У Беларусь вярнулі 15 карцін Шрагі Царфіна
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.12.2019
- 8536
У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася персанальная выстава мастака Файбіша-Шрагі Царфіна – прадстаўніка Парыжскай школы, ураджэнца Смілавічаў. Адмыслова да 120-годдзя мастака група кампаній «А-100» набыла ў яго спадчыннікаў 15 палотнаў.
Усяго на выставе прадстаўленыя 52 экспанаты. Сярод іх – каля 40 карцін, якія ахопліваюць розныя перыяды творчасці вядомага беларуса (да Парыжа Царфін тварыў у Палесціне і Берліне). Тры работы ўзятыя з фонду Нацыянальнага мастацкага музея, астатнія – з прыватных беларускіх і замежных калекцый. Таксама можна пабачыць узоры тканін, асабістыя рэчы і вітражы.
Нягледзячы на гучнае імя Царфіна і на той факт, што яго творы знаходзяцца ў зборах знакамітых багацеяў-мецэнатаў Рампено, Ротшыльдаў ды Чаплінаў, смілавічскі геній доўгі час знаходзіўся для многіх беларусаў у цені сваіх «аднашкольцаў»: Марка Шагала і Хаіма Суціна. Выстава «Шрага Царфін. Рух да святла» – увогуле першая персанальная выстава мастака на постсавецкай прасторы.
Аляксандр Цэнцер
старшыня назіральнага савету групы кампаній «А-100»
«Шрага Царфін як фігура мультыкультурная і мультынацыянальная з'яўляецца выдатным увасабленнем адкрытасці свету, якой мы хочам спрыяць тут і цяпер, абапіраючыся на нацыянальную культурную спадчыну. Нарадзіўшыся ў Беларусі і пражыўшы большую частку жыцця за яе межамі, Царфін стаў грамадзянінам свету, таму яго творчасць з'яўляецца ўвасабленнем культурных сувязяў, якія ўсталяваліся паміж беларускім і замежным мастацтвам».
Эла Царфін
стрыечная ўнучка мастака
«Нашай сям'і асабліва прыемна, што да 120-годдзя Царфіна выстава яго работ адбудзецца на радзіме мастака. Царфін часта ўспамінаў пра родныя Смілавічы, распавядаў пра роднае мястэчка сябрам і блізкім. Гэтая выстава – яго своеасаблівае вяртанне на радзіму».
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20).
Калі: да 19 лютага; касы музея працуюць да 18:30.
Колькі: стандартны квіток – 8 BYN.