На месцы «Ў бара» на Кастрычніцкай адкрылася кавярня «Вершы»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.04.2021
- 6946
Па апошнім адрасе культавага «Ў бара» – на Кастрычніцкай, 19 – адкрылася кавярня «Вершы». Яе фішка – сняданкі, якія можна замаўляць цэлы дзень. Пададуць і з кавай, і з ігрыстым.
Тут вырашылі паспрабаваць фармат канструктара – госці могуць самастойна абіраць сняданак са складнікаў: яек у любым выкананні, гародніны, бекону ці ласося, кубка булёну, дранікаў. Можна абраць інгрэдыенты і атрымаць вялікую талерку таго, што любіш. Асноўнае меню паўнавартаснае: у ім і кашы, і супы, і аладкі з беконам і яйкам, і кураня табака з пюрэ. Паводле стваральнікаў сняданкавай, у «Вершах» хацелі зрабіць нешта неспадзяванае. Так, у меню ёсць дранікі са шпротамі, французскі тост з фасоляй у вяршковым соусе, вялікі зялёны бутэрброд, грэчкавая панна-кота.
У інтэр'еры, які перайшоў у спадчыну ад «Ў», вырашылі нічога глабальна не змяняць. Проста «дадалі колераў, святла і ўтульнасці»: упрыгожылі столь акустычнымі панэлямі, сабралі на стэлаж сервізы мам і бабуль, паслалі дываны. Асабліва каштоўны артэфакт – святочны посуд ручнога роспісу «Клюква», што цікава выглядае ў такім урбаністычным па духу месцы.
Не сакрэт, што за новым праектам стаіць Юлія Паланецкая, сузаснавальніца бара «Алкаголі». Мы спыталі ў яе, чым «Вершы» будуць вяртаць менскую публіку на Кастрычніцкую.
Юлія Паланецкая, кіраўніца «Вершаў»
«"Вершы" – гэта месца пра сняданкі, сняданкі ўвесь дзень, сняданкі ў вельмі шырокім сэнсе гэтага слова. Мы стараліся знайсці такія стравы, якія б у горадзе яшчэ не гатавалі, і прапанаваць гасцям адысці ад звыклага разумення сняданку. Няважна, калі ты прачнуўся(-лася) і ці любіш сытна пад'есці альбо абіраеш лёгкую салату. Патрэбны вялікі кубак кавы ці келіх ігрыстага? Усё магчыма! А яшчэ мы хацелі адшукаць тыя самыя смакі дзяцінства: аладачкі, глазураваныя сыркі, – каб пацешыць унутранае дзіця.
"Вершы" для нас – гэта тыя самыя кніжкі з вершыкамі, з персанажамі, на якіх мы выраслі і якія выраслі разам з намі. Цяпер гэтыя "зайчыкі ў трамвайчыку" – з пірсінгам і келіхам віна, а "мядзведзі на лісапеце" – у кепках з паяснымі торбамі.
Гэта прыгожая гісторыя пра тое, што цяпер ты, адклаўшы справы, можаш дазволіць сабе любы сняданак у любы час дня. Гэта гісторыя пра свята кожны дзень, якое плаўна перацякае ў вечарынку з музыкай і, чым чорт не жартуе, танцамі!»
Пакуль «Вершы» працуюць з 10:00 да 23:00 штодзень. Браніраваць сталы не трэба, проста прыходзь па свой сняданак.
Фота: palasatka