Эдуард Бабарыка – пра ўзлёт краўдфандынгу і беларускую эмпатыю
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 18.05.2020
- 13241
Эпідэмія COVID-19 напоўніцу раскрыла ў беларусах эмпатаў і альтруістаў. У інтэрнэце сталі з'яўляцца шматлікія заклікі дапамагчы медыкам, і, здаецца, пра адносна свежую фандрайзінгавую пляцоўку MolaMola даведаліся наогул усе. Цяпер там актыўныя 74 кампаніі, якія так ці інакш завязаныя на тэме COVID-19: грошы збіраюць на сродкі індывідуальнай абароны і на гарачыя абеды для медыкаў, на падтрымку пажылых людзей, жыхароў інтэрнатаў, бяздомных, на падрыхтоўку інфармацыйнай раздаткі. На краўдфандынгавай пляцоўцы «Улей» таксама з’яўляюцца тэматычныя зборы.
Мы сустрэліся са стартаперам Эдуардам Бабарыкам, які запусціў і MolaMola, і «Улей», каб пагаварыць пра тое, чаму менавіта краўдфандынгавыя пляцоўкі сталі эфектыўным сродкам «тушэння пажараў» у форс-мажорнай сітуацыі, чаму MolaMola не адмяняе сваю камісію нават на зборах рэспубліканскага значэння і як любы чалавек можа не толькі ўплываць на свет, але і ствараць свой уласны.
Даведка: «Улей» – краўдфандынгавая платформа, якая працуе па такім прынцыпе: людзі падтрымліваюць грашыма нейкую ідэю, скідаюцца на яе рэалізацыю, а аўтар гэтай ідэі пасля дзеліцца вынікам; сродкі пералічваюцца толькі ў тым выпадку, калі аўтару ўдалося зацікавіць людзей настолькі, што яны перадаплацілі 100% кошту яго праекта. MolaMola – фандрайзінгавая пляцоўка, на якой можна проста папрасіць дапамогі, не будучы вінным за гэта нешта наўзамен; дапамога тут прыходзіць непасрэдна на картку аўтара кампаніі.
Дысклэймер: размова адбылася да таго, як бацька Эдуарда – Віктар Бабарыка – заявіў пра свой удзел у прэзідэнцкай гонцы, і ніяк не звязаная з гэтай гісторыяй.
Пра ўзлёт MolaMola на фоне пандэміі COVID-19
– MolaMola – суперпабочны прадукт насамрэч. Мы хацелі распрацаваць інструмент, які дазваляе за дзесяць-пятнаццаць хвілін звычайную крэдытную картку ператварыць у прыватны фонд. Мэты збору не абмежаваныя: хтосьці хоча сабе ноўтбук, а хтосьці – выратаваць жыццё. Збірай на што заўгодна, толькі ў рамках закона.
У MolaMola мы першапачаткова закладвалі эканамічна эфектыўную бізнэс-мадэль, а пасля пляцоўка аказалася для беларусаў яшчэ і эфектыўным інструментам, які дазволіў хутка арганізавацца. Цяпер мы бачым, што падключаюцца [да збораў па COVID-19. – заўв. 34] буйныя гульцы. Але, каб зарыентавацца, ім спатрэбіўся месяц, і ўвесь гэты месяц «пажары тушылі» праз MolaMola.
«За 20 дзён «Мола» зрабіла два гадавыя абароты па грашах, гэта значыць, вырасла ў 36 разоў»
Відавочна, што сітуацыі з эпідэміяй ніхто не радуецца, але «Мола» аказалася карыснай і стала больш бачным гульцом: калі зборы па COVID-19 пачалі спадаць, сталі з'яўляцца новыя звычайныя кампаніі. І іх становіцца ўсё больш.
Пандэмія цікавая з пункту гледжання стрэсавага тэставання: мы зразумелі, як можа працаваць сістэма ва ўмовах звышнагрузкі. Першыя дні мы наогул не спраўляліся. Тэма ковіду пачалася з трох кампаній: ссабойка доктару, збор Андрэя Стрыжака на рэспіратары, дапамога бальніцам. Выявіўшы тэндэнцыю, мы стварылі асобны раздзел, але ў першыя дні людзі здзяйснялі тысячы плацяжоў на дзень, сайт падаў, мы працавалі па вахтавым прынцыпе кругласутачна.
«Цяпер MolaMola не прыносіць нікому грошай»
Пра «заробак на дабрачыннасці»
– Цяпер ёсць не вельмі шмат людзей, якія лічаць, што MolaMola нажываецца на бядзе [з грошай, якія пералічваюць спонсары, пляцоўка забірае сабе 6% камісіі. – заўв. 34mag]. Але тэхнічна мы не маглі і не можам дыферэнцаваць камісію: для адных – адно, для іншых – іншае. Акрамя тэхнічных абмежаванняў, гэта яшчэ і дамоўленасць з «Белгазпрамбанкам», таму што 6% – гэта агульная камісія плацежных сістэм, банка і MolaMola. Калі б мы вялі перамовы пра зніжэнне камісіі, нам давялося б зніжаць камісію абсалютна на ўсе праекты.
Так, у сацыяльна накіраванага бізнэсу павінны ўзнікаць думкі аб пераразмеркаванні неразумных лішкаў. Але мы абмежаваныя яшчэ адным момантам: Р2Р-пераводы (з карты на карту) і частка камісіі асядаюць у банку. Скончыўся красавік. У нас няма камісіі, атрыманай па зборах, мы атрымаем грошы ў другой палове траўня. Калі атрымаем – зразумеем, ці ёсць у нас гэты самы неразумны лішак і што з ім рабіць. У гэтых паслядоўных развагах мы яшчэ не дайшлі да этапу распараджэння грашыма.
MolaMola бясплатная для спонсараў з першага дня: калі чалавек пералічвае дзесяць рублёў, у яго спісваецца дзесяць рублёў. Камісія – гэта ўзаемаадносіны нас і аўтара кампаніі. Аўтару кампаніі мы ўсімі магчымымі спосабамі паведамляем пра тое, што камісія існуе.
Цяпер MolaMola не прыносіць нікому грошай. З пункту гледжання аперацыёнкі яна цалкам акупляе сябе, але ёсць інвестыцыйныя выдаткі, абнаўленні, мабільная апка – гэта ўсё ўкладанні.
Пра тое, хто і чаму гатовы(-ая) дапамагаць
– Часта людзі з нізкім прыбыткам пералічваюць у адносным адсотку больш, чым чалавек з высокім прыбыткам. Людзі пасярэдзіне таксама эмпатычныя і гатовыя дапамагаць. Чым больш людзей удзельнічае, тым больш падключаецца новых: людзям цікава суперажываць. Гэта дзіўна для мяне, скептыка.
Усе нашы даследаванні спонсарскай аўдыторыі кажуць пра тое, што людзям у першую чаргу важны сам факт падтрымкі. Падтрымліваць іншых – не дадатковая патрэба, як патрэба ў люксавых таварах. Гэта ў прыродзе людзей. Вельмі часта спонсары нават не забіраюць тое, за што заплацілі.
Я ўдзельнічаў у 77 праектах на «Ульі» і шмат дзе не забіраў лоты. Эмацыйны імпульс: «Прышпільна, дадумаліся ж рабяты такую ідэю зрабіць». Закідваеш грошы, а потым забываеш пра гэта.
Прапанова дапамогі і попыт на яе не збалансаваныя: гатовых дапамагаць нашмат больш, чым гатовых прасіць. Для большасці людзей выхад на краўдпляцоўку раўнасільны жабрацтву. Гэта з-за перажыткаў савецкай культуры, дзе грошы – гэта нешта ў прынцыпе дрэннае, паказваць праблему – таксама дрэнна, а выходзіць з ідэяй і прапаноўваць людзям аб'яднацца – дзіўна. Успрымаецца так, быццам чалавек выходзіць з працягнутай рукой і просіць дапамогі. У развітых краінах гэта ўспрымаецца інакш: «Глядзіце, у мяне ёсць ідэя, давайце замуцім нешта клёвае».
«Калі ў ідэі ёсць нешта, што дазваляе ёй прадаваць саму сябе, гэта прыкмета таго, што ты робіш правільныя рэчы»
Пра тое, як класна краўдфандзіць
– Пры запуску краўдкампаніі важны чалавек, які стаіць за ідэяй. Важна тое, наколькі ён адкрыты, адаптыўны, настойлівы.
Не бывае дрэнных ідэй. Ідэя можа мець не зусім удалую форму. Стваральнік ідэі можа апынуцца не ў свой час і не ў сваім месцы. Але гэта не значыць, што дрэнная ідэя.
Мне падабаецца ідэя, дзе прадпрымальнік займае «пазіцыю абслугоўвання». Існуе памылковае меркаванне, быццам прадпрымальнікі і бізнэсмэны – лідары, якія вядуць за сабой. Праўда ў тым, што правільныя прадпрымальнікі думаюць пра тое, як яны могуць быць карысныя – што яны могуць зрабіць для людзей, каб тым стала лепей.
Класныя ідэі прадаюць сябе самі. Ёсць такое паняцце, як «вірусная пятля»: я запускаю праект, людзям ён падабаецца – і тады ідэя развівае сябе сама. Важней шукаць ідэі і механікі, якія дазваляюць раскручвацца праекту самому, чым агрэсіўным піярам і рэкламай уцюхваць яго людзям.
Шматмільярдны рынак рэкламы – па большай частцы фікцыя і падман. Калі я прыйшоў да канцэпцыі абслугоўваючых прадпрымальнікаў, я зразумеў, што калі ў ідэі ёсць нешта, што дазваляе ёй прадаваць саму сябе, дык гэта прыкмета таго, што ты робіш правільныя рэчы. Яны не патрабуюць піяру і рэкламы.
Адзінае, дзе патрэбны піяр, – паскарэнне росту праекта. Калі ж ідэя прасоўваецца чыстым піярам і рэкламай, такі прадукт не павінен існаваць. Так, гэта можа прадавацца, але людзі ад гэтага шчаслівымі не стануць.
Пра развіццё
– За год існавання MolaMola абнавілася больш за 35 разоў. «Улей» як платформа за пяць гадоў амаль не змянілася. Можна ўявіць, якія магчымасці мы ўпускаем.
Цяпер займаемся падрыхтоўкай да запуску новага «Улья». Мы распрацавалі ўсю платформу з нуля. Яна стала ў разы хутчэй і зручней. Цалкам змяніўся дызайн. Закладзеная базавая механіка, але напаўненне – іншае. Мы пазбавіліся ад бірузовага ў лагатыпе. Лагатып мне вельмі падабаецца, праўда, каштаваў ён неапраўданых грошай. Яшчэ ў нас нарэшце з'явіцца мабільная версія.
Таксама мы плануем запусціць аплікацыю MolaMola, дзякуючы якой можна будзе адсачыць, колькі грошай пералічана, і будзе бачная далейшая сувязь чалавека і кампаніі. Эмоцыі ад уплыву на свет трэба развіваць і ўзмацняць.
«Я шмат што ўмею. Але я нічым не выбітны»
Пра тое, як ствараць светы
– Я – чалавек, які пакутуе ад жадання задаваць пытанне «чаму?». На пэўным этапе дзеці прымаюць штампы за ісціну. Але я і цяпер працягваю задаваць пытанні.
Любоў да люксавых брэндаў або змены гардэробу многія ўспрымаюць за ісціну. А мне цяжка прымусіць сябе рабіць нешта, калі я не разумею, навошта гэта рабіць. Гэта тычыцца вучобы, працы, усяго. Унутраная перакананасць у праваце нараджаецца ў тым выпадку, калі я магу ў любы момант растлумачыць, чаму мае дзеянні слушныя.
Чалавек – адзіная істота на зямлі, якая можа самастойна напаўняць рэчы сэнсам. І калі ты разумееш гэта – разумееш сваю магчымасць ствараць цэлыя светы. Гаворка ідзе не пра разбурэнне існуючага свету, а пра стварэнне свайго. Што я захачу лічыць важным, тое і будзе для мяне важным.
Я не хачу быць выключна станоўчым або адмоўным персанажам, не хачу быць кніжным чарвяком або тупым спартоўцам. Не хачу разумець мастацтва і не разумець фізіку. Развіваць прагматычныя рэчы і не развіваць духоўныя. Пакідаць сабе толькі мужчынскае і не заўважаць жаночае. Крута спазнаць не полюсы, а наогул усё.
Я шмат што ўмею. Граю на музычных інструментах. Разбіраюся ў механіцы, фізіцы. Я магу выступаць, магу пісаць тэксты, магу спяваць, ствараць бізнэс-мадэлі, займацца маркетынгам. Але я нічым не выбітны.
А можа быць, выбітны – у балансіроўцы. Прырода імкнецца да балансу, але фактарамі звонку баланс парушаецца. Я з'яўляюся спараджэннем той самай прыроды і, па ідэі, павінен адчуваць сябе арганічна, захоўваючы баланс і стрэсуючы з-за таго, што нешта дзесьці пераважвае. Сочыш за ўнутранымі арэлямі: адхіліўся, задумаўся – змяняеш баланс. І застаешся паміж.
Фота: Таня Капiтонава