«Беларусь у вышыўцы – гэта не толькі полымя і валошкі»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 18.08.2023
- 3247
Шмат хто з творцаў, якія працуюць з беларускімі сэнсамі, робяць гэта з-за мяжы. Ці не адбіваецца адлегласць на шчырасці і аўтэнтычнасці таго, што яны ствараюць? Як адрозніць вартае ад спекулятыўнага? І хто зараз задае планку «высокага мастацкага ўзроўню»? Пагутарылі пра гэта і не толькі з Воляй – дэкаратаркай, рамесніцай, заснавальніцай праекта «Этыка».
У межах праекта «Этыка» Воля займаецца ручной вышыўкай (у тым ліку – нацыянальных арнаментаў), кастамізацыяй адзення і яго апсайклінгам. То-бок можна звярнуцца да яе, напрыклад, па тое, каб шыкоўна аздобіць кашулю ці сукенку, або набыць гатовую работу, або замовіць набор, у якім будзе кашуля і ўсё, што патрэбна для таго, каб зрабіць з яе ўнікальную рэч сваімі рукамі. Таксама Воля ладзіць варштаты, наведвальнікі якіх вышываюць крыжыкам і бавяць час у добрай кампаніі.
Пра творчыя сняданкі
– Ты тры месяцы ў Варшаве. Як пачуваешся?
– Класна! Этап эйфарыі ў мяне мінуў, і зараз этап турыстычны: о, прышпільна, туды схаджу, тое пагляджу, уан латэ он коконат мілк, пліз.
– Усе ўяўляюць сабе, як пераязджае айцішнік. А як пераязджае брэнд адзення?
– А я, дарэчы, не пра брэнд, бо брэнд – гэта нешта масіўнае, з гісторыяй, са сваім бачаннем. А калі ты проста робіш адзенне, ты або вытворца, або праект. «Этыка» – гэта праект. Дык вось, з праектам пераязджаць у Варшаву – спакойна. Тут вельмі шмат людзей, гатовых дапамагчы. І я рыхтавалася да пераезду амаль год, у мяне былі фінансавыя накапленні і нейкі план.
– Як змянілася твая работа?
– Я стала больш структурнай. Раней у мяне была магчымасць ва ўласнай кватэры два тыдні вышываць адну кашулю – быць «у мастацтве». Зараз я не магу сабе такога дазволіць. З’явіліся новыя абавязкі, якія трэба штомесяц закрываць. Таму праца стала больш структурнай.
– А што па кліентах?
– Іх стала толькі больш. Здаецца, праз тое, што стала зручней весці камунікацыю і адпраўляць замовы. Калі я пераехала, то ўсе такія: «О, ты ў Польшчы! Зараз можна замаўляць!» Кажу: «Дык і раней можна было, пошта працавала!» – «Не, раней не тое…»
– А фармат вышывальных сняданкаў таксама «пераехаў» у Варшаву?
– Так.
– А раскажы ўвогуле пра тое, як ты да іх прыйшла.
– Спачатку мы збіраліся ў мяне дома ў Менску і вышывалі ўсё, што ў галаву прыйдзе. Потым гэтыя варштаты перараслі ў творчыя сняданкі, на якіх я заўсёды папярэджваю: пасля трох-чатырох гадзін вы не выйдзеце з вычарпальнымі ведамі пра тое, як павінен выглядаць выварат. Я вучу хутчэй інтэрпрэтацыйнай вышыўцы, а не акадэмічнай.
– Акадэмічная вышыўка?
– Так, у некаторых вузах ёсць курсы. Дзяўчаты, якія праходзілі курс акадэмічнай вышыўкі ва ўніверсітэце Максіма Танка, распавядалі, што гэта пекла. Там неабходна, напрыклад, каб у цябе на вывараце былі выключна вертыкальныя палосачкі (ні гарызантальных, ні вузлоў) і каб кожная нітачка роўна ў крыжык клалася. Я адразу кажу, што так рабіць мы не будзем: «Гэта не ўрок працы. Адчапіцеся ад сябе, пакайфуйце». І ні разу такога не было, каб прыйшоў чалавек і ў яго нічога не атрымалася.
Я распавядаю базу і заўсёды ў добрым сэнсе абясцэньваю вышыўку, бо зараз яна вельмі ўзвышаная – быццам не кожны здольны да такой «сакральнай справы». Сакральнасць сапраўды ёсць, але вышываць можа кожны. Гэта не дар з нябёсаў, а навык. Калі ты ніколі не вышываў, у цябе, натуральна, будуць крывыя крыжыкі. Калі я вышываю кожны дзень па 6-7 гадзін – зразумела, яны ў мяне будуць ідэальныя.
«Вышываць можа кожны. Гэта не дар з нябёсаў, а навык»
– Што атрымліваюць ад гэтых сустрэч людзі?
– Падчас сняданкаў я заўсёды нешта балбачу: пра вышыўку, пра касцюм, пра музеі. І першае, што мне кажуць потым: было цікава. Другое, што атрымліваюць людзі, – адчуванне, што ты не адзін. Калі вы разам нешта робіце рукамі – гэта зусім не тое, як прыйсці разам лекцыю паслухаць. Тут такі віхор энергіі атрымліваецца, людзі падсілкоўваюцца, дзякуюць за гэты ўздым. І, канешне, крафт-веды. Мне потым скідваюць фота: «Глядзі, вось я што вышыла!»
– Што яднае гэтых людзей?
– Іх аб’ядноўвае цікаўнасць да гісторыі, культуры. І нейкія базавыя каштоўнасці. Ніколі няма такога чалавека, які выбіваецца.
«Калі вы разам нешта робіце рукамі – гэта зусім не тое, як прыйсці разам лекцыю паслухаць»
Пра сакральнае і пра панк
– Як ты сама прыйшла да крыжыка?
– Я працавала ў іншай тэхніцы, але аднойчы вырашыла, што цікава было б крыжыкам павышываць на вось гэтай чорнай кашулі. Атрымалася суперкайфова. Паказала яе ў інсце – і быў шквал фідбэку.
А потым, падчас першых сеансаў тэрапіі, мне патрэбна было знайсці нейкія апоры. Атрымалася так, што адной з маіх моцных апор з’яўляецца сям’я, прычым больш жаночы род, і ўсе мае жанчыны заўсёды нешта рабілі і робяць рукамі. Гэта была першая апора. Другая апора, пра якую я ніколі не задумвалася, – пачуццё нацыянальнай прыналежнасці. Спачатку я такая: «Што? “Нацыяльная прыналежнасць”? Навошта мне? Я чалавек свету!» Тэрапеўтка вельмі акуратна мне ўсё тлумачыла, і я падумала: у мяне гэтага быццам няма, але я адчуваю, што яно мне патрэбнае. А калі зразумела, то яно пачало з сярэдзіны вылівацца вонкі ў форме вышыўкі. Так маё нацыянальнае самавызначэнне вылілася ў вышыўку нацыянальных узораў на адзенні.
– Але пры гэтым ты крыжык не сакралізуеш?
– Не. Я хуліганю па поўнай! Калі паказваю фота выварата, то ў адэптаў класічнай вышыўкі кроў з вачэй ліецца. Я ведаю, як яно «павінна быць», а раблю інакш, бо мне кайфова. Вельмі важны і кантэкст. Мы жывём не ў той час, калі жылі нашы бабулі і дзядулі, якія гэта ўсё стваралі. Класічнае вельмі складана перанесці на сучаснае, штодзень тагачасную вышыванку апранаць не будзеш. Я бяру класічнае, вельмі акуратна яго перафармулёўваю і раблю сучасным. Яно не губляе нечага фундаментальнага, але стае больш зразумелым і актуальным цяпер.
Класічны беларускі строй ты ў свой гардэроб не ўпішаш. Зразумела, што строй павінен захавацца, і людзі, якія захоўваюць класічны беларускі строй, – мае крашы. Гэта вельмі складаная праца. Але я не люблю ўскладняць сабе жыццё. Я больш па панку.
«Людзі, якія захоўваюць класічны беларускі строй, – мае крашы»
– А табе не прылятае за гэтае панкаўство?
– Я з такой любоўю гэта раблю, што не прылятае. Але мне дасюль прылятае за іншую гісторыю: я ж ручнік парэзала.
– Як гэта было?
– Да мяне прыйшла дзяўчына з замовай: перашыць усе бабуліны ручнікі ў кашулю. Я сказала, што так не атрымаецца, але можна ўзяць яе кашулю, адрэзаць рукавы, а з ручніка зрабіць новыя рукавы да гэтай самай кашулі.
Я заўсёды адказна стаўлюся да таго, з якімі замовамі прыходзяць. Калі мяне просяць вышыць нейкі лайно-сімвал, які ў інтэрнэце знайшлі, я такое рабіць не буду, адгавару. А тут я гляджу профіль дзяўчыны і бачу, што яна шарыць за гісторыю і разумее, што робіць.
Я запосціла ідэю ў інсту – і мне прыйшло шмат паведамленняў, што нельга так рабіць, беларускі ручнік – вельмі сакральная рэч. Тады я пачала пісаць у музеі, шукаць этнографа. Мне трэба было зразумець, ці мае гэты ручнік гісторыка-культурную каштоўнасць або толькі сямейную. Дзяўчына запытала ў сям’і, ці выкарыстоўвалі ручнікі ў нейкіх абрадах, ці віселі яны на абразах, бо, нават калі ў такой рэчы няма гісторыка-культурнай каштоўнасці, я за яе не ўзялася б таксама.
З музеяў мне адказалі, што ў іх ёсць падобныя экспанаты і спецыфічнай каштоўнасці ў гэтым ручніку няма. У сям’і дзяўчыны сказалі, што раней ручніком проста выціралі рукі. І вось, калі я гэта ўсё даведалася, я яго парэзала. Вышыўка з ручніка суцэльна лягла на рукаў, а карункі — на манжэты. І тут пачалося. Было шмат людзей, якія казалі: «Кайф». Іншыя казалі: «Ты будзеш гарэць у пекле». Прыйшла нейкая дзяўчына з закрытага профілю: «Як вам рэзалася ручнікі?» О, пэсів-агрэсів, хэло. «Дзень добры! – пішу. – А ці ведаеце вы ўсю гісторыю гэтай рэчы?» — «Зразумела, значыць, рэзалася нармальна». Я напісала, што такую камунікацыю весці не буду, і заблочыла яе. А потым мне з фэйсбуку скінулі скрын з абурэннем, і я зайшла ў фэйсбук толькі каб напісаць каментар, што за спінай мяне абмяркоўваць не трэба, ідзіце ў інстаграм. За свой праект я гатовая біцца.
– А дзяўчына носіць кашулю?
– Так! Да яе могуць падысці ці нешта напісаць у інсце, але яна заўсёды вельмі спакойна распавядае гісторыю кашулі. Атрымалася вельмі прыгожа, ёй вельмі пасуе.
«Даматканае палатно я ніколі не парэжу»
– Добра, давай абазначым мяжу, за якую ты б ніколі не зайшла. Цемра зрабіла ок [гаворка пра праект «Спадчына», у якім мастачка распісала графіці аўтэнтычныя рэчы, якія знайшла на сметніцы. – заўв. рэд.]?
– О, для нас з Цемрай у пекле асобны кацёл – «за псаванне спадчыны». Я зрабіла адзенне, а Даша ўвогуле зрабіла мастацтва. Мастацтва на тое і накіравана, каб выклікаць эмоцыі. Я калі гэту працу пабачыла, у мяне рукі трэсліся – ахранець як крута.
Я заўсёды дзейнічаю па адчуваннях і па сабранай інфармацыі. Даматканае палатно я ніколі не парэжу! Але абрусы маёй бабулі я выкарыстоўваю ў паўсядзённым жыцці, і калі там застаецца пляма, то не бачу ў тым нічога жахлівага. Канешне, у сям’і ёсць таксама абрусы, якія толькі на святы дастаём і вельмі акуратна карыстаемся. Межы ёсць. Я не варвар.
Пра спекуляцыі і аўтэнтычнае
– Як ты ставішся да вышыванізацыі ўсяго наўкол? Калі нацыянальныя ўзоры друкуюць проста на нейкай цішотцы з Кітая?
– Тут я на двух крэслах. З аднаго боку, гэта клёва, бо лепш хай яно будзе паўсюль і папса, чым яно памрэ. З іншага боку, часта губляюцца сэнсы. Нават калі мы не пра ляпанне флексам гаворым. Вышыты малюнак – гэта толькі частка, у якой не самы вялікі сэнс закладзены. Куды больш значны – працэс. Калі ты пачынаеш вышываць сам, то разумееш, што фінальны малюнак цябе ўжо не тое каб вельмі цікавіць. Мне здаецца, трэба больш увагі надаваць усім сэнсам.
– Але быццам і саміх ідэй бракуе. «Хочацца зрабіць беларускае? Ну то бахнем вышыванку, бусла і валошку!»
– У мяне было шмат запытаў на валошкі, але я іх не вышываю. У нядаўнім інтэрв’ю Глеб Сямёнаў [журналіст, тыктокер. – заўв. рэд.] казаў пра дранікі, маўляў, ну няўжо нельга прыдумаць нешта яшчэ? Беларусь жа не толькі ў драніках. І Беларусь у вышыўцы – гэта не толькі полымя і валошкі, там такая прастора для інтэрпрэтацый! Калі з гэтага багацця бяруць толькі нешта павярхоўнае, вельмі сумна.
– Назаві тых, хто, на твой погляд, робіць нешта беларускае, але не павярхоўнае?
– Калі з фэшан-сферы, то Таня Тур — крашыха. Ты адразу разумееш, што гэта беларускае, але яно так смачна зроблена. Мне вельмі падабаюцца ўпрыгожванні-павукі Насты Канвы: глядзіш на завушніцу – саламянага павука – і думаеш, што гэта так проста, а з іншага боку – ні разу не проста, peace of art. Вельмі падабаецца, як беларускія матывы інтэрпрэтавалі Historia Naturalis, яны працуюць з ільном і ў іх была калекцыя з малюнкамі Алены Кіш. Вельмі падабаюцца дываны Макса Осіпава. Тое, што робіць Даша Цемра. Час ад часу яна бярэ вельмі простыя беларускія сімвалы, але яна надае ім такую форму! У яе быў чорны вэлюм, на які нанесены традыцыйны беларускі арнамент, але гэта чорны арнамент на чорным вэлюме. А нядаўна яна зрабіла чорныя ручнікі: відавочна проста, але так глыбока і складана, я ў захапленні. Караліна Палякова – кожны беларус разумее яе калажы і цішоткі «Несмяротная», пры тым гэта вельмі кайфова. Маша Мароз – таксама крашыха тры тысячы.
– Самы час распавесці пра рэч, якую ты зрабіла і падумала: «Ну што за цуд!»
– У мяне такія думкі пасля таго, як я сканчваю амаль любую рэч. Памятаю, мяне вельмі ўражвалі посцілкі з вытканымі кветкамі, і я захацела інтэрпрэтаваць іх у вышыўцы на пінжаках. А я ж вышываю на канве, то-бок доўга не бачу фінальную карцінку. І вось калі я зрабіла першы пінжак, то дастала канву і вельмі была ўражаная, што ў мяне атрымалася такая прыгажосць. Але шчыра: пасля кожнай працы дух займае.
– Як табе досвед стылісткі на шоу «О(б)суждаем» [ютуб-шоу журналістаў Глеба Сямёнава і Івана Пруса. – заўв. рэд.]?
– Я зараз у перманентнай трывозе і, каб яе не падвышаць, усё раблю for fun. Напісала вядучым: «Пацаны, вы будзеце ў сукенках!» І Ваня такі: «Нармальна». Спачатку я думала апрануць Глеба ў сукенку, але ў яго і так дастаткова феміннасці ў вобразе, таму мы Ваню бамбанулі і ў мэйк, і ў сукенку. У Глеба яшчэ павінна была быць велічэзная саламяная карона, але яна была яму нязручная, бо ён вельмі жвавы. Мы з рабятамі так пацешыліся на бэкстэйджы.
– А з Івай Сацівай як калаб склаўся?
– Іва спявала свае трэкі ў «Вершах». Я на яе глядзела і думала, што было б прышпільна на яе апрануць камізэлькі з тасьмой, якія я тады рабіла. Яна супержвавая, і я ўявіла, як яна будзе танчыць у гэтай камізэльцы, і ўсё будзе варушыцца. Напісала: «Халоў, хачу зрабіць табе падарунак, каб ты крута выглядала на сцэне». А Яна такая: «Нядаўна бачыла твае працы, гэта мэтч». Мы сустрэліся, гадзіны дзве прабалбаталі. Я рабіла ёй камізэльку, пінжак, кашулю. Стылізавала кліп, які хутка выйдзе. І шукала ёй адзенне для выступу ў Варшаве. У нас з Янай вельмі падобны густ, я вельмі разумею, што ёй падабаецца, а што – не.
– Як ты бачыш перспектывы развіцця «беларускасці» па-за межамі Беларусі? Ці могуць культура і мастацтва паўнавартасна існаваць у адарванасці ад зямлі?
– Гэта ж не метафізічная гісторыя, гэта людзі. То-бок гэта ўсё культура, а носьбітамі культурамі з’яўляемся мы. І пакуль мы нешта робім, яно будзе жыць. Зараз «беларускае» будзе з кожнага праса і будзе рознай якасці, як тыя цішоткі з флексам. А потым, як мне здаецца, усё трошкі супакоіцца і выйдзе на новы ўзровень. Да таго ж дзякуючы вышыванкам, тканым паясам, беларускім спевам мы, нават калі не дома, можам адчуваць, што не згубіліся. Людзі апранаюць завушніцы Насты Канвы не толькі для ўпрыгожвання, але каб паказаць: я беларус.
– Лічыш за важнае трансляваць беларускасць вонкі?
– Адзенне – гэта ж не анучы, гэта спосаб камунікацыі. Кожны раз, калі я выходжу на вуліцу, у мяне заўсёды ёсць нешта беларускае. Так падсвядома атрымлівалася, а потым я заўважыла. Гэта можа быць гарлячка, хустка, пояс, нейкая маленькая дэталь – і адразу бачна, адкуль я. З гэтымі рэчамі я адчуваю сябе больш упэўненай, я іду па вуліцы і нічога не баюся. Асабліва калі гэта бабуліны хусткі, то я ўсё магу. А па-другое, я бачу шчырыя ўсмешкі людзей, якія заўважаюць, гэта вельмі моцны фідбэк і вельмі моцны абмен нечым. Проста на святлафоры можа падысці чалавек і сказаць на гарлячку: «Якая класная штука!» І ты адчуваеш, што ты тут не адзін і што разам вы адолееце.
Фота нададзены гераіняй матэрыялу