае няпросты год...

 

 

ЛІТВА

 

Пратэст: 9 снежня ў Вільні прайшла акцыя «Апошні званок» – прафсаюзныя лідары патрабавалі перагледзець бюджэт на 2019-ы і закласці ў яго больш сродкаў на заробкі настаўнікам. У цэнтры літоўскай сталіцы сабраліся і настаўнікі, і спачуваючыя ім грамадзяне. Яны сталі ў ланцужок уздоўж праспекта Гедымінаса і прайшліся па ім са званкамі ў руках.

Раней у краіне пачаліся настаўніцкія забастоўкі: 7 снежня на працу не выйшлі 2,5% ад агульнай колькасці педагогаў.

Колькасць пратэстоўцаў: 6 000.

Вынікі: Улада адхіляе патрабаванні настаўнікаў прыкладна так: «Грошай няма...».

 

 

ВЕНГРЫЯ

 

Пратэст: У марозны дзень 12 снежня венгры сабраліся, каб абурыцца «законам аб рабстве» – папраўкамі ў працоўным заканадаўстве, якія павышаюць максімальную «звышурочку» з 250 да 400 гадзін у год.

З дапамогай абноўленага закона ўлады разлічваюць папоўніць дэфіцыт працоўнай сілы – людзі масава пакідаюць краіну ў апошнія гады. Але, здаецца, пасля такіх мер людзі будуць пакідаць краіну яшчэ больш масава...

Лозунг: «Усё, што мне трэба на Раство, – гэта дэмакратыя».

Колькасць пратэстоўцаў: 10 000.

Вынікі: Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан запэўнівае, што пратэсты праспансаваў мільярдэр Джордж Сорас, і не мае намеру выконваць патрабаванні мітынгоўцаў. У красавіку супраць Орбана і яго супартыйцаў выступаў куды больш шматлікі натоўп, аднак гэта не перашкодзіла палітыку ўзначаліць урад у чацвёрты раз.

Фота: vosizneias.com