Як уладкавацца на працу да 18 год?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 23.11.2020
- 5593
Ст. 21. «Узрост, з якога дапускаецца заключэнне працоўнага дагавора».
Ст. 114. «Скарочаная працягласць працоўнага часу для асобных катэгорый работнікаў».
Глава 20 (артыкулы з 272 па 282). «Асаблівасці рэгулявання працы моладзі».
Ты можаш працаваць з 14 год, калі на гэта згодныя твае бацькі або тыя, хто выконвае іх функцыі. Узор пісьмовай згоды вось.
З 16 год ты ўжо атрымліваеш права самастойна заключаць дамову з працадаўцам. Хоць працоўную, хоць грамадзянска-прававую.
Пашпарт або іншае пасведчанне асобы.
Працоўная кніжка, калі яна ўжо ёсць. Калі няма, то яе павінны выдаць, калі адпрацуеш пяць дзён.
Даведка медыцынскага агляду аб стане здароўя. Яна выдаецца бясплатна. І, дарэчы, штогадовы абавязковы медагляд маеш права прайсці ў працоўны час з захаваннем з/п.
Дакумент аб адукацыі або дакумент аб навучанні, калі для выканання гэтай працы патрэбныя нейкія спецыяльныя веды.
Пісьмовая згода аднаго з бацькоў (ці апекуна), калі табе няма шаснаццаці.
Ты можаш займацца так званымі лёгкімі працамі або прафесійным спортам пры ўмове, што: а) абраная пазіцыя не шкодзіць здароўю і развіццю; б) работа не будзе замінаць школе ці каледжу.
Пад лёгкімі працамі Мінпрацы мае на ўвазе:
– Некаторыя сельскагаспадарчыя працы, працы ў лясной гаспадарцы і па азеляненні гарадскіх тэрыторый (максімальна бяспечныя);
– Некаторыя будаўнічыя і рамонтныя работы;
– Работы, якія былі засвоены ў майстэрнях ПТВ і г.д.;
– Прыборку тэрыторый і кватэр;
– Кур’ерства;
– Афармленне памяшканняў для свята і ўдзел у анімацыйных праграмах;
– Паслугі фларыста;
– Паслугі пракату (без касавых абавязкаў);
– Падрыхтоўку на камп’ютары тэкстаў, прэзентацый і цэлых вэб-сайтаў;
– Пазаштатнае карэспандэнцтва ў СМІ;
– Прыём і выдачу адзення ў гардэробе;
– Расклейку аб'яў і ўсё ў такім жа духу.
Дзе можна працаваць, калі табе ад 16 да 18?
Тут ужо прынцып іншы: дазволена ўсё, што не забаронена.
Міністэрства працы ахоўвае непаўналетніх ад работ са шкоднымі рэчывамі і небяспечнай тэхнікай, не пускае іх на вышыню і пад зямлю, забараняе працадаўцам нагружаць падлеткаў цяжарамі. Напрыклад, 15-гадовая дзяўчына не павінна цягаць больш за два разы на гадзіну груз ў 4 кілаграмы, а яе равеснік-хлопец – у 7 кг.
А яшчэ да 18 гадоў нельга працаваць па сумяшчальніцтве (арт. 348 ПК).
Ці могуць даць выпрабавальны тэрмін?
Ніякай эксплуатацыі! Артыкул 28 ТК РБ забараняе ўсталёўваць папярэдняе выпрабаванне для непаўналетніх.
Колькі дазволена працаваць падлетку?
Калі табе ад 14 да 16 гадоў, ты можаш працаваць не больш за 23 гадзін на тыдзень. Для рабят ад 16 ад 18 норма абмежаваная 35 гадзінамі на тыдзень. Гэта ўсё лічбы для па-за вучэбнага часу, у вучэбны час іх трэба падзяліць на два.
Падлеткі могуць працаваць разава ці пяцідзёнкай з панядзелка па пятніцу ці з аўторка па суботу ў прамежак з 6:00 да 22:00.
Калі табе прапануюць папрацаваць звыш адведзенага ці ўвогуле ноччу, а то і ў чырвоны дзень календара, смела адмаўляйся. Працадаўца не мае права рабіць табе такія непрыстойныя прапановы.
Колькі ты абавязаны (-а) «выпрацоўваць»?
У некаторых установах існуюць «нормы выпрацоўкі», і калі табе пра іх кажуць, ведай: працадаўца абавязаны ўсталяваць іх прапарцыйна твайму скарочанаму працоўнаму дню, а не спадзявацца на тое, што ў сціснутыя тэрміны ты зробіш столькі ж, колькі хтосьці – у звычайныя.
Калі ты ўладкоўваешся на працу пасля школы або каледжа, дзе навучаўся(-лася) на вытворчасці, табе таксама могуць нормы панізіць – шукай інфармацыю пра гэта ў калектыўнай дамове.
Ці разлічваць на адпачынак?
Падчас працы па працоўнай дамове непаўналетнім па іх запыце прадастаўляецца адпачынак падчас канікул або ў іншы зручны для іх час.
Агульная працягласць адпачынку – 30 дзён.
Важна: ты маеш права запытаць адпачынак, нават калі не мінула паўгода з моманту твайго ўладкавання на працу (у работнікаў 18+ такой прывілеі няма).
Непаўналетнім плацяць менш?
Не, тваю працу нават пры скарочаным працоўным дні павінны аплачваць так жа, як працу работнікаў пры поўным працоўным дні.
Калі ты сумяшчаеш працу з вучобай, то атрымліваеш заробак прапарцыйна адпрацаванаму часу ці выпрацоўцы. Калі ты займаешся здзельнымі работамі, то твая праца аплачваецца па здзельных расцэнках.
Ці могуць цябе звольніць раптоўна?
Артыкул 282 у некаторых выпадках спыняе наймальніка ў імкненні выставіць падлетка на вуліцу. Спачатку прыйдзецца атрымаць дазвол у камісіі па справах непаўналетніх. Так прынята, калі, напрыклад, філіял прадпрыемства зачыняецца або ў работніка здарыліся праблемы са здароўем, якія выбілі яго з працоўнага працэсу.
Па многіх падставах звальняць непаўналетняга работніка даводзіцца з паведамленнем камісіі не пазней, чым за два тыдні. Так у сацабароны з'яўляецца магчымасць вывучыць сітуацыю і калі што, выступіць у абарону несправядліва пакрыўджанага(-ай).
Дзе знайсці першую працу?
Акрамя пляцовак накшталт rabota.by і praca.by, звярні ўвагу на праект Teenjob, які засяроджаны на працаўладкаванні беларускіх падлеткаў. Тут дапамагаюць знайсці адно аднаго работніку і працадаўцу, прапаноўваюць магчымасці валанцёрства і распавядаюць пра мерапрыемствы, дзе можна навучыцца нечаму карыснаму.