Аўкцыён дня: мастакі – медыкам
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.04.2020
- 7268
Беларускія мастакі сумесна з дошкай аб’яў «Куфар» запусцілі дабрачынны аўкцыён «Дзякуй!». Усе да капейкі сродкі, што будуць атрыманыя тут ад продажу карцін, накіруюць на падтрымку беларускім медыкам, якія зараз змагаюцца з вірусам COVID-19.
Зараз на аўкцыён выстаўленыя больш за 200 лотаў. Удзельнічаюць больш за 100 мастакоў і мастачак. Сярод іх – Леся Пчолка, Максім Бародзіч, Васіліса Паляніна, Руслан Вашкевіч, Андрэй Анро, Ілона Касабука, Алег Ладзісаў, Уладзімір Кандрусевіч, Жанна Капуснікава, Марыта Голубева, Сяргей Балёнак, Светаўлад Палачыч, Рыгор Іваноў, Лена Гіль, Уладзімір Клімушка, Павел Татарнікаў, Ала Савашэвіч, Сямён Маталянец, Аляксей Кузьміч, Андрэй Басалыга, Вольга Нікішына, Уладзімір Грамовіч, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Бельскі, Сяргей Міхаленка. Арганізатарамі аўкцыёну выступілі мастак Руслан Вашкевіч і арт-ідэалагіня Аліна Саўчанка.
Знойдуцца работы на любы густ: жывапіс, акварэль, графіка, фатаграфія, скульптура, дэкаратыўна-прыкладныя аб’екты. Самы танны лот на старце – «Менск» Таццяны Касяк, лічбавы друк, 20 рублёў; самы дарагі – «Мая Мадонна» ад Аляксея Кузьміча, гэта карціна яго бацькі – Аляксея Васільевіча, палатно, алей, 4930 рублёў.
Каб зрабіць стаўку, трэба пакінуць асабістае паведамленне прадаўцу на старонцы лота. Лот застанецца за тым ці той, хто зробіць самую высокую стаўку на момант заканчэння таргоў. Калі два пакупнікі зробяць аднолькавыя стаўкі, перамога будзе за тым або той, хто напісаў(-ла) першым(-ай). Атрымаць выкуплены твор можна будзе пасля залічэння выніковай сумы на рахунак дабрачыннай кампаніі ў падтрымку любога праекта дапамогі медыкам або медычнай установе Беларусі.
Аўкцыён закрыецца 22 красавіка ў 10:00.
На тытуле: «Сладкий сон» Бурко-Дземiдзюк Анастасiя ; на цізеры: «Внутренние дворы» Усевалад Швайба