Выходзіць беларуская навінка для аматараў сай-фаю
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.09.2025
- 260
«Пентаквантар» Арцёма Шуканава наследуе найлепшым узорам заходняй навуковай фантастыкі ХХ стагоддзя – згадаем тут Ніла Стывенсана, Майкла Крайтана, Уільяма Гібсана – і прапануе беларускаму чытачу яскравую посткіберпанкавую гісторыю з вайбамі трылера.
Пра што кніга? Сюжэт разгортваецца ў далёкай будучыні. Усёмагутныя штучныя асобы раптоўна прачнуліся пасля сямнаццацігадовай комы і праз пятнаццаць секунд заснулі зноў. У выніку ўсплёску актыўнасці будыйскі манах з Лаоса, тэхнаэмпат з Мінска-3 і прафесійная прамысловая шпіёнка з Кіёта вымушаныя выправіцца ў небяспечнае падарожжа. На чарговым віражы гісторыя перамяшчаецца на Мальдывы, а пасля – увогуле за межы Сонечнай сістэмы.
«Пентаквантар» – тэкст эпічнага маштабу: гісторыя выходзіць у двух тамах агулам больш за 600 старонак. Тут знайшлося месца і футурыстычным экшан-сцэнам, і медытатыўным апісанням наўкольнага свету – аматарам жанру спадабаецца з высокай ступенню імавернасці.
Навінку выпускае Gutenberg Publisher. Шэф-рэдактарка Валянціна Андрэева кажа, што для гэтага праекта ўдалося сабраць дрым-цім. Рэдагавала «Пентаквантар» Наста Кахан, занятая ў камандзе навукпап-зіна PAMYŁKA. Карэктарам выступіў Мікола Раманоўскі – і Валянціна адзначае: «Проста ўявіце, што ён паправіў Ксаябуры ( ໄຊ ຍະ ບູ ລີ – раптам вы ведаеце лаоскую?) на Сайнябулі – і зразумееце, які ўзровень пагружэння (што ў аўтара, што ў карэктара)». Вокладку зрабіла мастачка Валерыя Ржэвуская.
Замовіць кнігу, не чакаючы яе з’яўлення на паліцах кнігарняў, і збегчы ад руціны ў прыдуманыя сусветы можна на сайце выдавецтва Gutenberg Publisher. Каб не прапусціць наступныя фантастычныя навінкі, варта падпісацца на іх інстаграм.