Фатографаў(-ак) запрашаюць на партфоліа-рэвю
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.08.2019
- 6198
11 верасня ў межах «Месяца фатаграфіі ў Менску» ўпершыню адбудзецца партфоліа-рэвю. Да ўдзелу запрашаюць беларускіх фатографаў(-ак), а таксама мастакоў(-чак), якія працуюць з фатаграфічным медыумам. Падзею прымае галерэя сучаснага мастацтва «Ў».
Партфоліа-рэвю – гэта сустрэча з арт-крытыкамі, куратарамі, дырэктарамі фотафестываляў для абмеркавання сваіх работ. Акрамя экспертнага фідбэку, падзея прываблівае тым, што тут можна панэтворкаць і закінуць вуду на сумесныя праекты ў будучыні.
А эксперты(-кі) хто?
Андрэй Лянкевіч (Беларусь). Удзельнічаў больш чым у 60 персанальных і калектыўных выставах у Еўропе, Азіі і ЗША. Выкладае курсы «Фотажурналістыка» і «Сучасная фатаграфія» ў ЕГУ. З 2014 года ўзначальвае фотафестываль «Месяц фатаграфіі ў Менску».
Вольга Бубіч (Беларусь). Арт-крытыкеса, фатографка, выкладчыца. Рэгулярна публікуецца ў часопісах Bird in Flight, On Air, вядзе штомесячную аўтарскую калонку на сайце Photographer.ru «Заўтрашняя фатаграфія з Вольгай Бубіч». З 2016 да 2017-га з'яўлялася сурэдактаркай рэсурсу пра фатаграфію Bleek Magazine. Удзельніца персанальных і калектыўных выстаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Арменіі, Італіі, Германіі, Нідэрландах.
Кшыштаф Кандровіч (Польшча). Куратар, мастацкі дырэктар Трыенале фатаграфіі ў Гамбургу (Германія), член камітэта фотафестывалю ў Лодзі. Адзін з заснавальнікаў LodzPhotographyFestival, а таксама фонду візуальнага адукацыі і LodzArtZenter.
Арніс Балчус (Латвія). Арганізатар фестывалю Riga Photomonth, галоўны рэдактар часопіса пра фатаграфію Foto Kvartāls. Прымаў удзел у якасці эксперта ў міжнародных партфоліа-рэвю і фатаграфічных конкурсах Prix Pictet, Google Photography Prize, Kaunas Photo Star.
Сымон Менер (Германія). Вучыўся ў Берліне і Чыкага. Сфакусаваны на працы з візуальнай культурай рэпрэсіўных сістэм. Выстаўляўся ў Германіі, Чэхіі, ЗША, Грэцыі, Францыі.
Эмануэль Халкін (Францыя). Куратарка фестывалю Inter Kultur Foto Art, генеральная сакратарка мастацкага камітэту фотафэсту Circulations. Выпускніца Школы Луўра.
Клара Халу (Францыя). Галоўная каардынатарка мастацкага камітэта фотафэсту Circulations, прадакшн-менеджарка ў 104.fr (2016–2018).
Як трапіць на рэвю?
Даслаць CV і прыклады двух фотапраектаў на электронную пошту photographyminsk@gmail.com (трэба пазначыць кантактны тэлефон, e-mail, узровень валодання замежнымі мовамі).
Заяўкі прымаюць да 30 жніўня.
Андрэй Лянкевіч
дырэктар фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Менску»
«Партфоліа-рэвю – гэта перш за ўсё асабістае знаёмства ў экспрэс-рэжыме з экспертамі са свету фатаграфіі, якія змогуць дапамагчы развіць кар'еру, скарэктаваць фотапраект, абмеркаваць першыя фатаграфічныя вынікі. Гэта вопыт самапрэзентацыі за абмежаваны прамежак часу, калі вам неабходна расставіць прыярытэты ва ўласных праектах».