Брэнд Kardash прадставіў новы патрыятычны дроп
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.01.2021
- 7057
Модны брэнд Kardash прадставіў новы дроп «Freedom Belarus», прысвечаны адважным беларусам. 50% выручкі пойдзе ў фонд салідарнасці.
Світшот, стылізаваны пад афтальмагічную табліцу, прыдуманы ў калабарацыі з ілюстратаркай, якая жыве і працуе ў Францыі. Каштуе абноўка € 97,97. Замовіць можна толькі анлайн на kardash.co. Дастаўляюць па ўсім свеце (па Беларусі ідзе 2-3 дні). Дапоўніць лук можна штанамі ў колер за € 72,97.
Палову прыбытку ад продажу айтамаў брэнд перавядзе ў фонд BYSOL. Летні заводскі дроп у падтрымку бастуючых сабраў на патрэбы пратэстоўцаў $ 3786, але праз яго Вользе і яе мужу давялося пакінуць краіну.
Вольга Кардаш
«Мы разам з мужам вырашылі запусціць працу брэнда на анлайн-платформе. Зарэгістравалі кампанію ў Польшчы. Было складана разбірацца ў законах, але Цэнтр беларускай салідарнасці нас пракансультаваў. У Беларусі мне, прадпрымальніку, які хоча займацца адзеннем, трэба прайсці мноства бюракратычных колаў, часам ты наогул не разумееш, чаму павінна плаціць за гэтую паперку, ты ўвесь час натыкаешся на падводныя камяні. У Польшчы калега мне сказала: “Тут ты проста адкрываеш фірму і працуеш". І гэта сапраўды так, толькі плаці падаткі.
Цяпер мы можам рабіць штукі, якія патэнцыйна не спадабаюцца нашай дзяржаве, але мы можам спакойна тварыць, не думаючы пра наступствы, мы можам натхняць. Мне хочацца выпусціць вялікую новую калекцыю, але пакуль няма магчымасці, таму планую выпускаць свае ідэі маленькімі дропамі.
Галоўная задача для мяне – рабіць не ў лоб, а такую гісторыю, якая і патрыятычная, і пра брэнд "Кардаш": элегантна, універсальна, функцыянальна. Каб не проста ўсе зразумелі, якая ў цябе грамадзянская пазіцыя, а каб світшот быў круты нават для людзей у іншых краінах, якія, можа быць, не разумеюць, што ў нас адбываецца. Мой світшот будзе саграваць беларусаў унутры, і яны будуць атрымліваць ад яго задавальненне».