У рэдактаркі 34mag.net Марыі Пархімчык выйшаў дэбютны раман «Эйфарыя»

У кнігарнях з’явіўся раман рэдактаркі, падкастаркі і стэндаперкі Марыі Пархімчык, напісаны ў Менску зімой 2021/22 года. Жанр можна прыкладна апісаць як «усходнееўрапейскі постмемкіберпанк эпохі развітога капіталізму».

Па сюжэце на неназваны IT-востраў прыязджаюць журналіст з Лондана, які хоча зрабіць гісторыю для СМІ, і танцоры з Самары, які збіраюцца выступіць на мясцовым свяце ўраджаю. Але ўсё ідзе не па плане, а дакладней – усё ідзе выключна па плане мясцовай карпарацыі, якая назірае за іншаземцамі ў сваіх мэтах. Чытачоў «Эйфарыі» чакае шмат прыгод: мы завітаем на юбілей народнага артыста, зазірнём у цэнтр псіхічнага здароўя, наведаем шыкоўны замак, паглядзім лялькавы спектакль, дамо драла ад лясных драпежнікаў і разгадаем загадку ўсюдыісных помнікаў Леніну.

 

– Абажаю фільм «Быць Джонам Малкавічам», героі якога карыстаюцца цудоўнай магчымасцю на 15 хвілін апынуцца ў целе знакамітага актора. Ідэя «пажыць» у іншым і паглядзець на свет яго вачыма – агулам спакуслівая штука. Не маючы такой магчымасці фізічна, менскай зімой 2021-га я вырашыла стварыць такую мастацкую рэальнасць, дзе «пажыву» ў адным сюжэце некалькімі людзьмі адначасова, а заадно парэфлексую над сваёй беларускасцю.

Так на свет з’явіліся журналіст з Захаду, мастацкая кіраўніца з Усходу і айцішніца з самага цэнтра Еўропы. Час з гэтымі няўрымслівымі персанажамі праляцеў незаўважна. Было і смешна, і сумна, і кранальна, і крынжова. Што галоўнае: у іх прыгодах натуральна паўсталі шматлікія беларускія мемы – ад легендарнай саладосці марозіва ў кубачку да цыбулін Нясвіжскага замка. Мяркую, чытач не засумуе на гэтым пазнавальным маршруце. Да таго ж усе зараджаныя стрэльбы абавязкова выстраляць.

Раман пабачыў свет у выдавецтве «Пфляўмбаўм».

 

  Поўны спіс кнігарань, дзе можна набыць «Эйфарыю», тут. Там жа знойдзеш опцыі з анлайн-замовай і дастаўкай па свеце.