Запусціўся анлайн-кінатэатр беларускага кіно
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.02.2023
- 7437
У бэта-рэжыме стартавала платформа беларускага кіно Vodblisk. Нарэшце свой «Нэтфлікс».
На пляцоўцы можна будзе глядзець кіно, якое створана беларускамі і беларусамі, гульнявое і дакументальнае. Новыя стужкі плануюць пабліць на Vodblisk штомесяц. 1 сакавіка стане даступны першы фільм – гэта будзе дэбютная стужка Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса», гісторыя пра бабулю рэжысёра, якая на пенсіі з’ехала ў Крым, а той пасля расійскай анэксіі пераўтварыўся ў іншую планету.
Робіць анлайн-кінатэатр Vodblisk каманда кінафэсту «Паўночнае ззянне». Стваральніца абодвух праектаў Воля Чайкоўская кажа, што ідэя сабраць беларускую кінамедыятэку з’явілася праз тое, што часта «ў свеце не ведаюць не тое каб пра беларускае кіно ў дэталях, але нават пра факт яго існавання. А ахвотныя даведацца элементарна не могуць яго нідзе паглядзець». Vodblisk закрые гэтую патрэбу, а заадно папулярызуе кіно made in Belarus і зробіць імёны нашых фільммэйкераў больш вядомымі.
Прагляд кіно ў 2023 годзе будзе бясплатны для тых, хто цікавіцца беларускім кіно, знаходзячыся ў Беларусі. Беларусам замежжа прапануюць падтрымаць кінаробаў купляй квіткоў па $ 5. Схема такая: рэгіструешся на сайце платформы vodblisk.northernlightsff.com, выбіраеш кіно, набываеш доступ на 30 дзён (час адлічваецца з моманту першага прагляду, і за гэты час можна глядзець кіно не аднаразова, а колькі хочаш).
Публікацыя кожнага фільма будзе суправаджацца публікацыяй (для ўсіх for free) гутаркі з тымі, хто гэты фільм зрабілі. Так гледачы лепей зразумеюць кантэкст і змогуць дыскутаваць пра беларускае кіно абгрунтавана.
Сачыць за апдэйтамі праекта можна ў інстаграме і фэйсбуку.