Арт-каманда KeepMinskWeird запусціла відэападкаст
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.04.2021
- 3160
Святлана Гатальская, грамадзянская актывістка, сацыяльная прадпрымальніца, феміністка, каардынатарка ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» і сузаснавальніца эка-крамы Zerro.by, стала госцяй відэападкасту #KMWoice ад арт-каманды KeepMinskWeird.
«Выпуск, у якім мы гутарым пра "фемінізм галаўнога мозгу" і "формулу шчасця", разважаем пра культ геніталіяў і вымушаную гендарную бінарнасць, прыходзім да высновы, што былых грамадзянскіх актывістак не існуе і што выявіць у сабе аб'юзера – не самае горшае з таго, што можа здарыцца з чалавекам», – так эпізод са Святланай Гатальскай апісваюць стваральнікі(-цы) #KMWoice.
Святлана Гатальская
гераіня падкасту
«Разуменне праблематыкі правоў жанчын для мяне пачалося, калі я і не ведала яшчэ такіх слоў, як "фемінізм", "гендарная роўнасць" і "дыскрымінацыя". Быўшы студэнткай дзяржаўнага ўніверсітэта ў Гомлі, я сутыкнулася з тым, што, на думку выкладчыка логікі, "жанчына – гэта вагіна з галавой, і логіка ёй у прынцыпе не ўласцівая". Цяпер, праз шмат гадоў, калі ў мяне пытаюцца: "Што ўсё ж такі ёсць фемінізмам?", я ўсё часцей успамінаю словы англійскай пісьменніцы Рэбэкі Ўэст: "Я ніколі не магла даць дакладнае вызначэнне фемінізму. Я толькі ведаю, што мяне называюць феміністкай кожны раз, калі я не дазваляю выціраць аб сябе ногі"».
Людміла Пагодзіна
суаўтарка і вядоўца падкасту
«Цяпер – унікальны час, калі не прыходзіцца тлумачыць, што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца. Гэта час, які пасуе для таго, каб прагаварыць, хто мы, да чаго імкнёмся і якія ў нас каштоўнасці. У выпусках #KMWoice мы надаем шмат увагі музыцы і мастацтву, але ў гэты ж час і тэмам фемінізму, гендару і недапушчальнасці гвалту. Ва ўсіх гэтых тэмах добра дасведчаная Святлана Гатальская, і запрасіць яе было пытаннем часу. Я 17 гадоў займаюся інтэрв'ю і дагэтуль лічу гэты фармат адным з галоўных для разумення свету людзей».
Альберт aka Scarlett
суаўтар, гукарэжысёр і рэдактар падкасту
«Увесь час я сустракаю людзей, чыя дзейнасць мяне захапляе, і я, натуральна, адчуваю жаданне таго, каб думкі герояў нашага падкасту распаўсюджваліся далей. У эпізодзе з маёй любімай Светай Гатальскай мы размаўляем пра правы чалавека і гвалт. Для мяне гэта, відавочна, тэмы, важнасць якіх складана пераацаніць – у любы час і асабліва цяпер. Шмат каму зараз жывецца камфортна, і нашмат больш для каго паўсядзённасць – гэта страх, няроўнасць, небяспека і гвалт. І я б хацеў, каб гэтая сітуацыя канструктыўна змянілася».
Падкаст #KMWoice можна паслухаць на ўсіх стрымінгавых пляцоўках, паглядзець на YouTube, а таксама падтрымаць грашыма на платформе Patreon.
Фота: Лена Катушка